Менскі гарадзкі суд пакараў 66‑гадовага мастака Ігара Рымашэўскага 14 месяцамі калёніі за «абразу Лукашэнкі» і «распальваньне варожасьці». Такі тэрмін дазволіў адпусьціць яго ў залі суду, бо ён яго адбыў у СІЗА, паведаміла «Наша Ніва».
Рымашэўскага затрымалі ў кастрычніку 2024 году. Падчас сьледзтва тэрмін лічыцца як дзень за паўтара.
Разам зь ім затрымалі і жонку, вядомую мастачку Людмілу Шчамялёву. І прысуд, і тэрмін у ізалятары ў яе такія самыя. Яна таксама выйшла на свабоду, паводле зьвестак НН.
Праваабарончая супольнасьць прызнала іх палітвязьнямі.
65-гадовая Людміла Шчамялёва — дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.
Працы Рымашэўскага і Шчамялёвай упрыгожвалі найлепшыя беларускія галерэі і нават грамадзкі транспарт, яны стварылі запамінальны вобраз «вечнага Менску» і наіўных, прастадушных, але сардэчных беларусаў.
Беларускія мастакі, сужэнцы Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва пасьля 2020 году засталіся ў краіне, працягвалі займацца творчасьцю. Яны не праяўлялі актыўнай апазыцыйнай ці грамадзкай дзейнасьці, не выказваліся публічна аб сытуацыі ў краіне. Аднак абое ў кастрычніку 2024 году перасталі выходзіць на сувязь.
Паводле інфармацыі Свабоды, абаіх затрымалі ў другой дэкадзе месяца, спачатку ў адміністрацыйнай справе. Але пасьля завяршэньня тэрміну на волю яны ня выйшлі.
Арт-наіў
Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі закончылі Менскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава, Ігар яшчэ — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў. — РС).
Рымашэўскі працуе ў галіне жывапісу, прыкладнога і манумэнтальнага мастацтва. Людміла займаецца станковым жывапісам, манумэнтальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Іхныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Мастацкім фондзе Беларусі, у галерэі WebKunsthaus у Нямеччыне, у швайцарскай галерэі Schaer und Wildbolc, у прыватных галерэях і калекцыях многіх замежных краінаў сьвету.
«Мілыя амапаўцы»
Мастачка Ганна (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) добра ведае Ігара і Людмілу яшчэ са студэнцкіх часоў. Яна жыве за мяжой і шмат выстаўляецца ў эўрапейскіх галерэях. Замежным галерыстам вельмі падабаецца беларускае «наіўнае мастацтва», сказала Ганна ў размове са Свабодай.
«У творах Ігара добры гумар, утульнасьць, душэўнасьць, сардэчнасьць. У яго такія мілыя, простыя жыцьцёвыя сюжэты, ён расказвае пра побытавыя рэчы з усьмешкай, часам несур’ёзна, але заўсёды па-добраму і досыць арыгінальна, з фантазіяй. На карцінах вельмі шмат дэталяў, але настолькі ўсё гарманічна і дакладна, нічога лішняга. Ад яго карцін ідуць станоўчыя флюіды, падымаецца настрой. Ды ў Ігара нават амапаўцы мілыя, забаўныя, а ня грозныя», — кажа студэнцкая сяброўка Ігара Рымашэўскага.
Ёсьць у Ігара Рымашэўскага і жартаўлівыя карціны пра першую асобу дзяржавы:
- «Разьвітаньне» (чалавек, падобны да Лукашэнкі, разьвітваецца з каровай перад ад’ездам у горад),
- «Фініта ля камэдыя» (мядзьведзь гоніцца за лыжнікам № 1 на лыжні ў Раўбічах),
- «Самотны хакеіст».
У 2020 годзе ў Рымашэўскага зьявіўся цыкль карцін пра беларускіх сілавікоў і пратэстоўцаў. «Ніхто ня пройдзе», «Бітва на мосьце», «Если кто-то кое-где у нас порой…» — так называюцца некаторыя карціны цыклю.
Людміла Шчамялёва таксама працуе ў стылі «арт-наіў», яе творы — гэта міні-гісторыі паўсядзённага побыту звычайных беларусаў, прасякнутыя цёплым гумарам і іроніяй. У менскай галерэі «Мастацтва» ў сьнежні 2020 году прайшла пэрсанальная выстава Шчамялёвай з назвай «Усё будзе добра!»