Ва Ўкраіне на дзяржаўным узроўні адзначаюць Дзень памяці герояў Нябеснай сотні, якія загінулі ў часе Рэвалюцыі годнасьці ў 2013–2014 гадах. Сярод іх і два беларусы — Міхась Жызьнеўскі (загінуў 22 студзеня 2014 году) і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парлямэнту Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 году ад інфаркту, калі ўцякаў ад бэркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).
Дзень памяці герояў Нябеснай сотні заснаваны паводле ўказу прэзыдэнта ў лютым 2015 году.
20 лютага 2014 году ў цэнтры Кіева загінулі 48 грамадзян — найбольш за ўвесь час пратэстаў. Іх разам зь іншымі 54 загінулымі і сьмяротна параненымі зімой 2013–2014 гадоў назвалі героямі Нябеснай сотні.
Сёлета ўшанаваньне памяці загінулых пратэстоўцаў адбываецца пад дэвізам «Героі першай перамогі ў бітве, якая працягваецца».
Назва Нябесная сотня зьявілася як водгук назвы структурных адзінак самаабароны Майдану — сотняў. Упершыню словазлучэньне «Нябесная сотня» гучала 21–22 лютага 2014 году пры разьвітаньні з загінулымі пратэстоўцамі.
Сёньня прадстаўнікі кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і ягоная жонка Алена, усклалі кветкі да крыжа на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве і паставілі зьнічы ў памяць загінулых.
Крыж на месцы гібелі пратэстоўцаў на вуліцы Інстытуцкай (цяпер алея Герояў Нябеснай сотні) паставілі з ініцыятывы грамадзкасьці. У будучыні ён стане часткай Нацыянальнага мэмарыяльнага комплексу герояў Нябеснай сотні — музэю Рэвалюцыі годнасьці.
Штогод на месца гібелі актывістаў у 2013–2014 гадах звычайныя грамадзяне нясуць кветкі і ставяць зьнічы. Аналягічныя захады 20 лютага адбываюцца ўва ўсіх рэгіёнах Украіны.
Форум