Суразмоўца праваабаронцаў «Вясны» Мікалай (імя зьмененае дзеля бясьпекі) падзяліўся ўспамінамі пра менскі ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў) на завулку Акрэсьціна. У сумнавядомай вязьніцы Мікалай тройчы з 2020 году адбываў пакараньні за палітыку і можа параўнаць умовы й дакладна вызначыць, як яны пагаршаліся.
2020: хлёркі яшчэ не лілі на падлогу
У верасьні 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Мікалая затрымалі на маршы і асудзілі на 10 содняў адміністрацыйнага арышту. Справу разглядала судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Вікторыя Шабуня, якая ўжо тады была пад санкцыямі Эўразьвязу за ўдзел у палітычных рэпрэсіях. Ёй Мікалай расказаў пра катаваньні, ад якіх пацярпеў адразу пасьля затрыманьня, але вынікам стала толькі тое, што да яго ў камэру прыйшлі сілавікі і пагражалі завядзеньнем крымінальнай справы. Пасьля суду Мікалая закінулі ў ЦІП. Былы палітвязень адзначае, што ўмовы ў камэры былі на цяперашнія меркі зноснымі.
«Усе збольшага ветлівыя, перадачкі для арыштаваных прымаюць. І гігіену, і ежу, і кнігі, і часопісы. Валянтэры неяк перадалі нам сканворды „Вялікая клетка“. Але ў камэры ні алоўкаў, ні асадак не было, бо нельга. Тады мы адломлівалі кавалачкі шакаляду, абгортвалі туалетнай паперай, каб не раставалі ў руках, і так вось і запаўнялі клеткі ў сканвордах. Такое вось „лакшэры“ яшчэ здаралася на той час. Тады ў ЦІП яшчэ і пасьцельная бялізна была ў камэрах, і ніякай хлёркі не лілі на падлогу. Нас у пяцімеснай камэры знаходзілася пяць чалавек», — згадаў Мікалай.
На ягоную думку, тады супрацоўнікі вязьніцы на Акрэсьціна не былі ўпэўненыя, якімі будуць наступныя дні, і таму некаторыя асьцярожнічалі ў абыходжаньні з вязьнямі.
2022: У камэры падсялялі бяздомных ці алькаголікаў
Праз два гады Мікалай сутыкнуўся з больш жорсткімі парадкамі і ўмовамі.
«Закінулі ў гэтак званую „кантрольную хату“ на першым паверсе. Тут ужо сытуацыя памянялася. Камэра была перапоўненая, умывальнік зламаны, увесь час цякла на падлогу вада. Атрымаў на гэты раз 14 содняў. Пасялілі мяне ў 20-ю ці 22-ю камэру. Там 20 чалавек, усе разьдзетыя, бо сьпёка і на вуліцы, і ў камэры. А камэра разьлічаная была на чатырох.
Нам спэцыяльна падкідвалі бяздомных ці алькаголікаў, каб яны начамі не давалі адпачыць, „рабілі нам нэрвы“. Даводзілася спаць на драўлянай падлозе, бо ўжо не было матрацаў, а на мэталічных пласьцінах доўга ня вытрымаеш.
На калідоры дзяжурылі дзьве жанчыны — „прадольныя“. Адна добрая, другая злая. У добрай можна было выпрасіць туалетнай паперы і кавалачак „акрэсьцінскага“ мыла. Яна магла нават падказаць, у каго ў дакумэнтах ёсьць пазнака „перазатрыманьне“. Гэта калі ты выходзіш, а на цябе складаюць новы пратакол і зноў на „суткі“. Ужо ў 2022 годзе арыштаваных будзілі начамі на праверкі або грукалі дубінкамі па „тармазах“ (дзьверы ў камэру). Каб мы „падрываліся“ — ня спалі», — згадаў былы вязень Акрэсьціна Мікалай.
Паводле Мікалая, у 2022 годзе ён яшчэ не спазнаў на сваёй скуры, што такое клапы ў камэры.
2024: «Думалі, што нас зжаруць клапы»
Новая рэальнасьць пагрукалася ў жніўні 2024 году, калі Мікалай зноў трапіў у той жа ЦІП праз тое, што ўдзельнічаў у некалькіх публічных акцыях.
«Ізноў атрымаў 15 содняў, нібыта хуліганіў. Пасьля суду зьмясьцілі ў ЦІП, у самую жорсткую „кічу“, камэру № 6, дзе адкідныя шконкі.
Што там зьмянілася за два гады? Зьявіліся клапы і тараканы, але была нарэшце гарачая вада. Спаў на падлозе і раніцай быў моцна пакусаны. Там ужо на кафэльную падлогу ваўсю лілі хлёрку. Гэтая прэс-хата была перапоўненая, шмат было бяздомных. Ракавіны не было, вада цякла з крана, умантаванага ў сьцяну.
Мне апавядалі, што ежу развозіла дзіўная жанчына, якая магла проста выліць суп апалонікам праз „кармушку“ на падлогу камэры: „Вось вам, ежце!“
Спаць не дазвалялі нават стоячы, прытуліўшыся да сьцяны. Калі заўважыць „прадольны“ — то маглі пакараць усіх стаяньнем на паўдня.
У шостай камэры было шмат тараканаў, і добра, што яны не кусаюцца.
Празь некалькі дзён перавялі ў звычайную камэру, у 20-ю, дзе я ўжо быў два гады таму. Камэру раніцай „шманалі“ маладыя дзяўчаты-„прадольныя“ — прастуквалі дубінкамі сьценкі і драўляныя рэчы. Нашы рэчы раскідвалі па падлозе.
У 2024 „прадольныя“ больш з арыштаванымі не размаўлялі, маглі толькі гыркнуць на некага. Нават запытаеш, каторая гадзіна — то не адказваюць.
Публіка была больш разнастайная: дробныя злодзеі, хуліганы, затрыманыя за выпадковыя падпіскі. Многіх перазатрымлівалі з формулай 15 +15 +15 содняў», — расказаў Мікалай праваабаронцам «Вясны». Паводле мужчыны, найбольшай бядой сталі клапы ў камэры.
«Больш за ўсё мы наракалі на шматлікіх клапоў. Толькі засьнеш — і праз хвілін 15 адчуваеш, як яны цябе ўжо паўсюль грызуць. Некалькі разоў „прадольныя“ на ноч вырубалі сьвятло. Здавалася ж, гэта выдатна. Але мы прасілі, каб уключалі, інакш памром, нас зжаруць клапы. А так, пры сьвятле, іх можна душыць. На дзень клапы некуды хаваліся. Камусьці перадавалі нейкую пасту, якой мазаліся ад укусаў», — згадаў Мікалай.
Паводле Мікалая, па вызваленьні з Акрэсьціна ад яго не адчапіліся, супрацоўнікі КДБ выклікалі на размовы, схілялі да супрацоўніцтва, пагражаючы крымінальнай справай. Спачатку мужчына хаваўся ў знаёмых, а потым увогуле зьехаў за мяжу.
Форум