Былы палітвязень Андрэй Аўсіевіч распавёў «Люстэрку» пра тое, як у калёніі № 15 пад Магілёвам, дзе ён адбываў пакараньне за камэнтар на адрас міліцыянта, на замову з Расеі шылі форму для расейскіх вайскоўцаў ды выконваюць іншыя «ваенныя замовы».
«У 2024-м на швейцы пачалі шыць расейскую вайсковую форму — я бачыў, як выгружалі нешта ў лічбавай („піксэльнай“) расфарбоўцы, як у вайскоўцаў Расеі», — распавёў Андрэй Аўсіевіч.
Таксама ён згадаў, што з прамысловай зоны калёніі іншыя асуджаныя прыносілі гузікі з расейскімі гербамі.
Сам Андрэй працаваў на іншай вытворчасьці, у «швейку» ён не патрапіў. Паводле былога палітвязьня, да выкананьня замовы, зьвязанай зь мінабароны Расеі, «палітычных» не дапускалі. Аўсіевіч заўважыў, што для некаторых вязьняў калёніі такая праца на карысьць Расеі не выклікала абурэньня.
«Звычайныя вязьні нават з гонарам распавядалі: „Вось, я шыю для расейскага войска!“ Там ёсьць хлопцы, якія жывуць прапагандай. Я б сказаў, што большасьць звычайных зьняволеных лічаць, што вайна — гэта крута: яны глядзяць тэлевізар», — мяркуе Андрэй.
Былы палітвязень згадаў таксама, што ў калёніі выконвалі замовы для наймітаў ПВК «Вагнэр», калі тыя ў 2023 годзе прыбылі ў Беларусь пасьля няўдалага «паходу на Маскву». Над гэтай замовай давялося папрацаваць і самому Андрэю.
«Калі ў Беларусь прыехалі вагнэраўцы (мы пра гэта даведаліся па навінах), паступіла замова на матрацы. Прывезьлі матэрыял, падобны да вайсковай формы. Мы бралі напаўняльнік, нейкае перапрацаванае сьмецьце, і запіхвалі ў чахлы, сшывалі іх. У прынцыпе, праца нармальная была — ня ў брудзе. Замест дзесяці матрацаў два на расслабоне зробіш, і нармальна. Зразумела, што палітычным не надта прыемна было гэта рабіць, разумеючы, навошта ўсё. Але і выбіраць асабліва не даводзілася», — згадаў Андрэй Аўсіевіч.
Паводле былога палітвязьня з 15-й калёніі, там за працу плацяць вельмі мала — да 15 рублёў на месяц.
«Брыгадзірам больш — да 200 рублёў. Але такая сума на ўсёй промцы будзе, можа, чалавек у дзесяці. Ну і зваршчыкі атрымліваюць недзе рублёў па 100. Толькі абы каму такія працы не давалі, палітычнага брыгадзірам не паставяць ніколі: у цябе жоўтая бірка — ты страшны злачынец», — згадаў пра парадкі ў калёніі былы палітвязень Андрэй Аўсіевіч.
У папраўчай калёніі № 15, дзе адбываў пакараньне Аўтусевіч, восеньню 2024 году памёр палітвязень, грамадзянін Расеі Дзьмітрый Шлетгаўэр, якога Берасьцейскі абласны суд асудзіў на 12 гадоў зьняволеньня паводле артыкулаў аб шпіянажы і садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці.
Форум