На 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН (РПЧ), якая адкрыецца 24 лютага ў Жэнэве, адбудзецца інтэрактыўны дыялёг аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляецца на сайце арганізацыі.
Яго правядзеньне заплянаванае на 19 сакавіка, разам з аналягічнымі дыялёгамі аб становішчы ў КНДР і М’янме. Адрозьненьне ў тым, што пра дзьве згаданыя краіны інфармацыю прадставяць адпаведныя спэцыяльныя дакладчыкі, а пра Беларусь — спэцыяльна створаная група незалежных экспэртаў, якая нядаўна падрыхтавала свой першы даклад.
У ім, у прыватнасьці, канстатуецца, што ўрад Беларусі «ўчыніў шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва». Гэтыя парушэньні, на думку групы, зьяўляюцца «часткай жорсткіх намаганьняў у задушэньні любой апазыцыі кіраваньню прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі». Пры гэтым «некаторыя з гэтых парушэньняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці».
Група незалежных экспэртаў у становішчы з правамі чалавека ў Беларусі была створаная РПЧ 4 красавіка 2024 году «на аднаўляльны пэрыяд у адзін год» для расьсьледаваньня і высьвятленьня фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэньняў і ўціску правоў чалавека і парушэньняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году.
Форум