На думку Шарэнды-Панасюк, палітвязьні — гэта «захопленыя акупацыйным рэжымам закладнікі». Закладнікамі яны перастаюць быць толькі ў пяці выпадках, лічыць былая палітзьняволеная: «іх выкупляюць, іх абменьваюць, іх вызваляюць у выніку сілавой апэрацыі па вызваленьні закладнікаў/ультыматыўнага ціску на захопнікаў, іх забіваюць, яны забіваюць сабе самі».
Беларускім закладнікам, мяркуе актывістка, пакінулі толькі два апошнія варыянты.
«Выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Перад такім фактам паставілі нас каты — памілоўка (прашэньне аб памілаваньні. — Рэд.) + інтэрвію + паперка аб супрацоўніцтве. Толькі так, адным пакетам. Ніякіх іншых варыянтаў», — адзначыла Шарэнда-Панасюк.
Яна падкрэсьліла, што напісала гэтыя паперы «пад дыктоўку» 24 сьнежня 2024-га і 3 лютага 2025 году, «прайшоўшы 270 жахлівых дзён тэрору ШЫЗА, год ПКТ (штрафны ізалятар, памяшканьне камэрнага тыпу. — рэд.) і дзясяткі пякельных этапаў».
Паводле былой палітзьняволенай, падпісваючы паперы аб супрацоўніцтве зь сілавікамі, яна ўжо ведала, што ні сэкунды не зьбіраецца быць «Эдэльвэйсам» (прысвоены ёй агентурны псэўданім), што мае імгненьні на тое, каб уцячы зь Беларусі, якую назвала «канцлягерам».
«Сп. Зянон! Ёсьць усё ж яшчэ адзін мэтад выратаваньня закладнікаў — калі хтосьці прапаноўвае сябе на іхнае месца. У лукашысцкіх лягерах сьмерці засталіся Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава, Алена Гнаўк. Калі Лукашэнка такі міласэрны, калі прыслухоўваецца да вас, прапануйце сябе на іх месца. Пакаштуйце таго, праз што рэжым прапусьціў іх, і тады, калі застаняцеся жывы, здаровы, пры розуме, не ўзьненавідзіце ўвесь сьвет, мы абмяркуем з вамі маральныя бакі пытаньня», — рэзюмавала Шарэнда-Панасюк.
Лідэр руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк у інтэрвію Свабодзе заявіў, што памыляўся ў Паліне Шарэндзе-Панасюк, з нагоды вызваленьня якой «фактычна двойчы зьвяртаўся да Лукашэнкі».
«Я галоўны яго палітычны апанэнт. І я пераступаю празь сябе і прашу яго: „Выпусьці гэтую жанчыну“. Ну выпусьціў. Гэтая жанчына пахіхікала зь мяне, сказала: „Гэта ўсё лухта, хто там Пазьняка слухае“ і гэтак далей», — заявіў ён.
На думку Пазьняка, у зьняволеньні можна падпісваць любыя прашэньні аб памілаваньні, таму што «грош яму цана — галоўнае выйсьці», аднак падпісваць пагадненьне аб супрацоўніцтве з КДБ — «гэта табу, гэта закон, гэтага рабіць нельга».
- Паліна Шарэнда-Панасюк прабыла ў няволі 4 гады і 29 дзён — з 3 студзеня 2021 году да 1 лютага 2025-га. Праз чатыры дні пасьля вызваленьня яна пакінула Беларусь.
- Пасьля вызваленьня з калёніі і ад'езду зь Беларусі на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні Шарэнда-Панасюк прызналася, што падпісала паперы аб супрацы зь сілавікамі, і заклікала іншых палітвязьняў, якіх прымусілі гэта зрабіць, пры магчымасьці публічна абвергнуць гэтыя паперы.
Форум