Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: Гардон адказаў за «экстрэміста». Рэдказёмы ў Гомлі. Вярхоўны камісар ААН едзе ў Беларусь?

абноўлена

Вядучы Дзьмітро Гардон, палітоляг Роза Турарбекава, хімік Сяргей Бесараб, палітоляг Яўген Магда. «ПіК Свабоды», ілюстрацыйны каляж
Вядучы Дзьмітро Гардон, палітоляг Роза Турарбекава, хімік Сяргей Бесараб, палітоляг Яўген Магда. «ПіК Свабоды», ілюстрацыйны каляж

Што стаіць за пагадненьнем аб рэдказямельных мэталах, якое рыхтуецца паміж ЗША і Ўкраінай, і ці ёсьць падобныя карысныя выкапні ў Беларусі? Якая роля Беларусі на чацьвертым годзе вайны Расеі супраць Украіны? Як Гардон адрэагаваў на тое, што ў Беларусі ягоныя сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі»?

Ці прыедзе ў Менск Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека на запрашэньне кіраўніка МЗС Рыжанкова? Пра гэта гаворым у жывым этэры з экспэртамі з Украіны і Беларусі — палітолягам і гісторыкам Розай Турарбекавай і ўкраінскім палітолягам, дырэктарам Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўгенам Магдам. Прагучыць экспэртная ацэнка навукоўца, хіміка Сяргея Бесараба пра рэдказямельныя мэталы ва Ўкраіне, Беларусі і сьвеце.

Глядзіце размову на відэа цалкам:

Тут фрагмэнты гутаркі:

— Украіна і ЗША дамовіліся пра пагадненьне, якое дазволіць Злучаным Штатам атрымаць доступ да ўкраінскіх прыродных рэсурсаў, на фоне дыпляматычных намаганьняў спыніць трохгадовую поўнамаштабную вайну Расеі супраць Кіева. Цяперашняе пагадненьне ня ўтрымлівае канкрэтных гарантый бясьпекі ЗША для Ўкраіны, што зьяўляецца ключавым патрабаваньнем Кіева. У пагадненьні таксама не ўдакладняецца, ці будуць ЗША працягваць пастаўкі вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў ва Ўкраіну. Але там гаворыцца, што ЗША «падтрымліваюць намаганьні Ўкраіны атрымаць гарантыі бясьпекі» і што Вашынгтон «будзе захоўваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязаньні па разьвіцьці стабільнай і эканамічна квітнеючай Украіны». Якім чынам вы ацэньваеце гэтае пагадненьне і тое, якім чынам ідуць перамовы па ім, якім чынам яно мяняецца?

Яўген Магда: Што да зьменаў, я думаю, яны пазытыўныя, таму што адміністрацыя Трампа хацела адразу атрымаць ад Украіны ўсё што можна... Але гэтага не адбылося, і я думаю, што дакумэнт, які падпішуць заўтра, відавочна, у прысутнасьці Ўладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа, выклікае ў мяне сумневы, што гэты дакумэнт падпішуць прэзыдэнты. Ну, трохі ня тое напаўненьне. То бок гэта дакумэнт, які абазначае сабой новую эру ўкраінска-амэрыканскіх адносін, паколькі цяпер Злучаныя Штаты з стратэгічнага саюзьніка Ўкраіны становяцца афіцыйным пасярэднікам. І яны дэманструюць і дэкляруюць імкненьне за гэтае пасярэдніцтва атрымліваць плату. Плату ў выглядзе, як кажа Трамп, грошай, якія былі выдаткаваныя на пастаўку зброі ва Ўкраіну...

Але сказаць, што Злучаныя Штаты адразу атрымаюць усё, што яны хочуць, — я думаю, не, гэтага ня будзе, і нас чакаюць даволі доўгія перамовы. Адна з галоўных праблем — гэта тое, што і Расея прапанавала Трампу ўдзельнічаць у здабычы рэдказямельных мэталаў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, якія былі незаконна ўключаныя ў склад Расеі ў 22-м годзе. Калі адміністрацыя Трампа на гэта пагодзіцца, то гэта будзе сур’ёзны ўдар ня толькі па Ўкраіне, але і па ўсім сусьветным парадку, бо наймагутнейшая дзяржава сьвету фактычна пагодзіцца дэ-факта зь незаконнай акупацыяй найбуйнейшай у сьвеце тэрыторыі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Роза Турарбекава: Мы пакуль яшчэ ня можам дэталёва аналізаваць тое, што не падпісана. Сапраўды, яшчэ зарана гаварыць пра зьмест гэтага дакумэнта. У мяне ёсьць сумневы наконт матываў адміністрацыі Дональда Трампа: ці сапраўды яны хочуць дапамагчы? То бок — што знаходзіцца на першым месцы? Дапамога ці іншыя мэты? Гэта першае. Другое — гэтае пагадненьне хутчэй зьяўляецца вынікам прынцыповай пазыцыі Зяленскага, чым непасрэдна пазыцыі Дональда Трампа. Першапачатковы варыянт, які быў прапанаваны Дональдам Трампам Зяленскаму, быў, шчыра кажучы, такога імпэрыялістычна-рабавальніцкага кшталту. Таму што, калі судзіць па тых працэнтах, якія прапаноўваліся, гэта вельмі нагадвала тое, што ў свой час падпісвала Брытанская імпэрыя з арабскімі партнэрамі яшчэ да пяцідзясятых-шасцідзясятых гадоў ХХ стагодзьдзя.

І было відавочна, што яны выступалі з пазыцыі сілы, і супрацьлеглы бок перамоваў фактычна ня меў іншага выбару, як згаджацца на такія несправядлівыя ўмовы, таму што ў яго не было ні тэхнічных, ні фінансавых магчымасьцяў. Вось калі я ўбачыла ўсе гэтыя лічбы ў першапачатковым пляне, першае, што прыйшло на думку, — гэта менавіта такія дастаткова каляніяльныя імпэрыялістычныя дакумэнты або дамовы, якія Брытанская імпэрыя прапаноўвала ў ХХ стагодзьдзі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG