Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаворыцца ў пагадненьні ЗША і Ўкраіны аб карысных выкапнях, і што яно значыць


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 26 лютага 2025
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 26 лютага 2025

Украіна і ЗША дамовіліся пра пагадненьне, якое дазволіць Злучаным Штатам атрымаць доступ да ўкраінскіх прыродных рэсурсаў, на фоне дыпляматычных намаганьняў спыніць трохгадовую поўнамаштабную вайну Расеі супраць Кіева.

Пагадненьне, копію якога атрымала Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, не закранае некаторых ключавых пытаньняў і пакідае большасьць дэталяў на вырашэньне ў будучым дадатковым пагадненьні.

Цяперашняе пагадненьне ня ўтрымлівае канкрэтных гарантый бясьпекі ЗША для Украіны, што зьяўляецца ключавым патрабаваньнем Кіева. У пагадненьні таксама не ўдакладняецца, ці будуць ЗША працягваць пастаўкі вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў ва Ўкраіну. Але там гаворыцца, што ЗША «падтрымліваюць намаганьні Ўкраіны атрымаць гарантыі бясьпекі».

У ім таксама гаворыцца, што Вашынгтон «будзе захоўваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязаньні па разьвіцьці стабільнай і эканамічна квітнеючай Украіны».

Тэкст пагадненьня пачынаецца з таго, што Вашынгтон «забясьпечыў значную фінансавую і матэрыяльную падтрымку Ўкраіне пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі».

Але ў ім ня згадваецца патрабаваньне Вашынгтона аб праве на 500 мільярдаў долараў патэнцыйнага даходу ад доступу да мінэральных рэсурсаў Украіны, што было заўважана ў папярэднім праекце зьдзелкі.

Гэта быў пункт, які прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі неаднаразова называў непрымальным.

Акрамя агульных заяваў, асноўная частка пагадненьня тычыцца стварэньня сумеснага інвэстыцыйнага фонду рэканструкцыі. Украіна пагадзілася ўкладваць у фонд 50 працэнтаў будучых даходаў ад прыродных рэсурсаў, якія належаць дзяржаве.

У пагадненьні гаворыцца, што гэта датычыцца карысных выкапняў, нафты і газу, а таксама адпаведных даходаў ад тэрміналаў і партоў звадкаванага прыроднага газу (СПГ).

У пагадненьні таксама адзначаецца, што «такія будучыя крыніцы даходаў не ўключаюць цяперашнія крыніцы даходаў, якія ўжо ўваходзяць у склад агульных даходаў бюджэту Ўкраіны».

Грошы з фонду будуць рэінвэставаць ва Ўкраіну «мінімум штогод».

Пытаньні без адказу

Шмат пытаньняў застаецца без адказу. У цяперашнім пагадненьні гаворыцца, што гэтыя пытаньні будуць разгледжаны ў будучым пагадненьні, перамовы па якім працоўныя групы пачнуць «неадкладна».

Сярод гэтых ключавых момантаў — тое, як будзе разьмяркоўвацца сумесная ўласнасьць фонду. Магчыма, што гэта будзе ня проста 50-50. Падрабязнасьці «кіраваньня і працы» фонду таксама яшчэ не вырашаны.

У зьдзелцы гаворыцца, што ні адзін з бакоў ня можа «прадаваць, перадаваць або іншым чынам распараджацца» любой часткай фонду бяз згоды іншага боку. Іншымі словамі, ні адзін з бакоў ня можа выйсьці зь фонду ў аднабаковым парадку.

У пагадненьні гаворыцца, што яно падлягае зацьвярджэньню парлямэнтам Украіны, Вярхоўнай Радай, але ня згадваецца падпісаньне Кангрэсам ЗША.

Украінскі заканадаўца Багдан Кіцак з кіруючай партыі Зяленскага «Слуга народу» заявіў украінскай службе Радыё Свабода, што ўгода прынесла патэнцыйныя выгады для эканомікі.

«Гэта патрабуе вялікай колькасьці спэцыялістаў, навуковых дасьледаваньняў і зьяўленьня новых тэхналёгій», — сказаў ён, дадаўшы, што амэрыканскія інвэстыцыі могуць стварыць «новую эканоміку».

Былы дарадца Зяленскага па эканамічных пытаньнях Алег Усьценка заявіў Радыё Свабода, што «сымболіка адыгрывае тут большую ролю, чым фінансавыя і эканамічныя пытаньні».

Для прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа гэта можа стаць палітычнай перамогай. Ён моцна настойваў на зьдзелцы, і цяпер ён яе атрымаў.

Зяленскага чакае спрэчка наконт дэталяў. На гэты момант пагадненьне магло б зьмякчыць жорсткія публічныя разыходжаньні, у выніку якіх Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG