Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова Фарэраў ёсьць, а беларускай няма». Размова з ініцыятаркай пэтыцыі да Amazon


Марыя Грыц
Марыя Грыц

На плятформе change.org зьявілася пэтыцыя з просьбай да плятформы Amazon Kindle Direct Publishing дадаць беларускую мову — для публікацыі і продажу электронных кніг. Расказваем пра ініцыятыву падрабязьней.

Вялікае расчараваньне

Ідэя папрасіць Amazon дадаць беларускую мову ў Amazon Kindle Direct Publishing (плятформа, якая дазваляе заказаць друк створанай самастойна ці любой іншай кнігі нават у адным асобніку. — РС) належыць грамадзкай актывістцы, журналістцы Марыі Грыц. Яна ўзьнікла з асабістага досьведу жанчыны. Маці пяцігадовай дзяўчынкі хацела зрабіць для сваёй дачкі маляванку, прызнаецца Марыя.

«Мы сабраліся зь сябрамі: хтосьці рабіў з дапамогай штучнага інтэлекту выявы, хтосьці тэкст пісаў, хтосьці займаўся адміністрацыйнай часткай, загружаў на сайт. Аказалася, што мы ня можам гэтага зрабіць, ня можам нічога надрукаваць, таму што беларуская мова не падтрымліваецца ў Kindle. І гэта было для мяне вялікім расчараваньнем», — кажа Марыя Грыц.

Яна прывяла лічбы: ва Ўкраіне за 2023 год было выдадзена блізу 5800 кніг, а на Amazon праз плятформу Kindle было апублікавана больш за 10 тысяч украінскіх кніг.

«І гэта ўсясьветны трэнд. Гэта значыць, што калі вы захочаце напісаць кнігу, вам зусім не абавязкова шукаць вялікія грошы, каб надрукаваць увесь наклад. Я захацела купіць кнігу — і мне адзін асобнік надрукавалі на Amazon і поштай прыслалі. Гэта ж неймаверна клясна!

Вельмі крыўдна, што для беларускай культуры гэта недасяжна. Чат GTP пасьля апошняга абнаўленьня вельмі добра „гаворыць“ па-беларуску. Я спадзяюся, што і да Amazon мы таксама дастукаемся», — ня траціць надзеі ініцыятарка пэтыцыі.

Ні выдаць, ні прадаць

Марыя прывяла прыклад: выдавецтва «Янушкевіч» спрабавала прадаваць свае электронныя кнігі праз Amazon, але сутыкнулася з праблемай, што плятформа не падтрымлівае беларускай мовы. А значыць, ня толькі выдаваць, але і прадаваць ужо выдадзеныя кнігі там немагчыма.

Таму Марыя Грыц запусьціла пэтыцыю на change.org.

Людзі могуць пакінуць свае подпісы са зваротам да Amazon Kindle, каб яны разблякавалі беларускую мову.

«Ведаю, што Amazon падтрымлівае мову, для прыкладу, Фарэрскіх астравоў — там каля 80 тысяч носьбітаў фарэрскай мовы. Гэта адны зь лідэраў у колькасьці выдадзеных кніг на душу насельніцтва. Пагадзіцеся, вельмі клясны прыклад, каб мы таксама да гэтага імкнуліся.

Ці вось 9 мільёнаў носьбітаў каталянскай мовы змагаюцца за сваю мову, за сваю ідэнтычнасьць, як ільвы! І нам ёсьць што ў іх пераняць у гэтым пляне. Таму, мяркую, нам варта пачаць з пэтыцыі — падпісвайце яе. І вельмі істотна, каб мы расказвалі адно аднаму пра яе».

Таму Марыя Грыц таксама запусьціла акцыю #BezosGiveMeMyBook.

То бок, калі ангельскамоўныя людзі не разьбяруцца, калі чалавек будзе пісаць пост па-беларуску, хэштэг гэты вельмі істотны. Марыя раіць усім ахвочым пазначаць тэгамі #Amazon Kindle у сваіх паведамленьнях, каб Amazon бачыў, што ёсьць ня толькі пэтыцыя, што беларусаў шмат. І што гэта публічная заява не асобных людзей, а беларускамоўнай супольнасьці.

«Я зьвярнулася ў некалькі інстытуцый: перамовілася зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, яны накіруюць ад сябе афіцыйны ліст. Таксама я напісала ў беларускі ПЭН. Адгукнулася і прадстаўніцтва ў справах нацыянальнага адраджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Гэта мяне вельмі цешыць, таму што акрамя такой „нізавой“ грамадзкай патрэбы было б вельмі добра, каб гэтую акцыю падтрымалі прадстаўнікі інстытуцый — каб былі афіцыйныя звароты, а таксама арганізацыі, зацікаўленыя, каб беларуская мова таксама была дасяжная для аўтараў і аўтарак, чытачоў і чытачак», — тлумачыць Марыя Грыц.

Альгарытм дзеяньняў такі:

  • 1. Падпішы пэтыцыю. Кожны подпіс — гэта крок да таго, каб беларуская мова зьявілася на Amazon KDP!
  • 2. Выкладзі пост у сацсетках. Зрабі фота сваёй ўлюблёнай беларускай кнігі і дадай подпіс: "Сёньня я трымаю ў руках любімую беларускую кнігу — [назва кнігі]. Але на Amazon KDP беларуская мова ўсё яшчэ недасяжная! Я далучаюся да акцыі #BezosGiveMeMyBook і патрабую, каб Amazon дадаў беларускую мову на Kindle Direct Publishing.
  • 3. Дадай хэштэгі і перадай эстафэту тром сваім сябрам:

"[@сябар1, @сябар2, @сябар3], якія беларускія кнігі натхняюць вас?

  • Ініцыятары пэтыцыі просяць падзяліцца пэтыцыяй у групах, расказаць пра яе сябрам, дадаць у сторыс.

#BezosGiveMeMyBook #BelarusianOnKDP

#AddBelarusianToAmazon #HeyAmazonWeNeedBelarusianBooks

#ДзеньРоднайМовы #БеларускаяКніга

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG