Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі ўкраінскага журналіста Гардона, які браў інтэрвію ў Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітро Гардон у часе інтэрвію. Менск, 5 жніўня 2020
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітро Гардон у часе інтэрвію. Менск, 5 жніўня 2020

Пазьней Аляксандар Лукашэнка назваў украінскага журналіста Дзьмітра Гардона «мярзотнікам» і прапанаваў пасадзіць яго ў СІЗА за балбатлівасьць.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што суд Цэнтральнага раёну Менску сваім рашэньнем прызнаў «экстрэмісцкімі» сацсеткі ўкраінскага журналіста Дзьмітра Гардона, які за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году браў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьмітро Гардон — журналіст і тэлевядоўца, былы дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады. Стваральнік інтэрнэт-выданьня «Гордон» і газэты «Бульвар Гордона». Ён вядомы як інтэрвіюер, які выпусьціў больш за 1100 інтэрвію зь вядомымі людзьмі, у тым ліку з Расеі. На ягоны ютуб-канал падпісаныя больш за 3 мільёны чалавек.

5 жніўня 2020 году Дзьмітро Гардон узяў у Менску інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі. Адразу пасьля інтэрвію ён наступным чынам пракамэнтаваў яго Свабодзе:

«Выглядае вельмі добра. Вельмі добра размаўляе. Інтэрвію было нечакана рэзананснае, сьмелае, цікавае. Ён агучыў цэлы шэраг сэнсацыйных фактаў. Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае. Ён сказаў, што перахварэў на каранавірус, перанёс на нагах. Мы дэзынфікавалі зь ім некалькі разоў рукі».

Пазьней Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 9 жніўня 2021 году назваў украінскага журналіста Дзьмітра Гардона «мярзотнікам» і прапанаваў пасадзіць Гардона ў СІЗА за неабгрунтаваную балбатлівасьць.

Украінскі журналіст Дзьмітро Гардон такім чынам тады пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі:

«Я ня думаў, што вы пратрымаецеся год. Вы пратрымаліся год, гэта дзіўная гісторыя. Я думаў, што вас зьмятуць, зьнясуць, але, на жаль, беларусы аказаліся не такімі рашучымі, як украінцы», — заявіў журналіст.

У лютым 2024 году другі Заходні акруговы вайсковы суд у Маскве завочна прысудзіў украінскаму журналісту Дзьмітру Гардону 14 гадоў пазбаўленьня волі за распаўсюд «недакладных зьвестак пра дзеяньні расейскіх вайскоўцаў і заклік прэзыдэнту ЗША Джона Байдэну нанесьці ядзерны ўдар па Расеі».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG