Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Фрыдрых Мэрц, які зьменіць Шольца на пасадзе канцлера Нямеччыны


Фрыдрых Мэрц, архіўнае фота
Фрыдрых Мэрц, архіўнае фота

На выбарах Бундэстага 23 лютага перамог блок ХДЗ/ХСЗ на чале з Фрыдрыхам Мэрцам. Цяпер менавіта Мэрц будзе фармаваць новы ўрад Нямеччыны.

Першыя заявы пасьля выбараў

Фрыдрых Мэрц, меркаваны наступны канцлер Нямеччыны і даўні прыхільнік трансатлянтычных сувязяў, заявіў пасьля выбараў 23 лютага, што цяпер ён імкнецца да «незалежнасьці» бясьпекі ад Злучаных Штатаў, і выказаў сумнеў наконт будучыні NATO, альянсу, які падмацоўвае інтарэсы абароны Захаду пасьля Другой сусьветнай вайны.

«Для мяне абсалютным прыярытэтам будзе як мага хутчэйшае ўмацаваньне Эўропы, каб крок за крокам мы сапраўды маглі дасягнуць незалежнасьці ад ЗША ў пытаньнях абароны», — заявіў Мэрц позна ўвечары 23 лютага пасля таго, як яго партыя заняла першае месца на парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне.

«Мне вельмі цікава паглядзець, як мы пойдзем да саміту NATO ў канцы чэрвеня — ці будзем мы па-ранейшаму гаварыць пра NATO ў яго цяперашняй форме або нам давядзецца значна хутчэй ствараць незалежны эўрапейскі абаронны патэнцыял», — дадаў Мэрц.

Вяртаньне Мэрца ў вялікую палітыку

BBC расказала, хто такі Фрыдрых Мэрц, і што галоўнае трэба ведаць пра гэтага палітыка, як, як чакаецца будзе кіраваць урадам Нямеччыны.

Фрыдрых Мэрц, юрыст па адукацыі, яшчэ 35 гадоў таму, у 1989 годзе, стаў дэпутатам Эўрапарлямэнту ад ХДЗ, у які ён уступіў яшчэ ў юнацтве.

Празь пяць гадоў, у 1994-м, ён стаў дэпутатам Бундэстагу. У 2000 годзе, калі канцлерам быў «сябар Пуціна», сацыяліст Герхард Шродэр, а апазыцыйны ХДЗ узначальваў Эдмунд Штойбэр, Мэрца выбралі старшынёй фракцыі ў Бундэстагу.

Яго тады лічылі адным з самых верагодных спадчыньнікаў Штойбэра, але ў выніку барацьбу за гэтую спадчыну выйграла Ангела Мэркель. Пасьля новага пройгрышу сацыялістам на пазачарговых выбарах 2002 году Мэркель узначаліла і партыю, і фракцыю, а Мэрца адсунула ў свае намесьнікі.

Больш левая, чым у Мэрца, ідэалёгія Мэркель у выніку прынесла партыі посьпех: у 2005 годзе ХДЗ/ХСЗ перамог і вярнуўся ва ўладу. Мэрц жа паступова спыніў барацьбу за лідэрства і ў 2009-м, у 55 гадоў, зусім пакінуў палітыку — стаў працаваць па сваёй спэцыяльнасьці карпаратыўнага юрыста.

Мэрц быў дарадцам і сябрам праўленьня некалькіх буйных кампаній і цяпер, як мяркуе нямецкая прэса, зьяўляецца вельмі забясьпечаным чалавекам.

У 2018 годзе, калі 63-гадовая Мэркель аб’явіла пра намер пакінуць пасаду канцлеркі і кіраўніцы партыі, 62-гадовы Мэрц вырашыў вярнуцца і заняць яе месца.

Гэта ўдалося з трэцяй спробы. Пры гэтым сярод шараговых сябраў партыі Мэрц нязьменна быў самым папулярным з кандыдатаў у лідэры, але два разы кіраўніка партыі выбіралі ня ўсе сябры ХДЗ, а дэлегаты партыйнага зьезду, і гэты партыйны істэблішмэнт першы раз прагаласаваў за вылучаную Ангелай Мэркель пераемніцу Аннэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, а калі яна ня справілася і сышла, то выбраў ёй на замену кіраўніка ўрада зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія Арміна Ляшэта.

Толькі пасьля паразы на выбарах бундэстага восеньню 2021 году кіраўніцтва ХДЗ адважылася аддаць права выбару лідэра ўсім сябрам партыі — і тут Мэрц выйграў у двух супернікаў з разгромным лікам, сабраўшы 62% галасоў.

Тым часам усяго за паўтара дзясятка гадоў да гэтага Мэрц быў адной зь вядучых фігур у апазыцыйным тады ХДЗ/ХСЗ і змагаўся за лідэрства з Мэркель.

Цяпер, у 69 гадоў, Мэрц, нарэшце, дасягнуў вяршыні ў нямецкай палітыцы і, пэўна, стане новым канцлерам Нямеччыны.

Шэсьць гадоў таму Фрыдрых Мэрц, які вярнуўся ў палітыку, клясычны правы лібэрал, які выступаў за спрашчэньне падатковай сыстэмы і за абмежаваньне іміграцыі, адразу стаў самым папулярным кандыдатам у пераемнікі Мэркель сярод шараговых сяброў ХДЗ, але партыйны істэблішмэнт двойчы ня выбраў яго лідэрам. Спачатку ў 2018 годзе лідэрам партыі выбралі стаўленіцу Мэркель Аннэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, затым, у 2021 годзе, Арміна Ляшэта.

У 2021 годзе гэтыя палітыкі — разам з Мэркель, якая заставалася канцлеркай — давялі ХДЗ да паразы на выбарах, і партыя, нарэшце, з трэцяй спробы выбрала сабе ў лідэры Фрыдрыха Мэрца.

Пазыцыя Мэрца па ракетах для Ўкраіны

У апошнія два гады Мэрц, будучы апазыцыянэрам, крытыкаваў Оляфа Шольца за нерашучасьць у дапамозе Ўкраіне і разам зь іншымі палітыкамі не з Сацыял-дэмакратычнай партыі Шольца заклікаў даць Украіне ракеты Taurus.

У кастрычніку ў тэлеінтэрвію ён зноў сказаў, што на месцы Шольца даў бы ўкраінцам гэтыя ракеты, «але ня проста так», а спачатку дамовіўшыся з Брытаніяй і Францыяй аб адзінай палітыцы ў дачыненьні да ракет і запатрабаваўшы ад Пуціна спыніць удары па ўкраінскай інфраструктуры.

«Я б сказаў так: калі ўдары ня спыняцца, то першым крокам будзе адмена ліміту на далёкасьць удараў [у глыбіню тэрыторыі Расеі]. А другім крокам будзе пастаўка Taurus. І тады няхай Пуцін вырашае, як далёка ён хоча зайсьці ў эскаляцыі ў гэтай вайне», — сказаў Мэрц.

Брытанія і Францыя пастаўляюць Украіне крылатыя ракеты Storm Shadow / SCALP заяўленай далёкасьцю да 250 км, нямецкія крылатыя ракеты Taurus маюць далёкасьць да 500 км.

9 сьнежня Мэрц другі раз за вайну прыехаў у Кіеў, запэўніў прэзыдэнта Зяленскага, што па-ранейшаму ўсяляк падтрымлівае Ўкраіну, а таксама паведаміў, што прапануе стварыць новы альянс найбуйнейшых эўрапейскіх саюзьнікаў Украіны (або для пачатку хаця б кантактную групу), каб выпрацаваць агульны погляд на будучы мір ва Ўкраіне.

У гэтую групу, лічыць Мэрц, маглі б увайсьці Нямеччына, Францыя, Польшча і Брытанія.

Пры гэтым Мэрц пастараўся паказаць, што, заклікаючы да міру, ён зусім ня хоча, каб Украіна ва ўсім саступіла патрабаваньням пуцінскай Расеі.

«Вайна ва Ўкраіне павінна скончыцца як мага хутчэй. Пуцін пойдзе на перамовы, толькі калі Ўкраіна будзе здольная абараняцца», — заявіў Мэрц у Кіеве.

130 мільярдаў на абарону

Фрыдрых Мэрц, як і многія эўрапейскія палітыкі, кажа, што Эўропа павінна быць гатова да ізаляцыянісцкай палітыкі Дональда Трампа і ўвогуле здольная абараніць сябе ад расейскай пагрозы. Але ён, у адрозьненьне ад многіх, абяцае хутка павялічыць вайсковыя выдаткі.

На думку лідэра ХДЗ, вайсковыя выдаткі ў 2% ад ВУП (даўно ўсталяваны ў NATO нарматыў, да якога Нямеччына дапаўзла толькі сёлета) — гэта занадта мала, трэба ня менш за 3%, прытым у самым хуткім часе.

Тры адсоткі ВУП Нямеччыны — гэта па стане на сёньня прыкладна 134 млрд даляраў, або 127 млрд эўра.

Расея, казаў Мэрц у кастрычніцкім інтэрвію, узбройваецца такімі тэмпамі, што зможа напасьці на краіну NATO праз пяць-восем гадоў.
Нямеччына і Захад, сказаў Мэрц, памыліліся, вырашыўшы, што Расея не нападзе на Ўкраіну. Новая такая памылка абыдзецца нашмат даражэй.

Закрыць мяжу для нерэгулярных мігрантаў

У пытаньні аб іміграцыі Фрыдрых Мэрц відавочна спадзяваўся адабраць галасы ў галоўнага суперніка, антыімігранцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны»: ён заклікае да рашучага развароту ад палітыкі адчыненых дзьвярэй, якую пачала яго папярэдніца на пасадзе лідэра ХДЗ Ангела Мэркель і працягнуў цяперашні ўрад.

«Трэба нешта рабіць на межах Нямеччыны, і наша прапанова — пачаць разгортваць людзей на мяжы, адразу ж, не адкладаючы. Мы ведаем з 2015 году, што гэта юрыдычна магчыма, і цяпер, у 2024-м, мы павінны нарэшце рашыцца і зрабіць гэта», — кажа Мэрц.

Пры гэтым супрацоўнічаць і тым больш ствараць урадавую кааліцыю з «Альтэрнатывай», якая ў апытаньнях займае другое месца пасьля ХДЗ/ХСЗ, Мэрц рашуча адмаўляецца.

Па выніках выбараў Мэрцу, цалкам магчыма, давядзецца фармаваць кааліцыю з сацыялістамі Шольца.

У нулявыя гады Фрыдрых Мэрц быў адным з галоўных прыхільнікаў канцэпцыі «Leitkultur» — «вядучай культуры».

Гэтая канцэпцыя, у адрозьненьне ад палітыкі мультыкультуралізму, мае на ўвазе, што ў Нямеччыне ёсьць вядучая культура, нямецкая, зь яе традыцыйнымі каштоўнасьцямі (у тым ліку лібэральнымі), і яна павінна мець прыярытэт перад культурамі імігранцкіх грамад.

Праз год пасьля адыходу Мэрца ад палітыкі Ангела Мэркель прызнала, што палітыка мультыкультуралізму ў Нямеччыне правалілася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG