Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры Літвы: ідэі Сьвятланы Алексіевіч цікавыя і блізкія літоўцам


Сьвятлана Алексіевіч і Шарунас Біруціс, 25 лютага 2025
Сьвятлана Алексіевіч і Шарунас Біруціс, 25 лютага 2025

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч прыехала ў Вільню для ўдзелу ў кніжным кірмашы, на якім яна плянуе правесьці дыскусію на тэму «Ці можа мастацтва быць дыпляматычным мостам».

Міністар культуры Літвы Шарунас Біруціс заявіў аб важнасьці дакумэнтальных твораў Сьвятланы Алексіевіч.

Як адзначаецца на сайце Міністэрства культуры Літвы, 25 лютага на сустрэчы зь беларускай пісьменьніцай абмеркавалі, як культура можа быць сродкам прасоўваньня дэмакратыі і свабоды, умацаваньня свабоды слова і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

«Нам цікавыя, блізкія і зразумелыя вашыя ідэі і тое, пра што вы пішаце ў сваіх кнігах. Я рады, што вы сустрэнецеся з сваімі чытачамі на сёлетнім Віленскім кніжным кірмашы. Дзякуй за ўсе вашыя кнігі, якія адлюстроўваюць нязручную праўду гісторыі. Культура неймаверна важная ў сучасным сьвеце, і я і мая каманда спрабуем паказаць, што яна можа быць зброяй супраць агрэсіі і барбарства. Літаратура і мастацтва могуць стаць магутным інструмэнтам у барацьбе з аўтарытарызмам і ўмацаваньні больш адкрытага грамадзтва», — сказаў Шарунас Біруціс на сустрэчы.

Сьвятлана Алексіевіч падзялілася сваімі думкамі аб сытуацыі ў Беларусі, зь якой яна была вымушана выехаць, аб пратэстах у Менску, а таксама расказала, пра што піша ў сваёй будучай кнізе, падзякавала Літве за падтрымку беларускай апазыцыі і прызналася, што Мікалоюс Чурлёніс — ейны любімы мастак.

«Мы не чакалі, што ў нас такі страшны вораг. Мы думалі, што нас шмат і ўсё зразумела, і ён уцячэ. Так, мы былі рамантыкамі», — сказала між іншага ў інтэрвію Літоўскай тэлевізіі пра беларускую рэвалюцыю 2020 году ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі.

Паводле яе, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін проста купіў і Лукашэнку, і расейскі народ, таму цяпер яны ня супраць вайны і бачаць у ёй добры спосаб зарабіць грошай.

Кніжны кірмаш будзе праходзіць у Вільні з 27 лютага да 2 сакавіка, а дыскусія з удзелам Сьвятланы Алексіевіч заплянавана на 1 сакавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG