Паводле праваабаронцаў «Вясны», палітвязьня Аляксандра Францкевіча судзяць паводле часткі 2 артыкула 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»).
Гэта ўжо другі раз, калі Францкевіча судзяць па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Летась у чэрвені судзьдзя Мікалай Сяргейка з суду Ваўкавыскага раёну прызначыў Францкевічу адзін год зьняволеньня на дадатак да 16 гадоў і 9 месяцаў, якія той атрымаў у верасьні 2022 году. Тады Аляксандра Францкевіча прызналі вінаватым паводле 13 артыкулаў КК, уключна з арганізацыяй масавых беспарадкаў і стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня.
Адбываючы пакараньне, Аляксандар Францкевіч зьмяніў некалькі месцаў зьняволеньня. Пасьля суду яго спачатку ўтрымлівалі ў івацэвіцкай калёніі № 5, потым палітвязень быў зьмешчаны ў ПК-11 у Ваўкавыску. У 2024 годзе, пасьля першага суду па 411 артыкуле, да апэляцыі Аляксандра Францкевіча трымалі ў СІЗА № 6 у Баранавічах. Пасьля апэляцыі палітвязьня накіравалі ў папраўчую калёнію, але доўгі час было невядома, у якую. Фактычна некалькі месяцаў Францкевіча ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада. Пазьней прыйшлі зьвесткі, што Аляксандра перавялі ў аршанскую калёнію № 8.
Справу Аляксандра Францкевіча разглядае судзьдзя Іна Кохава.
Перасьлед Тацяны Францкевіч і яе сястры
У ліпені 2024 году ў Ваўкавыскай калёніі, дзе тады трымалі Аляксандра Францкевіча, былі затрыманыя ягоная маці Тацяна Францкевіч і яе сястра Натальля Лабацэвіч, маці былога палітвязьня Ільлі Лабацэвіча. Вядома, што жанчыны прыехалі ў калёнію, каб зрабіць перадачу Аляксандру. Чаму іх затрымалі, дагэтуль невядома.
Тацяну Францкеівіч арыштавалі і абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), да суду прыцягнулі і яе сястру Натальлю Лабацэвіч, якая была пад падпіскай.
У лютым 2025 году справу Тацяны і Натальлі ў Віцебскім абласным судзе разгледзела судзьдзя Галіна Бондал.
«Вясна» паведаміла пра вынесены Тацяне Францкевіч прысуд — 3 гады і 3 месяцы пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вядома, што на гэты прысуд падалі апэляцыю.
Форум