У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі армянскай блогеркі Бэлы (Розы Бабаханьян), заўважылі праваабаронцы «Вясны». Адпаведнае рашэньне 24 лютага прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля.
У той жа дзень, 24 лютага, Бэлу Бабаханьян, якая правяла два тыдні за кратамі ў Беларусі, выслалі ў Армэнію на ўрадавым самалёце, які выкарыстоўвае сям’я Лукашэнкаў.
Бэла Бабаханьян мае і армянскае, і беларускае грамадзянства, больш за 27 гадоў жыла ў Беларусі. Апошнія гады вяла блог «У Бэлы», актыўна выказвалася ў падтрымку армянскіх інтарэсаў і ўступала ў вострыя дыскусіі з азэрбайджанцамі ў сацыяльных сетках. Паводле яе, пагрозы і скаргі на яе адрас паступалі даўно, аднак яна не чакала, што сытуацыя зойдзе так далёка.
Два тыдні таму Бабаханьян затрымалі ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, у Беларусі на яе завялі крымінальную справу па абвінавачаньнях у распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, прапагандзе вайны, паклёпе і пагрозах забойства. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было, але зьявіліся чуткі, што затрыманьне адбылося на запыт Баку.
Паводле словаў Бабаханьян, пасьля арышту зь ёю сустрэўся кіраўнік партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царукʼян, які аказаў ёй прававую падтрымку, задзейнічаў дыпляматычныя каналы і асабістыя сувязі. Яе выслалі ў Армэнію на самалёце бізнэс-клясы, які выкарыстоўвае сям’я Лукашэнкаў.
Бабаханьян выказала падзяку ўсім, хто падняў шум вакол яе справы, і заявіла, што мае намер працягваць сваю дзейнасьць. Асэнсаваўшы тое, што здарылася, блогерка прыняла канчатковае рашэньне застацца ў Армэніі.
Форум