Увага да беларусаў, якія атрымалі шэнген ці хочуць гэта зрабіць, узмацняецца. Апошнім часам з амбасадаў некаторых краін сталі часьцей тэлефанаваць беларусам, што атрымалі шэнген, з просьбай пацьвердзіць замову гатэля. Калі чалавек гэтага ня зробіць, візу могуць ануляваць. Падрабязнасьці высьветліла выданьне «Люстэрка».
Яшчэ ў сьнежні 2024 году супрацоўнікі візавага цэнтру Польшчы пачалі тэлефанаваць тым, хто запісаўся на падачу ў Менскай консульскай акрузе. Людзей запытвалі, як яны трапілі ў чаргу на падачу дакумэнтаў на візу, і прасілі назваць код, які чалавеку тут жа адпраўлялі на электронную пошту. Тым, хто скарыстаўся дапамогай агенцтваў, і тым, хто ня мог назваць дасланы на пошту код, рэгістрацыю анулявалі.
У сярэдзіне студзеня стала вядома пра выпадкі, калі амбасады — у прыватнасьці, баўгарская, вугорская і грэцкая — анулявалі беларусам шэнгенскія візы, калі даведваліся, што пасьля атрыманьня візы чалавек адмяніў броню гатэля, якую паказваў пры падачы дакумэнтаў.
Днямі стала вядома, што беларусам, які атрымалі грэцкі шэнген, усё часьцей сталі званіць з консульства гэтай краіны. Падчас размовы ў чалавека просяць выслаць на электронную пошту чэк аплаты гатэля. Калі ён гэтага ня робіць, візу анулююць у аднабаковым парадку. Тое самае адбываецца, калі консульства не змагло зьвязацца з турыстам.
Паводле візавай экспэрткі і рэдактаркі visaflow.live Анастасіі Лысакоўскай, тэлефануюць і тым, у каго ўжо раней быў грэцкі шэнген, і тым, хто атрымаў яго ўпершыню. Яна заўважыла пэўную заканамернасьць у тым, што людзі, зь якімі зьвязваліся, за некалькі дзён да гэтага адмянялі броню гатэляў. Экспэртка мяркуе, што консульства магло ўдакладніць інфармацыю пра броню ў самім гатэлі ці спраўдзіць рэзэрвацыю на сайце: падаючыся на візу, чалавек пазначае, дзе плянуе спыніцца.
Што такая практыка ануляваньня візаў існуе, «Люстэрку» пацьвердзіла амбасада Баўгарыі ў Беларусі.
«Так, бываюць выпадкі адмены візаў. Прычына гэтага ў тым, што грамадзяне не выконваюць палажэньні Візавага кодэксу, — гаворыцца ў адказе амбасады Баўгарыі.
Падрабязнасьцяў дыпляматы не раскрылі. Верагодна, у такім выпадку краіна дзейнічае паводле арт. 34 Візавага кодэксу Эўразьвязу, дзе прапісана права ануляваць шэнген «у выпадку, калі выяўлена, што ўмовы выдачы перасталі выконвацца», адзначае выданьне.
Як адказалі ў амбасадзе Баўгарыі, факты ануляваньня броні гатэля «ўстанаўліваюцца з дапамогай праверак». Пасьля гэтага амбасада прымае рашэньне аб ануляваньні візы і паведамляе пра гэта заяўніку.
Інфармацыю аб ануляваньні візы звычайна адпраўляюць на электронную пошту, указаную ў анкеце на атрыманьне візы, патлумачылі ў амбасадзе. У ёй пазначаюцца падставы ануляваньня візы. Калі адрас электроннай пошты ў анкеце не пазначаны, заяўніку паведамляюць праз тэлефон. Бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі шмат разоў набіралі нумар і не маглі датэлефанавацца. Верагодна, тады чалавек даведваецца пра ануляваньне візы ўжо на мяжы.
На пытаньне, ці пагражае штраф турысту, які адмяніў броню гатэля і праз гэта страціў візу, у амбасадзе Баўгарыі адказалі, што не пагражае. Таксама няма перашкодаў, каб пасьля гэтага падаваць дакумэнты на шэнгенскую візу паўторна ў гэтую ж амбасаду, «калі выкананыя ўмовы для падачы», адзначылі ў амбасадзе Баўгарыі.
Форум