Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пяць гадоў на 60% больш дзяцей у Беларусі апынуліся «ў сацыяльна небясьпечным становішчы», — Генпракуратура


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За апошнія 5 гадоў колькасьць дзяцей, прызнаных такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС), узрасла на 60%, паведаміла 26 лютага прэс-служба Генпракуратуры Беларусі са спасылкай на даклад кіраўніка ведамства Андрэя Шведа.

Колькасьць дзяцей, бацькоў якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, за 5 гадоў вырасла на 64%. Прычым «з прычыны адсутнасьці станоўчых зьменаў у ладзе жыцьця бацькоў» у сем’і вяртаецца менш за палову дзяцей, адзначылі ў Генпракуратуры.

Дакладныя лічбы, колькі дзяцей атрымалі статус «у сацыяльна небясьпечным становішчы» і колькі бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў за гэты час, ведамства не прыводзіць. Паводле зьвестак Вярхоўнага суду, у 2024 годзе 2 558 чалавек у Беларусі пазбавілі бацькоўскіх правоў.

У Генпракуратуры адзначылі, што «для выпраўленьня сытуацыі» ведамства ўнесла ў Палату прадстаўнікоў праект закону, які прадугледвае «кардынальную зьмену падыходаў да працы зь нядобранадзейнымі сем’ямі» і павінен забясьпечыць «апэратыўнасьць рашэньняў, дэбюракратызацыю працэдур, пэрсанальную адказнасьць кіраўнікоў дзяржорганаў і камісій у справах непаўналетніх». Таксама ўрад разам з Генпракуратурай распрацаў Палажэньне аб парадку прызнаньня дзяцей «такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне», адзначае ведамства.

Гэта палажэньне зацьверджанае пастановай ураду ад 30 сьнежня 2024 году № 1055, якая набыла моц 1 студзеня 2025 году. У пастанове сярод паказчыкаў «сацыяльна небясьпечнага становішча» названыя «факты прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці» паводле шэрагу артыкулаў, сярод якіх — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11. КаАП) і «Дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП), паводле якога ўлады таксама нярэдка судзяць затрыманых за «палітыку».

Акрамя гэтага, у пераліку артыкулаў — прапаганда нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі (арт. 19.10), «уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны» (арт. 19.4), кіраваньне ў нецьвярозым стане (арт. 18.15), ужываньне алькаголю ці наркотыкаў у грамадзкім месцы ці зьяўленьне ў стане ап’яненьня (ч. 2-5 арт. 19.3), невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду ці прафіляктычнага назіраньня (арт. 25.11) і інш. Таксама сям’ю могуць паставіць на ўлік, калі бацькі не зарэгіструюць дзіця па месцы жыхарства на працягу месяца пасьля ягонага нараджэньня або пераезду.

У чэрвені 2024 году ў пералік паказчыкаў небясьпечнага становішча непаўналетніх дадалі бацькоў-«дармаедаў»: калі абодва або адзін з бацькоў не працуюць на працягу больш за тры месяцы, што «прыводзіць да незадавальненьня асноўных патрэбаў дзіцяці ў ежы, адзеньні і іншым».

  • У Беларусі пастаноўку ў так званае «сацыяльна небясьпечнае становішча» і раней выкарыстоўвалі як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў. Пастановай проста афіцыйна зацьвердзілі гэтую практыку. Яшчэ ў 2010 годзе ў зьняволеных кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп ледзь не забралі трохгадовага сына. Дзіця тады ўдалося «адбіць» бацькам Ірыны. Такіх гісторый значна паболела пасьля 2020 году. Пасьля падзей 2020 году некаторыя бацькі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, зазналі ціск з боку органаў апекі, школы і дзіцячых садкоў. Ім пагражалі ўключэньнем у сьпіс «сацыяльна небясьпечных», што ў пэрспэктыве магло б прывесьці да новых праблем. Многія з гэтай прычыны мусілі тэрмінова пакідаць краіну.
  • Беларуская праваабаронца Дарʼя Чурко яшчэ ў 2021 годзе правяла дасьледаваньне непрапарцыйнага ўжываньня дзяржаўнымі органамі інструмэнту так званага «сацыяльна небясьпечнага становішча» ў мэтах ціску на палітычна актыўных людзей празь іхных дзяцей. З 24 апытаных рэспандэнтаў 13 атрымлівалі пагрозы пастаноўкі на ўлік, 10 — пагрозы адабраць дзіця зь сямʼі, і адно дзіця забралі.
  • Былая завуч гімназіі ў Ляхавічах Тацяна Крапіневіч, якую эвакуавалі зь Беларусі ў сьнежні 2024 году, у інтэрвію «Позірку» казала, што бацькі непаўналетніх у Беларусі «жывуць у пастаянным напружаньні, баяцца, што іх дзіця апынецца прызнаным такім «у сацыяльна небясьпечным становішчы» у выніку даносаў. Яна адзначыла, што статус сацыяльна-небясьпечнага становішча, першапачаткова прызначаны для абароны дзяцей, усё часьцей выкарыстоўваецца ўладамі як інструмэнт націску на сям’ю, і на разгляд адпаведнай камісіі «могуць трапіць бацькі зь бездакорнай рэпутацыяй».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG