Як паведамляе The Guardian, у «рэпэртуар» фальсыфікатараў уваходзілі як клясыкі жывапісу, напрыклад Рэмбрант, так і мастакі эпохі мадэрнізму, такія як Пікаса. Ашуканцы прадавалі фальшыўкі праз інтэрнэт.
Паліцыя канфіскавала 71 палатно. Частка палотнаў была ўжо завершаная, яшчэ частка — у стадыі працы. Акрамя мальбэртаў, пэндзляў, фарбаў і іншых мастацкіх матэрыялаў, у доме на поўначы Рыма знайшлі шматлікія каталёгі мастацкіх выставаў, зь якімі ашуканцы зьвяраліся, вырабляючы копіі. Таксама яны падраблялі сэртыфікаты сапраўднасьці на зробленыя імі копіі.
Расьсьледаваньне паліцыі пачалося пасьля таго, як на вэб-сайтах, якія займаюцца гандлем творамі мастацтва, знайшлі сотні карцін, сапраўднасьць якіх выклікала сумневы ў экспэртаў. Большасьць зь іх нібыта былі напісаныя майстрамі XIX і XX стагодзьдзя.
Гэта ня першы выпадак, калі ў сьвеце, і ў прыватнасьці ў Італіі, раскрываюць махлярствы з фальшывымі карцінамі вядомых мастакоў. Так, у лістападзе 2024 году італьянская паліцыя рассакрэціла буйную сетку фальсыфікатараў, якая ўключала ў сябе сама меней 6 майстэрняў і разгалінаваныя гандлёвыя сувязі. Там таксама падраблялі карціны топавых мастакоў ад Ван Гога да Бэнксі. Тады канфіскавалі больш за 2100 падробленых карцін. Калі б іх змаглі прадаць пад выглядам сапраўдных, іх сукупная цана магла б скласьці каля 165 мільёнаў даляраў.
Форум