Бізнэсоўца з Горадзеншчыны будуць судзіць за «паклёп» на Лукашэнку
Жыхара Горадні Віталя Пятрэнку пачынаюць судзіць 10 сакавіка ў Горадзенскім абласным судзе. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў: «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 КК) і «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Судзьдзя — Мікалай Рачынскі, піша «Вясна».
Віталю Пятрэнку 46 гадоў. Паводле зьвестках з сацсетак, ён родам з Горадзеншчыны, зь Міратычаў Карэліцкага раёну. Мае жонку і дзіця. Віталь займаецца будаўнічым бізнэсам, з 2018 году ўзначальвае кампанію «Эўрапейскія будаўнічыя тэхналёгіі».
Невядома, калі Віталя затрымалі, але сацсеткі перасталі абнаўляцца ў сярэдзіне верасьня 2024 году, піша «Наша ніва».
«Экстрэмісцкай» прызналі старонку журналісткі Алены Чарняўскай у Instagram
Адпаведнае рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менска 25 лютага.
Таксама «Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі старонкі ў Instagram «Асацыяцыя Палітвязьняў Беларусі» і «Чаты 97%», старонкі ў «Аднаклясьніках» «Зьмiцер Кайтанаў», «ИННА БОРИСЕВИЧ», «Виталий Казимир», «Беларусь-Украина за мир!», «Беларусь-Польша-Украина-Литва», а таксама Telegram-канал «ГРИФОН501».
КДБ дадала ў «экстрэмісцкі сьпіс» яшчэ тры прозьвішчы
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы 3 чалавек. Сярод іх Павал Шорахаў, Аляксандар Судніковіч, Антон Ільін.
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1250 чалавек, зь іх больш за 550 — беларусы.
Палітзьняволенага грамадзяніна Армэніі судзяць за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» ваўкавыскай калёніі
51-гадовага жыхара Віцебску і грамадзяніна Армэніі Ярванда Марцірасяна асудзілі летась на 2 гады калёніі за «абразу Лукашэнкі».
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзелу Дэпартамэнту аховы неаднаразова нэгатыўна выказаўся на адрас Лукашэнкі.
У кастрычніку мінулага году мужчыну адправілі адбываць тэрмін у калёнію № 11 у Ваўкавыску.
27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну пачаўся разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс узначаліла Ганна Каралевіч, паведамляюць праваабаронцы.