56-гадовага Гардона абвінавацілі ў закліках да тэрарызму, у распаўсюджваньні фэйкаў пра расейскую армію і ўзбуджэньні нянавісьці і варожасьці.
Згодна з прысудам, у сакавіку 2022 году Гардон у роліках на Youtube распаўсюдзіў недакладныя зьвесткі пра дзеяньні расейскіх вайскоўцаў і заклікаў прэзыдэнта ЗША Джона Байдэна нанесьці ядзерны ўдар па Расеі, паведамляе расейскае агенцтва ТАСС.
Гардон пракамэнтаваў прысуд у тэлеграме эмоджы з блазнам.
Гардон — журналіст і тэлевядоўца, былы дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады. Стваральнік інтэрнэт-выданьня «Гордон» і газэты «Бульвар Гордона». Ён вядомы як інтэрвіюер, які выпусьціў больш за 1100 інтэрвію зь вядомымі людзьмі, у тым ліку з Расеі. На ягоны ютуб падпісаныя больш за тры мільёны чалавек.
5 жніўня 2020 году Дзьмітрый Гардон узяў у Менску інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі. Адразу пасьля інтэрвію ён наступным чынам пракамэнтаваў яго Свабодзе: «Выглядае вельмі добра. Вельмі добра размаўляе. Інтэрвію было нечакана рэзананснае, сьмелае, цікавае. Ён агучыў цэлы шэраг сэнсацыйных фактаў. Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае. Ён сказаў, што перахварэў на каранавірус, перанёс на нагах. Мы дэзынфікавалі зь ім некалькі разоў рукі».
Пазьней Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 9 жніўня 2021 году назваў украінскага журналіста Дзьмітрыя Гардона «мярзотнікам» і прапанаваў пасадзіць Гардона ў СІЗА за неабгрунтаваную балбатлівасьць.
Украінскі журналіст Дзьмітры Гардон такім чынам тады пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі:
- «Я ня думаў, што вы пратрымаецеся год. Вы пратрымаліся год, гэта дзіўная гісторыя. Я думаў, што вас зьмятуць, зьнясуць, але, на жаль, беларусы аказаліся не такімі рашучымі, як украінцы», — заявіў журналіст.
Форум