Міністэрства інфармацыі Беларусі за 2024 год заблякавала больш як 3150 інтэрнэт-рэсурсаў «дэструктыўнай накіраванасьці», заявіў журналістам міністар інфармацыі Марат Маркаў, піша БЕЛТА.
Паводле Маркава, за апошнія 10 гадоў агулам заблякавалі каля 15 тысяч такіх рэсурсаў. На думку міністра, гэтая «сур’ёзная лічба» сьведчыць пра тое, што «ўвага да Беларусі з боку апанэнтаў ня зьменіцца» і што «ўкладаюцца мільёны і мільярды ў тое, каб расхістаць сытуацыю ў Беларусі», але краіна гэтаму «эфэктыўна супрацьстаіць».
«Дэструктыўнымі» ўлады называюць рэсурсы, дзе публікуецца інфармацыя і выказваюцца думкі, якія супярэчаць афіцыйнай палітыцы рэжыму Лукашэнкі і дзяржаўнай прапагандзе.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году большасьць апазыцыйных і незалежных СМІ прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» і заблякавалі. Шэраг журналістаў затрымалі і асудзілі ў крымінальных справах (цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 40 супрацоўнікаў мэдыя), іншыя вымушана зьехалі за мяжу ў сувязі з пагрозай перасьледу.
«Экстрэмісцкімі» матэрыяламі і фармаваньнямі прызналі сотні тэлеграм-каналаў, групаў і суполак у сацыяльных сетках.
Пасьля здушэньня масавых пратэстаў 2020 году ў Беларусі пачалі масава судзіць людзей за камэнтары ў інтэрнэце, перапосты і падабайкі пад матэрыяламі на «палітычныя» тэмы, за фота і выявы бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні і інш.
За выказваньне ў інтэрнэце сваёй думкі ў Беларусі можна трапіць як пад адміністрацыйны, так і пад крымінальны перасьлед.
З пачатку 2024 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ініцыявала абмежаваньне доступу яшчэ да 84 інтэрнэт-рэсурсаў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум