Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Існуе вялікая імавернасьць, што ўлады будуць паступова адпускаць цэны, — эканамістка Лузгіна


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу, 17 лютага 2025 году
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу, 17 лютага 2025 году

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна аналізуе супярэчлівыя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт прыватнага бізнэсу і тлумачыць прычыны часовага ўмацаваньня беларускага рубля.

Сьцісла:

  • Калі меркаваць па эканамічных паказьніках, прыватныя кампаніі ў Беларусі працуюць лепш за дзяржаўныя, даюць больш прыбытку.
  • Паводле якога прынцыпу ўлада зьбіраецца вылучаць «годныя» кампаніі — незразумела.
  • Распрацоўваюцца мэханізмы дзеля аслабленьня жорсткага рэгуляваньня цэнаў на тавары, уведзенага некалькі гадоў таму.
  • Цяперашні рост курсу беларускага рубля не падмацаваны ніякай моцнай эканамічнай базай.
  • Павелічэньне адмоўнага сальда замежнага гандлю аб’ектыўна стварае рызыкі зьніжэньня курсу беларускага рубля

— На сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай сфэры 17 лютага Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў спыніць вывад бізнэсам грошай за мяжу і паабяцаў «жорстка падтрымліваць» прыватны бізнэс, які «сумленна працуе». Падчас гэтай нарады гучалі адначасова і пагрозы, і заляцаньні ў адрас прыватнага бізнэсу. Як варта ацаніць гэтыя супярэчлівыя заявы?

— Вось ужо некалькі тыдняў Лукашэнка актыўна выказваецца пра адносіны з прыватным бізнэсам. З аднаго боку, ён патрабуе, каб мясцовыя ўлады мелі большы кантроль, нават прызначалі кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Зь іншага боку, на ўчорашняй нарадзе ён казаў, які важны прыватны бізнэс для Беларусі, а таксама што трэба забясьпечыць роўныя ўмовы для працы дзяржаўных і прыватных (у тым ліку замежных) кампаніяў.

Чаму такі наратыў? Калі паглядзець усе эканамічныя паказьнікі, то відавочна, што прыватныя кампаніі ў Беларусі лепш працуюць, даюць больш прыбытку. І на фоне таго, што чакаецца запавольваньне эканамічнага росту, роля прыватнага сэктару для беларускай эканомікі важная як ніколі. Мы бачым нэгатыўныя працэсы, калі многія кампаніі пасьля 2020 году выехалі зь Беларусі, перавялі свой бізнэс у іншыя краіны. І таму Лукашэнка хоча запэўніць астатніх (якія, магчыма, таксама думаюць вывесьці свой бізнэс), што ўмовы ня будуць пагаршацца.

Cустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў, 17 лютага 2025 году
Cустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў, 17 лютага 2025 году

— Пра «роўныя магчымасьці» Лукашэнка выказаўся даволі своеасабліва. Маўляў, мы створым сьпіс кампаніяў, якія працуюць сумленна, — і ніхто ня будзе хадзіць да іх з праверкамі...

— Так, будзе створаны сьпіс «добранадзейных» кампаніяў, да якіх ня будуць чапляцца з праверкамі. Гэта апрыёры перакрэсьлівае ўсе заявы пра «роўныя ўмовы». Атрымліваецца, той, хто ў сьпісе, будзе заслугоўваць нейкіх прывілеяў, а хтосьці — не. Паводле якога прынцыпу будуць выбірацца «годныя» кампаніі, незразумела.

У кожным разе, тут умешваецца чалавечы чыньнік. Гэта ўжо не празрысты працэс. Празрысты працэс — гэта калі ёсьць заканадаўства і рэгуляваньне, паводле якога ўсе працуюць у аднолькавых умовах. Тут іншае, і гэта можа нараджаць кулюарнасьць, «дамоўленасьці» і гэтак далей. То бок зноў «часам не да законаў».

— Чаму на гэтай нарадзе прысутнічала расейская грамадзянка, самая багатая жанчына Расеі, заснавальніца маркетплэйсу Wildberries Тацяна Кім? Што гэта магло азначаць?

— Безумоўна, гэтая фірма мае свае інтарэсы ў Беларусі і хоча пашыраць сваю прысутнасьць. Магчыма, для гэтага ім спатрэбілася выйсьці на Лукашэнку, каб рашаць нейкія свае пытаньні. У ідэале ж павінна проста працаваць антыманапольнае заканадаўства, якое рэгулюе такія рэчы. Тут зноў-такі бачым, што ўсё вырашаецца на індывідуальным узроўні (у гэтым выпадку на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва).

Магчыма, улады Беларусі ставяць нейкія умовы, каб на гэтай пляцоўцы больш прысутнічалі беларускія вытворцы, бо для беларускага рынку гэта даволі вялікі гулец у галіне гандлю. Трэба адзначыць, што такія буйныя онлайн-пляцоўкі могуць ствараць пагрозы мясцовым беларускім гандлёвым сеткам. Аб’ёмы, абароты і магчымасьці Wildberries не параўнаць зь беларускім рытэйлам.

Заснавальніца маркетплэйсу Wildberries Тацяна Кім (справа) на сутрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, 17 лютага 2025 году
Заснавальніца маркетплэйсу Wildberries Тацяна Кім (справа) на сутрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, 17 лютага 2025 году

— Зараз прадстаўнікі эканамічных уладаў даволі часта гавораць пра цэны. Відавочна, што адміністрацыйнае дзяржаўнае стрымліваньне цэнаў пагаршае стан прадпрыемстваў, але абмяжоўвае інфляцыю. На які варыянт, па-вашаму, пойдзе ўлада ў найбліжэйшыя месяцы: далей усімі сіламі стрымліваць цэны ці адпусьціць іх?

— Ужо ў канцы 2024 году гучалі заявы чыноўнікаў пра тое, што распрацоўваюцца мэханізмы дзеля аслабленьня жорсткага рэгуляваньня цэнаў на тавары, уведзенага некалькі гадоў таму. Але, відаць, пакуль канчаткова ня вырашылі, паводле якой схемы гэта будзе працаваць.

Цэны і цяпер паступова растуць, але пакуль выключна ў дазволеных жорсткіх межах. Далейшае захаваньне такога моцнага рэгуляваньня цэнаў вельмі кепска адбіваецца на стане прадпрыемстваў і ў цэлым на эканоміцы. У 2024 годзе эфэктыўнасьць працы кампаніяў, асабліва ў гандлі, рэзка зьнізілася.

Па-другое, рэгуляваньне патрабуе пэўных выдаткаў і з боку дзяржаўных структураў — колькі сілаў трэба траціць, каб усё кантраляваць і правяраць.

Таксама, зважаючы на запавольваньне цэнаў у Расеі, у Беларусі могуць пачаць мяняць гэтае рэгуляваньне. Ня тое каб цалкам яго скасаваць, але зьмякчыць у значнай ступені. А каб не было ўсплёску цэнаў, улады прымаюць пэўныя захады. Напрыклад, нядаўна ўведзены кантроль над цэнамі на паслугі ў прыватнай мэдыцыне ды іншыя нарматыўныя акты.

— Курс беларускага рубля нечакана для многіх апошнімі днямі ўмацоўваецца. Відавочна, гэта адбываецца ўсьлед за ўмацаваньнем расейскага рубля на фоне палітычных навінаў пра перамовы паміж Расеяй і ЗША. Якім можа быць прагноз на бліжэйшы час?

— Адзін варыянт — калі ў выніку нейкіх перамоўных працэсаў будуць часткова скасаваныя пэўныя санкцыі супраць Расеі. Тады расейскі рубель працягне часова ўмацоўвацца. Зь іншага боку, магчымае аслабленьне санкцыяў можа павялічыць імпарт. У кожным разе, магчымыя хістаньні курсу ў залежнасьці ад палітычных навінаў.

Можна сказаць, што цяперашняе часовае ўмацаваньне беларускага рубля не падмацавана ніякай моцнай эканамічнай базай. Гэта адбылося выключна на фоне пазытыўных палітычных чаканьняў. Адмоўнае сальда беларускага замежнага гандлю павялічваецца, у сьнежні яно даволі моцна падскочыла.

Пакуль суадносіны экспарту-імпарту застаюцца на карысьць імпарту, і гэтая розьніца павялічваецца, — гэта аб'ектыўна стварае рызыкі зьніжэньня курсу беларускага рубля.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG