Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі выставілі на аўкцыён аўтамабіль украінкі, якую па абмене вызвалілі зь беларускай турмы


Натальля Захаранка адразу пасьля абмену палоннымі. Скрышнот зь відэа Ўкраінскай службы Радыё Свабода
Натальля Захаранка адразу пасьля абмену палоннымі. Скрышнот зь відэа Ўкраінскай службы Радыё Свабода

Гомельскі філіял дзяржаўнага прадпрыемства «БелЮрЗабесьпячэньне» выставіў на аўкцыён мінівэн Mercedes-Benz Vito з украінскімі нумарамі, які належыць раней асуджанай у Беларусі па абвінавачаньні ў шпіянажы жыхарцы Чарнігава Натальлі Захаранцы, заўважыла выданьне «Флагшток».

Захаранку летась асудзілі ў Беларусі па абвінавачаньні ў шпіянажы на 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй аўтамабіля, але пазьней вызвалілі ў складзе групы ўкраінцаў у рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай.

З аўкцыёну спрабавалі прадаць канфіскаваны ў Захаранкі аўтамабіль. За мінівэн 2008 году выпуску дзяржава хацела атрымаць як мінімум 38,2 тысячы рублёў (12 тысяч даляраў) — такая стартавая цана была пададзеная на аўкцыёне.

Таргі праводзілі 25 лютага, але аўкцыён не адбыўся. Прычынай пазначана тое, што толькі «адзіны ўдзельнік даў згоду на пакупку».

  • Натальля Захаранка — прадпрымальніца, у 2022–2023 годзе яна практычна штомесяц езьдзіла ў беларускі Мазыр праз Польшчу. Перавозіла людзей, дакумэнты, рэчы. Мяжа Беларусі з Украінай пасьля ўварваньня Расеі закрытая, таму паслугі Натальлі карысталіся попытам. Яна часта вывозіла беларусаў ва Ўкраіну, да сваякоў, а таксама дапамагала ўкраінцам выяжджаць зь Беларусі. Практычна год беларускія ўлады ня мелі да Натальлі прэтэнзій. Але ў ліпені 2023 году яна раптам зьнікла ў Мазыры і знайшлася ў гомельскім СІЗА.
  • На пачатку сакавіка 2024 году Анатоль Сотнікаў, прызначаны Лукашэнкам на пасаду судзьдзі ў Гомель, прызнаў Натальлю Захаранку вінаватай у «агентурнай дзейнасьці» і прысудзіў ёй 9 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй аўтамабіля. Суд быў закрыты. Праваабаронцы прызналі Захаранку палітзьняволенай. Яе сяброўку з Мазыра Ларысу Крупу Сотнікаў тады назваў вінаватай у неданясеньні аб злачынстве і загадаў спагнаць зь яе штраф памерам 4 тысячы рублёў.
  • У ліпені 2024 году Ўкраіна і Расея чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі. У рамках гэтага абмену вызвалілі дзесяць украінцаў, пяцёра зь якіх знаходзіліся ў беларускіх турмах. Сярод вызваленых была і жыхарка Чарнігава Натальля Захаранка.

Свабода раней расказвала гісторыю Натальлі Захаранкі:

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG