Пра гэта і пра іншае мы гаворым з этнолягам, дактарантам Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Вадзімам Сідаравым.
0:00 — адкуль у ДНК беларусаў балканскі элемэнт
4:31 — якія гены найбольш паўплывалі на фармаваньне беларусаў
8:02 — ці меў месца мараўскі генэтычны ўклад у генэтычную гісторыю беларусаў
11:42 — ці ёсьць у беларусаў сьляды скандынаўскіх генаў
15:22 — колькі асноўных генэтычных кампанэнтаў утрымлівае ДНК жыхароў Беларусі
16:48 — ці ўплывае генагеаграфія на гісторыю народу
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Вадзімам Сідаравым:
— Многія генэтычныя тэсты паказваюць, што ў беларусах прысутнічае істотны балканскі элемэнт. У прыватнасьці, Вячаслаў Насевіч піша пра наяўнасьць ў ДНК беларусаў дынарскага субкладу. З чым гэта зьвязана? Адкуль ён узяўся? Як гэта можна патлумачыць?
— Гэта важнае пытаньне, і найперш яно важнае ў кантэксьце размоваў пра меркаваны фіна-вугорскі сьлед. Бо калі гаварыць уласна пра генэтычны бок, то трэба нагадаць, што мы гаворым пра дзьве паралельныя плашчыні: пра так званыя аднабацькоўскія маркеры, гаплагрупы, і пра поўныя геномныя дасьледаваньні — так званыя аўтасомы Таму сукупны генэтычны ўклад і сьлед, які мы ўмоўна называем фіна-вугорскім (бо гены і мовы — гэта розныя сыстэмы каардынат), значна меншы ў беларусаў, чым балканскі (назва таксама ўмоўная).
Бо па тых жа папулярных генэтычных тэстах, хаця гаплагрупы ўмоўна заўральскага паходжаньня ў беларускім папуляцыйным генафондзе адчувальна прысутнічаюць, але сам такі генэтычны кампанэнт мінімальны. Нават у MyHeritage, што раней, што пасьля абнаўленьня дадзеных, беларусы бачаць у сябе мінімальныя лічбы ўмоўна вугра-фінскага кампанэнту — недзе ад 1 да 3 адсоткаў. А вось тое, што вы называеце балканскім (гэта аўтасомная характарыстыка), а па гаплагрупах і субкладах гэтаму адпавядае гаплагрупа I2a, — то сукупная прысутнасьць гэтага фактару адчувальная, прыкладна ад 10 да 20 адсоткаў.
Вячаслаў Леанідавіч Насевіч зьвязвае балканскі кампанэнт зь міграцыяй умоўна дунайскіх груп прыкладна ў VIII стагодзьдзі. І тут трэба дамовіцца, што гэта так званы дынарскі субклад. Насевіч лічыць, што ён мае тракійскае паходжаньне. Некаторыя харвацкія і басьнійскія генэтыкі лічаць, што ён мае ілірыйскае паходжаньне. Так ці інакш відавочна, што гэты генэтычны субстрат быў засвоены падчас працэсу этнагенэзу славянскіх папуляцый паўднёвай часткі Цэнтральнай Эўропы. Паўднёвай і Цэнтральнай, так што Дунай — гэта сымбалічны цэнтар гэтай прасторы.
Таму гэтыя папуляцыі аказаліся ў адчувальных маштабах сярод продкаў беларусаў і ўліліся ў генафонд будучых беларусаў.
— Шмат гавораць пра балцкі элемэнт у ДНК беларусаў. Нядаўна нават зьявіліся публікацыі, што фірма MyHeritage унесла карэктывы ў свае аналізы, у выніку чаго ў беларусаў рэзка ўзрос адсотак балцкіх генаў. Разам з тым той жа Вячаслаў Насевіч піша, што беларусы — гэта ня балты, а цэнтральна-ўсходнеэўрапейцы, бліжэйшыя сваякі палякаў, украінцаў і расейцаў. Як быць з гэтым, як зьвесьці ў адзіную сыстэму? Хто ж найбольш паўплываў на фармаваньне беларускага этнасу, якія гены? Якога ўплыву там больш — балцкага, паўночнага ці паўднёвага?
— Мы тут зноў павінны падкрэсьліць, што нельга гаварыць пра балцкія ці славянскія гены, бо гэта вельмі ўмоўныя абазначэньні.
— Так, натуральна, я гэта разумею, проста так прасьцей і даступней для шырокага слухача. Больш дакладна казаць «балтыйскі».
— Так. MyHeritage паказвае менавіта балтыйскія гены, ня маючы на ўвазе, вядома, мовы. Тэрмін «прыбалтыйскі», хоць цяпер ён і не выкарыстоўваецца, у пэўным сэнсе больш дакладны, бо ўказвае на лякацыю. Гэта паўднёвая частка ўзьбярэжжа Балтыйскага мора. Носьбіты гэтых генаў там маглі размаўляць на розных мовах — балцкіх, фіна-вугорскіх, германскіх, славянскіх.
Паводле тых дадзеных, якія цяпер паказвае MyHeritage, балтыйскія гены ператвараюцца ў большасьці беларусаў фактычна ў дамінанту. Гэта пераважны цяпер генатып. А другімі генамі ідзе Ўсходняя Эўропа. Іх суадносіны адпавядаюць прыкладна таму, што мы ведаем. Гэта маглі быць умоўныя балты, маглі быць умоўныя славяне і маглі быць умоўныя іншыя народы рэгіёну, якія ўключаліся ў гэты працэс.
Агулам у генафондзе беларусаў дамінуе паўночна-ўсходні кампанэнт — ён жа балтыйскі. Але разам з тым ён вельмі блізка ідзе з цэнтральна-ўсходнеэўрапейскім. І вось гэтыя два фактары разам зь мінарытарным, але адчувальным паўднёвым кампанэнтам ураўнаважваюць адзін аднаго. Таму я б гаварыў пра беларусаў як пра народ гэтай прасторы — цэнтральна-ўсходнеэўрапейскай — з большым паўночным, балтыйскім ухілам. Але гэта, вядома, ня чыста балтыйскі народ. Зрэшты, як і ніводзін з народаў трох балтыйскіх краін не зьяўляецца чыста балтыйскім.
Так што беларусы — гэта народ, у генафондзе якога ўраўнаважаныя розныя кампанэнты гэтага рэгіёну.
— Давайце яшчэ раз паўторым для слухачоў, гледачоў і чытачоў. Колькі асноўных генэтычных кампанэнтаў утрымлівае ДНК жыхароў Беларусі?
— Мы можам гаварыць пра балтыйскі кампанэнт так, як ён ахарактарызаваны ў MyHeritage. Можам вылучыць усходнеэўрапейскі — ці, хутчэй, цэнтральна-ўсходнеэўрапейскі. Таксама паўднёваэўрапейскі кампанэнт, ці, лепш, паўднёва-ўсходнеэўрапейскі. Гэта не такі крайні поўдзень, як Грэцыя, але гэта раён, які ахоплівае тракійскія, ілірыйскія папуляцыі — гэта значыць, сваякоў румынаў, басьнійцаў, харватаў.
Вось гэта тры такія буйныя кампанэнты, калі гаварыць сучаснай мовай, маючы на ўвазе суадносіны з сучаснымі народамі і краінамі. І можам гаварыць пра больш старажытныя і менш улоўныя дадаткі — заўральскі і ўласна скандынаўскі.
— Як вы лічыце, ці можна гэтую генагеаграфію нейкім чынам зьвязаць з гісторыяй народу? Іншымі словамі, ці ўплывае яна неяк на лёс народу? Або не?
— Я думаю, што, безумоўна, уплывае. Тут уплывае ўсё, любыя фактары. Па-другое, можа гэта гучыць і ня вельмі навукова і нават паліткарэктна, але ў многіх народаў у мовах ёсьць прыказка «Кроў — не вада». Таму яна ня можа не ўплываць, бо паказвае на паходжаньне, на шляхі міграцыі. І агулам, як правіла, любы народ фармуецца ў той прасторы і ў тым атачэньні, якія зьвязаныя зь яго генэтычным паходжаньнем.
Іншая справа, што трэба разумець, што няма расава чыстых ці этнічна чыстых народаў, бо любы народ уяўляе сабой тую ці іншую сумесь розных кампанэнтаў, якія ў розны час прыбываюць на пэўную тэрыторыю і пасьля пераплятаюцца паміж сабой. Гэта нам кажа пра тое, што этнас — не закрытая сыстэма, яна фармуецца, у розныя пэрыяды ўключае ў сябе розныя элемэнты.
Але таксама трэба разумець, што кожная этнічная папуляцыя складаецца з прыналежных ёй кампанэнтаў. І гэта не выключае, што асобны чалавек, які трапляе ў гэтае асяродзьдзе і пранікаецца ягонай культурай і сьвядомасьцю, ня можа мець іншых генэтычных кампанэнтаў.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ
Форум