У Кіеў прыбылі кіраўнікі Эўрапейскай рады і Эўракамісіі Антонью Кошта і Ўрзуля фон дэр Ляен.
«У трэцюю гадавіну жорсткага расейскага ўварваньня Эўропа — у Кіеве. Мы тут сёньня, бо Ўкраіна — гэта Эўропа. У гэтай барацьбе за выжываньне вырашаецца ня толькі лёс Украіны. А і лёс Эўропы», — напісала Ўрзуля фон дэр Ляен на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Ва ўкраінскай сталіцы таксама чакаюць кіраўнікоў краін-партнэраў. Раніцай ужо прыехалі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс, прэм’ер Эстоніі Крыстал Міхал, кіраўнік ураду Гішпаніі Пэдра Санчэс і прэм’ер Канады Джастын Трудо.
Пазьней у Кіеве на чыгуначным вакзале сустракалі лідэраў Фінляндыі, Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі і Швэцыі.
19 лютага Эўразьвяз узгадніў 16-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі да трэцяй гадавіны вайны.
Эўразьвяз ня будзе ўводзіць поўнай забароны на закупкі расейскага звадкаванага прыроднага газу ў рамках 16-га пакета санкцый, які 29 студзеня быў афіцыйна прадстаўлены краінам ЭЗ. Замест гэтага будзе спынена пастаўка расейскага звадкаванага газу на тэрміналы, якія не падключаны да агульнай газаразьмеркавальнай сыстэмы ЭЗ.
Абмежаваньне, зрэшты, не паўплывае на большую частку расейскага імпарту.
Акрамя іншага, новы пакет санкцый прадугледжвае ўнясеньне ў санкцыйны сьпіс некалькіх дзясяткаў фізычных і юрыдычных асобаў, штрафы для 74 нафтавых танкераў з так званага «ценявога флёту» Расеі, а таксама абмежаваньні на імпарт расейскага алюмінію. Акрамя таго, ЭЗ плянуе ўвесьці забарону на пастаўкі ў Расею гульнявых прыставак PlayStation ад Sony і Xbox ад Microsoft, якія Расея, як паведамляецца, выкарыстоўвае для кіраваньня бесьпілётнікамі.
Раней паведамлялася, што ў санкцыйны сьпіс трапяць кіраўнікі шэрагу расейскіх вайсковых прадпрыемстваў, у тым ліку Анатоль Турчак, бацька кіраўніка Рэспублікі Алтай Андрэя Турчака. У сьпісе таксама члены Савету Фэдэрацыі — былы дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Дзяркач і шахматыст Сяргей Каракін, мэдыямэнэджары Васілій Броўка і Крысьціна Патупчык, тэлевядоўца Юлія Бараноўская, сын сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Колбін.
Што прадугледжваюць санкцыі супраць Беларусі?
Забарона пашыраецца на транзыт празь Беларусь тавараў, якія могуць садзейнічаць нарошчваньню беларускіх прамысловых магутнасьцяў і машынабудаваньня.
Усю прадукцыя, пастаўкі якой прапануюць забараніць, падзялілі на 10 катэгорый:
- Электроніка (электронныя прылады і кампанэнты, у тым ліку мікрасхемы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрамодулі, абсталяваньне і інш.);
- Кампутары і спэцыяльныя кампанэнты для іх (не датычыцца тавараў для асабістага карыстаньня фізычных асобаў);
- Тэлекамунікацыйнае абсталяваньне (для працы пры надзвычай нізкіх і высокіх тэмпэратурах, сыстэмы перадачы зьвестак і кампанэнты для іх, рэтрансьляцыйнае абсталяваньне, транскодэры, абсталяваньне для шыфраваньня і крыптаграфіі і інш.);
- Датчыкі і лазэры (марское або наземнае акустычнае абсталяваньне, здольнае выяўляць або вызначаць месцазнаходжаньне падводных аб’ектаў і кампанэнты да іх, аптычныя датчыкі, камэры, аптычныя фільтры і інш.);
- Навігацыя і авіятэхніка (бартавое абсталяваньне сувязі, усе інэрцыйныя навігацыйныя сыстэмы для самалётаў і іншае авіяцыйнае абсталяваньне і кампанэнты да іх, і інш.);
- Судны, марскія сыстэмы або абсталяваньне і спэцыяльна распрацаваныя для іх кампанэнты (тэлевізійныя сыстэмы, падводныя тэлекамэры і інш.);
- Аэракасьмічныя ўстаноўкі і рухавікі (дызэльныя рухавікі, трактары і спэцыяльна распрацаваныя кампанэнты для іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасьцю 9 тон і больш і інш.);
- Іншая прадукцыя (абсталяваньне для здабычы або разьведваньня нафты, сыстэмы кантролю газу і дэтэктары для іх, абсталяваньне для сэйсмалягічных вымярэньняў, хімічныя рэчывы для электроннай прамысловасьці і інш.);
- Спэцыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяваньне (хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад сьлезацечнага газу, дымавыя шашкі, балёнчыкі, гранаты і іншыя піратэхнічныя вырабы двайнога прызначэньня і кампанэнты да іх, парашкі і фарбавальнікі для зьняцьця адбіткаў пальцаў, дазымэтры і інш.);
- Апрацоўваньне матэрыялаў (абсталяваньне для выяўленьня і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў або дэтанатараў і інш.).
У праекце рашэньняў Эўразьвязу адсутнічаюць прапановы аб пэрсанальных санкцыях датычна да прадстаўнікоў улады Беларусі, камэрцыйных і дзяржаўных кампаній.
Форум