Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Інстытуту мовазнаўства: У мове эскімосаў дзясяткі назваў лёду, ірляндцаў — ветру, беларусаў — балот


Ігар Капылоў, архіўнае фота, 2019 год
Ігар Капылоў, архіўнае фота, 2019 год

Моўная разнастайнасьць «адлюстроўвае найбольш важныя аб’екты ў жыцьці таго ці іншага этнасу», адзначыў дырэктар Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў на круглым стале, прымеркаваным да Дня роднай мовы, які ў сьвеце адзначаецца 21 лютага.

«Напрыклад, у мове эскімосаў, паўночнага народу, дзясяткі назваў лёду, у ірляндцаў дзясяткі назваў ветру, паколькі яны маракі, ну а мы ўсё ж людзі на балоце, і таму ў нас дзясяткі і нават сотні назваў балот», — сказаў Капылоў.

Яшчэ адным «паказьнікам ідэнтычнасьці» вучоны назваў фразеалёгію. На яго думку, аналізуючы яе, можна зразумець, напрыклад, стаўленьне той ці іншай нацыі да працы («Выходзь на поле з касой, дык будзеш зь ядой», «Дзе грошы гавораць, там праўда маўчыць»).

Таксама, лічыць Капылоў, мова адлюстроўвае нацыянальную сымболіку: сымбалем Японіі ёсьць сакура, Расеі — бяроза, а Беларусі — шыпшына, вярба і дуб.

Аналізуючы назвы тапанімічных аб’ектаў Беларусі, можна «вывучыць усю сацыяльна-эканамічную гісторыю краіны», лічыць ён.

Навуковец адзначыў, што «мова будзе жыць толькі тады, калі яна будзе ажыцьцяўляць сваю асноўную камунікацыйную функцыю — выступаць у якасьці сродку зносін». «Паводле апошняга перапісу, больш за 2,5 млн жыхароў (2.447.764 чалавекі, перапіс 2019 году) заявілі, што яны лічаць беларускую мову роднай і ёю карыстаюцца», — сказаў Капылоў і дадаў, што гэтая лічба «большая за насельніцтва многіх эўрапейскіх краін».

На думку дырэктара інстытуту, у Беларусі «захоўваецца прэстыж мовы сярод моладзі». У пацьверджаньне сваёй тэзы ён прывёў той факт, што на імпрэзы Інстытуту мовазнаўства прыходзяць шмат маладых людзей, таксама моладзь «актыўна ўключаецца ў навукова-дасьледчую працу» ў галіне беларускага мовазнаўства, у тым ліку распрацоўваецца праграма штучнага інтэлекту, якая дазволіць распазнаваць старажытныя тэксты.

  • Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня «Беларуская ідэнтычнасьць у 2024 годзе», падрыхтаванага сацыёлягамі Філіпам Біканавым і Канстанцінам Несьцяровічам, доля гарадзкіх жыхароў, якія аддаюць перавагу беларускай мове, летась склала 11%. «Часам» на ёй размаўляюць 44% гараджан. Расейскай мове аддаюць перавагу 88%, часам ёй карыстаюцца 5%.
  • Паводле дасьледаваньня, час ад часу ў зносінах выкарыстоўваюцца ангельская (у 19% апытаных), польская (у 6%) і ўкраінская (у 4%) мовы.
  • Гэтыя зьвесткі крыху адрозьніваюцца ад вынікаў папярэдняга апытаньня, прадстаўленых Біканавым і Несьцярэнкам у сьнежні 2023 году. Тых, хто аддае перавагу беларускай мове, было 7%, расейскай — 92%. Час ад часу на беларускай размаўлялі 44%, расейскай — 1%, ангельскай — 16%, польскай — 5%, украінскай — 4%.
  • Роднай беларускую мову лічаць 63% апытаных (год таму 56%), расейскую — 71% (73%), польскую і ўкраінскую — па 2% (па 1%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG