Беларускі ігравы поўнамэтражны фільм «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» рэжысэра Юрыя Сямашкі, прэм’ера якога адбылася на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі 14 лютага, атрымаў узнагароду ад чытачоў бэрлінскай нацыянальнай газэты Tagesspiegel.
Пачынаючы з 2007 году бэрлінская нацыянальная штодзённая газэта Tagesspiegel штогод уручае прыз чытачоў найлепшаму фільму Бэрлінскага кінафэстывалю ў сэкцыі Forum.
22 лютага журы ўручыла прыз нямецкаму прадусару стужкі Марку-Даніэлю Дышану, заўважыла Reform.news.
У сваёй матывацыі ўзнагароды журы адзначыла, што фільм дэманструе «ў тонкай форме (не)магчымы спосаб барацьбы зь цяперашняй адсутнасьцю пэрспэктываў». «Ён уражвае арыгінальным дызайнам і гумарыстычнымі дыялёгамі. „Лебядзіная песьня“ — гэта „ап’яняльны мастацкі дэбют беларускага рэжысэра і калектыву эмігрантаў у польскай эміграцыі“», — гаворыцца ў заяве журы Tagesspiegel.
Прэм’ера першага беларускага ігравога поўнамэтражнага фільму ў конкурсе Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю — «Лебядзінай песьні Фёдара Азёрава» Юрыя Сямашкі — адбылася ўвечары 14 лютага ў бэрлінскім Delphi-Filmpalast, які ўмяшчае 600 чалавек, — калі квіткі трапілі ў продаж, яны былі раскупленыя ў першыя хвіліны.
«Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» удзельнічала ў конкурсе Forum, мэта якога «пашырыць разуменьне таго, што такое фільм, дасьледаваць межы канвэнцый і адкрыць новыя пэрспэктывы».
«Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» апавядае гісторыю музыкі, які хоча напісаць новыя песьні і сабраць свой гурт, пакуль людзі навокал рыхтуюцца да Трэцяй сусьветнай вайны. Фёдар выяўляе, што магічны швэдар, які, як хлопец лічыць, дапамагае яму пісаць песьні, зьнік, і таму выпраўляецца на яго пошукі, што прыводзіць да трагічнага здарэньня. У выніку музыка атрымлівае сваю славу, праўда, у вельмі неканвэнцыйнай публікі.
«Лебядзіная песьня» здымалася ў Варшаве, але дзеяньне карціны адбываецца ў Беларусі. Мы бачым беларускія грошы, менскі адрас у google-мапах на экране тэлефона, героі размаўляюць на беларускай і расейскай мовах. Старт стужцы даў Інкубатар мікрабюджэтнага кіно ініцыятывы Belarusian Filmmakers Network, першапачатковы бюджэт склаў 4 тысячы эўра, на этапе постпрадукцыі ён вырас у некалькі разоў, але застаўся мізэрным па мерках эўрапейскай кінаіндустрыі.
Падрабязьней пра прэм'еру фільма Свабода расказвала раней.
Форум