Супрацоўніцу «Пеленга» будуць судзіць
Супрацоўніцу «Пеленга» Ірыну Суржык будуць судзіць за «заклікі да прычыненьня шкоды Беларусі», піша «Наша ніва».
Вядома, што Ірына Суржык зь Менску, вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце. Больш за 15 гадоў Ірына працуе на ААТ «Пеленг» — найбуйнейшым праектна-канструктарскім прадпрыемстве аптычна-электроннай прамысловасьці. Апошнім часам была інжынэрам-канструктарам 1 катэгорыі ў навукова-канструктарскім упраўленьні. Імаверна, жанчыну затрымалі падчас аблавы сілавікоў на «Пеленг», якая пачалася мінулым летам.
Працэс над Ірынай пачынаецца 12 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе. Жанчыну абвінавачваюць у «закліках да прычыненьня шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Судзьдзя — Сьвятлана Макарэвіч.
Нядаўна асудзілі яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» — 29-гадовую Карыну Праташчык. Ёй па тым жа артыкуле прысудзілі 2 гады калёніі.
У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 прозьвішча — цяпер у ім 4990 чалавек
28 лютага МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Сярод іншых, у сьпіс дадалі былога старшыню Віцебскага падразьдзяленьня БНФ Ёсіфа Дулебу, былога інспэктара Службы бясьпекі аэрапорта «Менск-2» Анатоля Крупіна, а таксама 71-гадовага Пятра Філіповіча.
Вэтэрынара са Смалявічаў абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага» фармаваньня і закліках да санкцый
6 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе працягнуць разгляд крымінальнай справы супраць 42-гадовага вэтэрынара са Смалявіч Арцёма Кухаронка.
Кухаронка абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага» фармаваньня альбо ўдзеле ў ім (частка 3 артыкула 361-1 КК), распальваньні варожасьці (частка 1 артыкула 130 КК), садзейнічаньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці (частка 1 і частка 2 артыкула 361-4 КК), абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК), закліках да санкцый (частка 3 артыкула 361 КК).
Арцём вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, вынікае з інфармацыі Digital intelligence team, прадстаўленай «Нашай Ніве».
Працаваў вэтэрынарным лекарам, выкладчыкам у Смалявіцкім сельскагаспадарчым каледжы, тэхнікам. Таксама ён дырэктар вэтэрынарнай фірмы «ХімВет».
Форум