Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Паліну Піткевіч судзяць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні»


Паліна Піткевіч, архіўнае фота
Паліна Піткевіч, архіўнае фота

7 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца працэс над журналісткай Палінай Піткевіч, якую затрымалі ў чэрвені 2024 году.

Як паведамляе «Вясна», Паліну Піткевіч судзяць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Уваходжаньне ў склад экстрэміскага фармаваньня»), ёй пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Паліну Піткевіч затрымалі ў Менску ў чэрвені 2024 году і з таго часу ўтрымліваюць пад вартай у менскім СІЗА-1. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, прычынай перасьледу магло стаць тое, што напярэдадні КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» праект MediaIQ, які «Прэс-клюб» арганізаваў для павышэньня мэдыйнай асьветы (у паведамленьні спэцслужбы згадвалася імя Паліны Піткевіч як удзельніцы праекту).

Паліне Піткевіч 30 гадоў. У 2016 годзе яна скончыла факультэт журналістыкі БДУ, як журналістка пісала на тэмы культуры ў розныя выданьні, спрабавала сябе як літаратарка. У межах конкурсу маладых аўтараў быў надрукаваны яе твор «Нырэц па пэрліны». Таксама яна друкавалася ў часопісе «Маладосць». Яшчэ пра Паліну вядома, што яна захаплялася тэатрам і як акторка грала ў «Лябараторыі сацыяльнага тэатру».

Праваабаронцы прызналі Паліну Піткевіч палітычнай зьняволенай.

Судзіць Паліну будзе Сьвятлана Чарапанава, якая ў 2023 годзе асудзіла на 5 гадоў зьняволеньня палітвязьня Глеба Гладкоўскага, вядомага арганізатара аэраздымак праз квадракоптар. Годам раней судзьдзя Чарапанава зацьвердзіла вырак журналісту і футбалісту каманды «Крумкачы» Аляксандру Івуліну, цяпер ужо былому палітвязьню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG