На камэру Арцём Баярскі сказаў, што цяпер стажыруецца ў будаўнічай краме і плянуе зноў вучыцца на хімфаку БДУ, а таксама што зараз вядзе «законапаслухмяны лад жыцьця». Відэа зь ім запісалі пасьля аднаго зь мерапрыемстваў, на якія павінны хадзіць асуджаныя па «экстрэмісцкіх» артыкулах, заўважыла «Наша Ніва».
У перадачы прапагандыстаў начальнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Рэзянкоў сказаў, што за кожным памілаваным замацавалі паручыцеляў, якія абавязваюцца выплаціць ад 30 да 500 базавых велічынь (ад 1260 да 21 000 рублёў), калі гэтыя людзі ўчыняць якія-небудзь правапарушэньні.
У 2021 годзе Менскі гарадзкі суд прысудзіў Арцёму Баярскаму 5 гадоў калёніі. 20-гадовага студэнта БДУ абвінавацілі ў стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем і ўдзеле ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (гаворка пра адміністраваньне тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» і тэлеграм-чату «Я выхожу/МКБ», а таксама ва ўдзеле ў «Маршы народнага ультыматуму»).
Арцёма Баярскага, былога студэнта і чатырохразовага стыпэндыята Фонду прэзыдэнта, падтрымлівалі навукоўцы з розных краін — з адкрытым лістом да Генпракурора Беларусі Андрэя Шведа выступілі расейскія акадэмікі, таксама Арцёма залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага.
Арцём Баярскі вызваліўся з калёніі 20 студзеня 2025 году. За кратамі ён правёў амаль чатыры гады.
Форум