Пра гэта паведамляе партал Delfi.lv. Забарона ухваленая з мэтай мінімізацыі рызык магчымых парушэньняў правоў чалавека для грамадзян Латвіі, а таксама для таго, каб не дапусьціць іх вэрбаваньня, паведамілі аўтары законапраекту.
«Мы ня можам дапусьціць, каб турапэратары па-ранейшаму арганізоўвалі забаўляльныя паездкі і вазілі поўныя аўтобусы нашых грамадзян у краіны, якія бяз сораму выказваюць жаданьне акупаваць Латвію», — заявіў Гаціс Ліепіньш, дэпутат партыі «Новага адзінства», якая ініцыявала прыняцьце адпаведных паправак.
Раней у Саэйме Латвіі ўхвалілі прапанову забараніць пастаўшчыкам турыстычных паслуг рэклямаваць паездкі ў Беларусь і Расею.
Паводле пададзенага законапраекту, Кабінэт міністраў Латвіі павінен да 17 сакавіка падрыхтаваць распараджэньне аб закрыцьці памежных пунктаў для грамадзкага пасажырскага транспарту.
Латвія ўваходзіць у лік краін, грамадзянам якіх дазволены бязьвізавы ўезд у Беларусь.
- З 16 ліпеня 2024 году Латвія забараніла заезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі праз памежныя пункты пропуску. Такую ж меру, хоць і з агаворкамі, з 18 ліпеня прыняла Літва, а ўсьлед за імі і Эстонія. Прычына забароны — узмацненьне санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі.
- З 1 студзеня 2025 году Латвія ўвяла абмежаваньне на ўвоз паліва для грузавікоў, якія едуць зь Беларусі і Расеі, таксама для ўезду ў краіну цяпер неабходна дэкляраваць транспарт.
- Паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 36 грамадзян замежных краін утрымліваюць у беларускіх вязьніцах з палітычных прычын.
- Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады, паводле зьвестак праваабаронцаў, трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Грамадзяне Эстоніі ў апошняй справаздачы праваабаронцаў ня згадваліся, але зьвесткі праваабаронцаў могуць быць няпоўныя.
Форум