Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паслабленьні, якія ўводзяць у Крымінальны кодэкс, — не для палітычных апанэнтаў рэжыму, — праваабаронца Сапелка


Ілюсторацыйнае фота. Завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, студзень 2023 году.
Ілюсторацыйнае фота. Завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, студзень 2023 году.

Юрыст і праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка адказвае на пытаньне, чаму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў палітычныя рэпрэсіі не зьмяншаюцца, і ацэньвае апошнія зьмены ў Крымінальным кодэксе.

Сьцісла:

  • Ніякіх рухаў у бок зьмякчэньня стаўленьня да ідэалягічных праціўнікаў улады не зрабілі.
  • Пакараньні для асобных катэгорыяў асуджаных зьмякчылі, але не для тых, якіх абвінавачваюць у «экстрэмісцкіх» складах злачынстваў.
  • Можна прагназаваць, што Лукашэнка працягне вызваляць нейкую частку палітзьняволеных.

— Нейкі час таму было шмат развагаў наконт таго, ці зьменшацца рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Здавалася б, для гэтага былі пэўныя лягічныя падставы, але пакуль мы не назіраем ня тое што спыненьня, а нават аслабленьня рэпрэсіяў. Чаму?

— Пакуль немагчыма дакладна спасылацца на нейкую статыстыку, бо прайшло вельмі мала часу пасьля выбараў. І пасьля таго, як агучылі ідэю беларуска-амэрыканскіх дамоўленасьцяў наконт палітвязьняў, таксама мінула зусім няшмат часу.

У цэлым мы бачым, што палітыка ў дачыненьні да праціўнікаў рэжыму не памянялася. І першы яўны індыкатар — становішча палітзьняволеных. Для іх не прымяняюць ніякіх прадугледжаных заканадаўствам магчымасьцяў датэрміновага вызваленьня. Ім не мяняюць пакараньне на мякчэйшае. Практычна ўсе вядомыя нам палітзьняволеныя цалкам адбываюць прызначаны тэрмін. У горшым выпадку тэрмін нават падаўжаецца.

Па-ранейшаму палітзьняволеным працягваюць пагаршаць рэжым, выкарыстоўваюць штрафныя ізалятары ды іншыя схемы ціску: пазбаўленьне магчымасьці відэазванкоў, тэлефонных званкоў і нават перапіскі.

— Калі разглядаць трэнды дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сфэры, то апошнім годам было ўведзена шмат зьменаў у заканадаўства. Якія зь іх галоўныя, вартыя ўвагі?

— Зьмены, унесеныя ў крымінальнае заканадаўства, істотна пашырылі магчымасьць прымяненьня Крымінальнага кодэксу адносна тых, хто па-за межамі Беларусі. Дагэтуль было толькі некалькі артыкулаў, паводле якіх можна было перасьледаваць беларусаў за іхныя дзеяньні па-за межамі Беларусі. Цяпер гэты сьпіс істотна пашырылі за кошт такіх артыкулаў, як «Зьнявага прэзыдэнта», «Зьнявага службовай асобы» ды іншых.

Гэта сьведчаньне таго, што ўлады маюць намер пашырыць рэпрэсіі супраць беларусаў, вымушаны зьехаць з краіны.

— Нядаўна былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія аслабляюць пакараньне за пэўныя проціпраўныя дзеяньні. Аднак варта зазначыць, што няма ніякага паслабленьня за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».

— Гэтыя так званыя «экстрэмісцкія» склады злачынстваў зьмянілі яшчэ ў 2021 годзе, калі пакараньні паводле гэтых артыкулаў былі ўзмоцненыя. З тае пары ніякіх рухаў у бок зьмякчэньня стаўленьня да ідэалягічных праціўнікаў улады не рабілі.

У зьменах, якія яны зараз унесьлі і актыўна рэклямуюць, я як праваабаронца нічога надзвычайнага ня бачу. Бо некаторыя зьмякчэньні пакараньняў патрабаваліся аб’ектыўна. А наконт некаторых я ня ўпэўнены, што гэта пазытыўныя зьмены.

Напрыклад, зьнізілі пакараньне за збыт наркотыкаў і псыхатропаў, — гэта, з майго гледзішча, даволі спрэчнае рашэньне. Павелічэньне межаў пакараньня «на разгляд судзьдзяў» для тых краінаў, дзе судовая сыстэма незалежная — гэта добра. Але для Беларусі гэта выглядае неадназначна. Максымальнае пакараньне засталося ранейшым. Суд зможа караць мякчэй, але ў яго засталася магчымасьць даваць і максымальныя пакараньні.

Зьніжэньне пакараньня за некаторыя службовыя злачынствы — таксама дастаткова спрэчнае з гледзішча эфэктыўнасьці. Пакараньні для асобных катэгорыяў зьмякчыліся, але з гэтых катэгорыяў выкрасьлілі асобаў, абвінавачаных у «экстрэмісцкіх» складах злачынстваў. А гэта выразна ўказвае на палітычны характар заканадаўчых зьменаў. Паслабленьні не распаўсюджваюцца на апанэнтаў рэжыму.

— Аб’яднаны пераходны кабінэт выдаў заяву аб санкцыях і праблеме палітвязьняў. Ці можна сказаць, што пазыцыя дэмакратычных сілаў наконт санкцыяў і палітвязьняў таксама будзе мяняцца ў выніку зьменаў у сусьветнай палітыцы, якія мы ўсе цяпер назіраем?

— Варта адзначыць, што рэжым не вядзе перамоваў з дэмакратычнымі сіламі — ён вядзе перамовы з замежнымі краінамі. Мы ўжо назіралі спробы менскага рэжыму знайсьці агульныя пункты сутыкненьня з заходнімі ўрадамі ў пытаньні палітзьняволеных. Вынікам стала вызваленьне больш як 250 палітвязьняў. Чым скончыцца новы этап, прадказаць немагчыма, бо палітычны ляндшафт мяняецца вельмі хутка.

Можна прагназаваць, што Лукашэнка працягне вызваляць нейкую частку палітзьняволеных. Для яго гэта нескладана, бо многія з тых 1200 палітвязьняў, якія застаюцца ў турмах, ужо адбылі даволі вялікую частку тэрміну.
Таму Лукашэнка можа спакойна вызваліць некалькі сотняў палітзьняволеных — і лічыць мэты дасягнутымі. Ён можа зьмясьціць іх пад строгі нагляд ці прымусіць пакінуць Беларусь. І атрымаць за гэта ў абмен эканамічныя паслабленьні, якія падтрымаюць далейшае існаваньне рэжыму.

Гэты сцэнар ня новы, мы яго назіралі ўжо 10 гадоў таму. Але ў гэтым сцэнары заўсёды можа адбыцца збой, калі, напрыклад, пазыцыя эўрапейскіх дзяржаваў не дазволіць зьняць санкцыі ў поўнай ступені.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG