Грамадзкая арганізацыя «Годна» разам з гуртом Nochy выпусьцілі адмысловы кліп да Міжнароднага дня роднай мовы, які зьяўляецца адказам «тым, хто сумняецца ў будучыні беларускай мовы».
«Гэта ня проста песьня — гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца, саромецца або маўчаць.
Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя камэнтары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня. Але гэта не гісторыя пра хэйт — гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусьціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсьць, і нас не спыніць», — тумачаць аўтары кампазыцыі.
Яны адзначаюць, што мова — гэта ня толькі сродак камунікацыі, але і частка ідэнтычнасьці.
«Нас натхніла на ўдзел у праекце разуменьне таго, як важна захоўваць і перадаваць яе наступным пакаленьням. Былі радыя спрычыніцца да гэтага важнага працэсу. Гэта быў ня толькі творчы працэс, але і духоўны момант, калі кожнае слова набірае асаблівае значэньне». — кажуць удзельнікі гурту Nochy.
Форум