Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 лютага: «Медиазону. Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»; вырак у Менску і суд у Мазыры

абноўлена

Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

«Медиазону. Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала выданьне «Медыязона. Беларусь» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Пра гэта паведаміў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал «Кніга ДУ „База“», заўважыла само выданьне.

«За арганізацыю дзейнаьсці па падрыхтоўцы ўчыненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў — група грамадзян, аб’яднаных пад назвай „Медиазона. Беларусь“, прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі сайт і ўсе сацсеткі выданьня.

Паводле міністра інфармацыі Беларусі Марата Маркава, каля 7 тысяч інфармацыйных матэрыялаў у Беларусі абвешчаныя «экстрэмісцкімі», да іх забаронены доступ. Пры гэтым толькі за 2024 год «экстрэмісцкімі» прызналі каля 3 тысяч матэрыялаў. Да 15 150 інтэрнэт-рэсурсаў, якія «супярэчаць інтарэсам дзяржавы», абмежавалі доступ.

У 2023–2024 гадах адбылося 759 атак на беларускіх журналістаў, сьведчыць даклад БАЖ і фонду «Справядлівасьць для журналістаў». Паводле БАЖ, цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 40 прадстаўнікоў мэдыя; з 2020 году каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь; а з тых, хто застаўся ў краіне, шмат хто працуе ў падпольлі або пакінуў прафэсію. Рэжым Лукашэнкі не дае спакою нават журналістам на выгнаньні, пачынаючы супраць іх так званае «спэцыяльнае вядзеньне», у рамках якога іх пасьля завочна судзяць у Беларусі.

З канца 2023 году рэжым у Беларусі забірае ў незалежных мэдыя лякальныя інтэрнэт-дамэны .by, што прыводзіць да страты аўдыторыі і пагаршэньня іхных пазыцыяў у пошукавых сыстэмах.

Жанчыну ў Менску судзілі паводле трох артыкулаў

24 лютага завяршыўся суд над 32-гадовай жыхаркай Менска Карынай Маліноўскай. Яе абвінавацілі па трох артыкулах КК. Прысуд невядомы, піша «Наша ніва».

Маліноўскую абвінавачвалі ў распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), грубым парушэньні парадку (ч. 1 арт. 342 КК) і ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК).

Па інфармацыі выданьня, жанчыну затрымалі ў сакавіку 2024 году, а судзіць пачалі ўвосень. Што стала прычынай затрыманьня, невядома. Карына нарадзілася ў Барысаве, у яе двое непаўналетніх дзяцей.

Пасьля школы Маліноўская пераехала ў Менск. Працавала цырульніцай, цікавілася псыхалёгіяй, з 2018-га па 2022 год рабіла ўласны бізнэс па продажы сьвятладыёднага асьвятленьня.

Пачынаюць судзіць работніка Мазырскага НПЗ

Паводле праваабаронцаў «Вясны», 26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачынаецца закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лябараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: «паклёп» на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Ігара Шуканава жорстка затрымалі 1 жніўня 2024 году. Па яго зь Менску прыехалі губазікаўцы. Яго затрымалі проста на працоўным месцы. Затым заводзкім аўтамабілем «УАЗ-Patriot» вывезьлі за прахадную заводу.

Недалёка ад аўтобуснага прыпынку, на паркоўцы каля галоўнай прахадной заводу, дзе ў той час былі людзі, губазікаўцы паказальна пабілі Шуканава — выцягнулі з «УАЗа», кінулі тварам на асфальт і, націснуўшы каленам на галаву, надзелі кайданкі, пісала «Наша ніва».

Судзілі ксяндза Дзьмітрыя Мальца

Каталіцкага сьвятара Дзьмітрыя Мальца затрымалі ў суботу, 22 лютага, калі ён вяртаўся дадому з замежнай паездкі. Імаверна, гэта адбылося пасьля праверкі тэлефона на мяжы ў пункце пропуску Тарэспаль — Берасьце, піша «Хрысьціянская візія».

Суд над Мальцам праходзіў у судзе Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта там разглядаюцца справы ў дачыненьні да затрыманых на памежным пераходзе. Яго судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Вынік суду невядомы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG