Менчукі заўважылі, што на маршрутах грамадзкага транспарту стала гучаць больш расейскай мовы. На пытаньне «Нашай Нівы», чаму абвесткі раптам загучалі па-расейску, хоць раней былі на беларускай мове, у «Менсктрансе» адказалі, што «ў нас дзьве афіцыйныя мовы».
На пытаньне журналістаў, якія зьвярнуліся ў «Менсктранс» як звычайныя грамадзяне, у ведамстве адказалі, што «ў нас дзьве афіцыйныя мовы» (хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе, што абедзьве мовы — беларуская і расейская — маюць у Беларусі статус дзяржаўных), таму абвесткі могуць гучаць на любой зь іх.
«Што да таго, што ўсё абвяшчаецца на расейскай, — трошкі з вамі ня згодны. Назвы прыпынкаў адназначна абвяшчаюцца на беларускай мове, а інфармацыя агульнага характару, кшталту „Праходзьце ў сярэдзіну салёна“ ці „Здымайце заплечнікі“, на адным прыпынку можа гучаць па-расейску, а празь некалькі прыпынкаў — па-беларуску», — патлумачылі па тэлефоне.
У «Менсктрансе» дадалі, што дубляваць аб’явы на дзьвюх мовах не хапіла б часу, таму было прынятае такое рашэньне.
Разам з тым у ведамстве не змаглі патлумачыць, чаму раней хапала абвестак толькі на беларускай мове, а цяпер вырашылі дадаць расейскую. У адказ там толькі чарговы раз паўтарылі, што «ў Беларусі дзьве афіцыйныя мовы», таму цяпер будзе так.
У канцы 2024 году прарасейская і праўладная блогерка Вольга Бондарава патрабавала ад дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс», каб прыпынкі ў грамадзкім транспарце аб’яўлялі ня толькі на беларускай, але і на расейскай мове. Тады Бондарава атрымала адказ за подпісам кіраўніка арганізацыі, што аб’явы на дзьвюх мовах немагчымыя, бо транспарт на прыпынках стаіць ня больш за хвіліну і ўмясьціць у гэты адрэзак часу паведамленьні на расейскай і беларускай мовах складана. Акрамя таго, «Менсктранс» згадаў і інфармацыю на расейскай мове, якая гучыць на маршрутах.
Нядаўна менчукі заўважылі, што на маршрутах грамадзкага транспарту ў сталіцы Беларусі стала гучаць больш расейскай мовы. На паведамленьні беларусаў у сацсетках пра гэта зьвярнула ўвагу Reform.news. Паводле сьведчаньняў менчукоў, у прыватнасьці, аб’явы на расейскай мове зьявіліся на маршрутах аўтобуса № 143 і тралейбуса № 31. На пэўных маршрутах, паводле назіраньняў менчукоў, па-расейску гучыць толькі дадатковая інфармацыя, аб’явы прыпынкаў засталіся па-беларуску; на іншых — знаёмы ўсім зварот «Паважаныя пасажыры» загучаў па-расейску. Беларускамоўныя паведамленьні пакуль засталіся ў трамваях.
Форум