Журналісткі Мая Жывановіч і Крысьціна Фалтынава пішуць пра тое, якія разбурэньні прыйшлі ва Ўкраіну разам з расейскай агрэсіяй.
Дамы, школы і лякарні зьнішчаныя. Пусьцелі цэлыя гарады. Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну тры гады таму ў лютым прывяло да масавых разбурэньняў. Паводле ацэнак, больш за адзін з 10 дамоў па ўсёй краіне быў пашкоджаны або разбураны.
У той час як некаторыя ўкраінскія гарады і мястэчкі перажылі рэканструкцыю, спадарожнікавыя здымкі паказваюць маштаб руінаў, якія нанесла ўварваньне Расеі.
Усходнеўкраінскі горад Бахмут быў месцам адной з самых крывавых бітваў гэтай вайны. Да ўварваньня ў Бахмуце, вядомым сваёй прамысловасьцю пеністых вінаў, жылі 70 тысяч чалавек.
У траўні 2023 году мэр Бахмуту Аляксей Рэва заявіў, што Бахмут ляжыць у «руінах і папялішчах», а паводле ацэнак чыноўнікаў, там засталося толькі 500 чалавек.
Дасьледнікі-праваабаронцы кажуць, што ў 2024 годзе ва Ўкраіне было пашкоджана або разбурана 576 навучальных устаноў. Гэта больш як удвая перавышае лічбу разбурэньняў папярэдняга году.
Міжнародная няўрадавая арганізацыя Save the Children заявіла ў мінулым месяцы, што тысячы дзяцей ва Ўкраіне цяпер вучацца онлайн або ў падпольных клясах.
«Бамбаваньне адукацыйных установаў ва Ўкраіне супярэчыць міжнароднаму гуманітарнаму праву і абсалютна недапушчальнае — атакі павінны быць неадкладна спыненыя», — сказала ў студзені Соня Хуш, дырэктарка арганізацыі ва Ўкраіне.
Школа № 66 у Марыюпалі, партовым горадзе на беразе Азоўскага мора ва ўсходняй Украіне, была адрамантаваная ў 2018 годзе і названа самай сучаснай навучальнай установай гораду. Яна зазнала бамбаваньня 10 сакавіка 2022 году. Разбурэньні застаюцца бачнымі.
У сумесным дакладзе Сусьветнага банку, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Эўрапейскай камісіі ў лютым 2024 году кошт аднаўленьня Ўкраіны ацэньваецца ў 486 мільярдаў даляраў.
Усходнеўкраінскі горад Мар'інка меў насельніцтва каля 9000 чалавек да ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году. К лістападу таго году горад быў бязьлюдным пасьля амаль поўнага разбурэньня. Ён застаецца незаселеным па сёньня.
Віцэ-прэм'ер Украіны Аляксей Чарнышоў раней у лютым заявіў, што Ўкраіне неабходна падвоіць валавы ўнутраны прадукт, каб аднавіцца. У сваім паведамленьні ў Facebook Чарнышоў заявіў, што пры цяперашнім узроўні прадукцыйнасьці ва Ўкраіне не хапае да 4,5 мільёна працоўных.
Саляны горад Салядар ва ўсходняй Украіне быў месцам інтэнсіўных баёў пасьля паўнамаштабнага ўварваньня Расеі, у выніку чаго большая частка яго інфраструктуры была разбурана.
Апытаньне, праведзенае вясной 2024 году, паказала, што многія жыхары Ірпяня, прыгарада Кіева, а таксама горада Харкаў аднавілі свае дамы за ўласныя сродкі.
Каля адной траціны апытаных жыхароў Харкава і палова жыхароў Ірпяня заявілі, што зьвярталіся па дапамогу ў рамках украінскай урадавай праграмы eRecovery. Але больш за 70% тых, хто патраціў свае ўласныя грошы, сказалі, што ня вераць, што гэтыя сродкі будуць кампэнсаваныя.
Адны з самых інтэнсіўных баёў і разбурэньняў ва ўсходнеўкраінскім горадзе Рубежнае адбыліся ў сакавіку 2022 году. Горад заставаўся пад расейскай акупацыяй з траўня таго году.
Згодна з ацэнкай Сусьветнага банку, ураду Ўкраіны, Эўрапейскай камісіі і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у сьнежні 2024 г., больш якадзін з 10 дамоў ва Украіне былі пашкоджаны або цалкам разбураны пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Севераданецк ва ўсходняй Луганскай вобласьці Ўкраіны пастаянна бамбаваўся расейцамі ў 2022 годзе. Расейскія войскі былі ненадоўга выцесьненыя з гораду ў чэрвені таго году, але пазьней вярнулі кантроль над ім.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў у інтэрвію ў лютым, што Злучаныя Штаты жадаюць удзельнічаць у доўгатэрміновай адбудове незалежнасьці Ўкраіны, укладаючы ў яе эканоміку, у тым ліку ў патэнцыйныя сумесныя прадпрыемствы па здабычы карысных выкапняў.
Рубіё сказаў, што гэта дапаможа Вашынгтону вярнуць мільярды даляраў, якія ён выдаткаваў ва Ўкраіне, і што частка гэтых грошай будзе «рэінвэставаная назад ва Ўкраіну, каб аднавіць усе разбурэньні, якія там адбыліся».
Арэхаў на поўдні Запароскай вобласьці Ўкраіны, дзе калісьці насельніцтва складала 14 тысяч чалавек, стаў прыфрантавым горадам з пачатку ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году. Паводле некаторых паведамленьняў, у ім засталіся толькі сотні жыхароў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум