Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы афіцыйна працуюць амаль 135 тысяч беларусаў


Ілюстрацыйнае фота. Абвестка аб уладкаваньні іншаземцаў на працу ў Польшчы
Ілюстрацыйнае фота. Абвестка аб уладкаваньні іншаземцаў на працу ў Польшчы

На канец 2024 году ў Польшчы афіцыйна працавалі 134 900 грамадзян Беларусі — менавіта столькі беларусаў было ахоплена пэнсійным страхаваньнем, сьведчыць статыстыка Ўпраўленьня сацыяльнага страхаваньня Польшчы.

Гэта на 5500 чалавек больш, чым год таму, вынікае з статыстыкі (129,4 тысячы на канец 2023 году). Беларусы — другая па колькасьці група сярод замежнікаў, якія легальна працуюць у Польшчы, пасьля ўкраінцаў (787,5 тысячы на канец 2024 году).

Агулам на ўліку ў органах сацыяльнага страхаваньня ў Польшчы на канец 2024 году стаялі звыш 1 млн 192 тысяч замежнікаў, за год іх колькасьць вырасла на 65,1 тысячы.

Нягледзячы на тое што колькасьць афіцыйных работнікаў зь Беларусі ў Польшчы павялічваецца, згаданы прырост у 2024 годзе — самы нізкі за апошнія 8 гадоў, піша выданьне Most, якое прааналізавала статыстыку за папярэднія гады.

Так, у канцы 2020 году ў Польшчы легальна працавалі 50,6 тысячы грамадзян Беларусі. Праз год, у канцы 2021 году, іх было ўжо 71,2 тысячы. У канцы 2022 году ў сыстэме сацыяльнага страхаваньня Польшчы было зарэгістравана ўжо 108,1 тысячы грамадзян Беларусі, у 2023 годзе — яшчэ на 21,3 тысячы чалавек больш.

Цяперашняе запаволеньне тэмпаў працаўладкаваньня беларусаў у Польшчы тлумачаць і запаволеньнем палітычнай эміграцыі, і ўзмацненьнем строгасьці візавай палітыкі ў Польшчы.

  • За 2024 год памежная служба Польшчы выявіла 902 беларусаў, якія нелегальна працавалі ці займаліся гаспадарчай дзейнасьцю ў краіне — на 7% болей, чым у 2023 годзе (864 беларусаў). Часьцей за ўсё на нелегальнай працы ў Польшчы пападаюцца грамадзяне Ўкраіны (летась 4576 выпадкаў), Грузіі (1122) і Калюмбіі (1082).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG