Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам забаранілі мець крыптакашалькі ў краінах Эўразьвязу. Ці закране гэта беларусаў замежжа


Адна з найбольш вядомых крыптавалютаў Bitcoin, ілюстрацыйнае фота
Адна з найбольш вядомых крыптавалютаў Bitcoin, ілюстрацыйнае фота

З 24 лютага 2025 году набыў моц новы пакет санкцыяў Эўразьвязу, які, сярод іншага, уводзіць для беларусаў абмежаваньні на наданьне паслуг па стварэньні крыптавалютных кашалькоў і захоўваньні крыптавалютаў. Новыя абмежаваньні прааналізавалі юрысты Revera.

Юрысты адзначаюць, што пад абмежаваньні падпадае аказаньне паслуг па стварэньні і абслугоўваньні крыптакашалькоў, іншых уліковых запісаў або паслуг па захоўваньні крыптавалют.

Абмежаваньні распаўсюджваюцца на грамадзян Рэспублікі Беларусь, фізычных асобаў, якія пражываюць у Беларусі, а таксама на юрыдычныя асобы і арганізацыі, зарэгістраваныя ў Беларусі — прычым незалежна ад сумы сродкаў на кашальку ці рахунку.

Фактычна забарона на стварэньне ўліковых запісаў цягне за сабой немагчымасьць праводзіць любыя апэрацыі, зьвязаныя з набыцьцём, абменам, адчужэньнем токенаў на эўрапейскіх крыптабіржах, тлумачаць юрысты. Яны мяркуюць, што з моманту ўвядзеньня абмежаваньняў адмаўляць у аказаньні любых паслуг беларускім карыстальнікам будуць крыптапляцоўкі, якія вядуць дзейнасьць у Эўразьвязе — як па ліцэнзіі MiCA (у прыватнасьці, біржа OKX), так і па нацыянальных эўрапейскіх крыпталіцэнзіях (Kraken, crypto.com, HTX).

Такая забарона ня будзе распаўсюджвацца на грамадзян дзяржаў-чальцоў Эўразьвязу, Швайцарыі, а таксама на фізычных асобаў, якія маюць часовы або пастаянны дазвол на пражываньне ў Эўразьвязе і ў Швайцарыі, адзначаюць юрысты.

Што да іншых суб’ектаў, кампэтэнтныя органы ЭЗ могуць у якасьці выключэньня дазволіць аказаньне ім паслуг па стварэньні і абслугоўваньні крыптакашалькоў, калі гэта неабходна:

  • для задавальненьня базавых патрэбаў (аплата прадуктаў харчаваньня, арэнднай платы, лекаў або мэдычнага абслугоўваньня);
  • выплаты ўзнагароды за юрыдычныя паслугі;
  • пакрыцьця надзвычайных выдаткаў;
  • афіцыйных мэтаў дыпляматычнага прадстаўніцтва, консульства або міжнародных арганізацыяў;
  • аплаты камісіяў і збораў кашалькоў ці рахункаў;
  • незабароненага трансьмежавага гандлю паміж ЭЗ і Рэспублікай Беларусь.

Таксама, згодна з абмежаваньнямі, з 26 сакавіка 2025 году грамадзянам Рэспублікі Беларусь і фізычным асобам, якія жывуць у Беларусі, забаранілі наўпрост або ўскосна валодаць, кантраляваць або займаць якія-небудзь кіраўнічыя пасады ў эўрапейскіх крыптакампаніях. Меркавана, да «кіраўнічых пасадаў» адносяцца пасады дырэктара або чальца рады дырэктараў (пры наяўнасьці ў кампаніі калектыўнага выканаўчага органа), адзначаюць юрысты.

  • 24 лютага 2025 году Эўразьвяз зацьвердзіў 16-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі да трэцяй гадавіны вайны. Ён «уключае ў сябе дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі», гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай рады. Адзначаецца, што гэтыя захады «адлюстроўваюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя захады, такія як абмежаваньні на продаж або прадастаўленьне паслуг і праграмнага забесьпячэньня, дэпазытаў і крыптавалютных кашалькоў, а таксама на транспартныя перавозкі».
  • Яшчэ ў верасьні 2024 году ў Беларусі ўвялі забарону для фізычных асобаў і ІП-рэзыдэнтаў ПВТ на куплю і продаж крыптавалюты па-за беларускімі крыптабіржамі. Тым ня менш магчымасьці для крыптаінвэставаньня ў беларусаў застаюцца. Цяпер у Парку высокіх тэхналёгіяў зарэгістравана 15 крыптарэзыдэнтаў, шэсьць зь якіх — крыптабіржы, якія легальна могуць выкарыстоўваць беларусы (Currency, Bynex, Free2ex, Whitebird і інш.)
  • Сілавыя органы Беларусі рэгулярна даюць справаздачу аб раскрыцьці злачынстваў, у тым ліку махлярства, з дапамогай крыптавалюты.
  • Масавыя палітычныя рэпрэсіі, распачатыя ўладамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, заахвоцілі тысячы беларускіх грамадзян аказваць грашовую падтрымку ахвярам перасьледу. Частка ахвяраваньняў фондам салідарнасьці і іншым ініцыятывам ажыцьцяўляецца з дапамогай крыптавалюты. Улады перасьледуюць ахвярадаўцаў у крымінальным парадку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG