Блогерка Бэла Бабаханьян, затрыманая ў Беларусі, была пад пагрозай экстрадыцыі ў Азэрбайджан, аднак яе выслалі ў Армэнію.
«Я казала сабе: пакуль не прызямлюся, не паверу, што я на радзіме. Пасьля ўсяго, што я перажыла, гэта было падобна на цуд», — заявіла яна журналістам у аэрапорце Звартноц, піша Armenian report.
Бабаханьян больш за 27 гадоў жыла ў Беларусі, а ў апошнія гады вяла блог «У Бэлы», актыўна выказвалася ў падтрымку армянскіх інтарэсаў і ўступала ў вострыя дыскусіі з азэрбайджанцамі ў сацыяльных сетках. Паводле яе, пагрозы і скаргі ў яе адрас паступалі даўно, аднак яна не чакала, што сытуацыя зойдзе так далёка.
Два тыдні таму Бабаханьян затрымалі ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, у Беларусі на яе распачалі крымінальную справу па абвінавачаньнях у распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, прапагандзе вайны, паклёпе і пагрозах забойства.
Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было, але зьявіліся чуткі, што затрыманьне адбылося на запыт Баку. Зьяўляліся нават паведамленьні пра тое, што блогерку могуць выдаць Азэрбайджану.
Паводле словаў Бабаханьян, пасьля арышту зь ёй сустрэўся кіраўнік партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царук'ян, які аказаў ёй прававую падтрымку, задзейнічаў дыпляматычныя каналы і асабістыя сувязі. У выніку ёй удалося пакінуць Беларусь і вярнуцца ў Армэнію. Яе выслалі ў Армэнію на самалёце бізнэс-клясы, які выкарыстоўвае сям'я Лукашэнак.
Бабаханьян выказала падзяку ўсім, хто падняў шум вакол яе справы, і заявіла, што мае намер працягваць сваю дзейнасьць. Яна ўпэўнена, што яе праца прыносіць плён, раз выклікае такую рэакцыю ў апанэнтаў.
Пераасэнсаваўшы тое, што здарылася, блогерка прыняла канчатковае рашэньне застацца ў Армэніі.
Форум