Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама меней 33 чалавекі ў Беларусі накіравалі на прымусовае лячэньне з палітычных матываў, — праваабаронцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ўжо пяты год працягваюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі. Некаторых нязгодных з палітыкай рэжыму Лукашэнкі судзяць у крымінальным парадку як «асобаў, якія зьдзейсьнілі грамадзка-небясьпечнае дзеяньне». Паводле падлікаў «Вясны», да прымусовага лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары з палітычных матываў за гэты час накіравалі сама меней 33 чалавекі.

Сярод 33 чалавек, накіраваных на прымусовае лячэньне паводле палітычных артыкулаў, пра якіх вядома праваабаронцам, 8 зь іх ужо вызваленыя. Цяпер прымусовае лячэньне ў Беларусі праходзяць сама меней 23 чалавекі, прызнаныя палітзьняволенымі.

Іх судзілі як «асобаў, якія зьдзейсьнілі грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бесьсьвядомасьці або якія захварэлі пасьля зьдзяйсьненьня злачынства псыхічным разладам (захворваньнем)» (п. 13 арт. 6 КПК). Такія справы разглядаюць у закрытых рэжымах, адзначаюць праваабаронцы.

Самая вядомая зь іх — Марыя Ўсьпенская, жонка забітага кадэбістам тры гады таму Андрэя Зельцара. У чэрвені 2022 году за «саўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка» паводле арт. 16 і п.п. 5 і 10, ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу ёй прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Яе судзілі як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне», таму на судзе інтарэсы Марыі прадстаўляла яе маці.

Паводле праваабаронцаў, у большасьці выпадкаў прызначэньне прымусовага ляячэньн ў псыхіятрычным стацыянары было зьвязанае з рэалізацыяй свабоды выказваньня думак, інакш кажучы, за камэнтары. Такіх справаў праваабаронцы налічылі 22. Сярод іх — грамадзянін Латвіі Дзьмітры Сіўко, якога накіравалі на прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Таксама за камэнтары паводле ч. 2 арт. 367 і арт. 188 Крымінальнага кодэксу накіраваны на прымусовае лекаваньне Валер Яроцкі, які неаднойчы быў назіральнікам на выбарах, а ў 2019-м стаў чэмпіёнам гораду па шахматах. У 2024 годзе за камэнтары паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на прымусовае лекаваньне накіравалі Нэлі Алфёраву, якую неаднойчы перасьледавалі ў адміністрацыйным парадку па палітычных матывах, у 2020 годзе яна была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах.

Самы пажылы зь вядомых «Вясне» зьняволеных у псыхіятрычнай лякарні — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка. Яго судзілі ў 2021 годзе за камэнтары пра Лукашэнку (арт. 368 КК). Пра яго цяпер няма ніякіх зьвестак, у тым ліку, ці жывы ён наогул.

За ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу на прымусовае лекаваньне накіравалі трох чалавек: Дар’ю Ляўко, Сьцяпана Іваноўскага, Фёдара Сарокіна.

Двух мужчын — Ігара Альхова з Гомля і Данііла Жарына з Магілёва — накіравалі на прымусовае лекаваньне за «замах на акт тэрарызму» (ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 289 КК). Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Ігар Альхоў нібыта хацеў «у мэтах перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку ўзарваць адміністрацыйны будынак у Гомлі» — яго накіравалі ў псыхіятрычны стацыянар са строгім наглядам. У сакавіку 2023 году суд разглядаў новую справу супраць яго па факце ўцёкаў з псыхіятрычнага стацыянару (ч. 1 арт. 413 Крымінальнага кодэксу). Данііла Жарына вінавацілі ў нападзе на будынак Магілёўскага інстытута МУС у чэрвені 2021 году: паводле сьледзтва, уначы нехта кінуў бутэльку з гаручым рэчывам ва ўваходныя дзьверы інстытуту. Жарыну прызначылі прымусовыя меры бясьпекі і прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам. Абодвух мужчын таксама ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

53-гадовую мінчанку Натальлю Манулу накіравалі на прымусовае лекаваньне за дапамогу палітвязьням. Яе справу паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) разглядалі ў Менскім гарадзкім судзе ў кастрычніку 2024 году.

У кастрычніку 2024 году паводле ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне ці падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу) судзілі 25-гадовага Аскера Алахвярдзіева. Яму прызначылі прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраньнем.

«У выпадку ўжываньня прымусовага лекаваньня ў псыхіятрычным стацыянары ў дачыненьні да асобаў, не небясьпечных для сябе і навакольных на момант ужываньня гэтых мераў, варта казаць пра адвольнае пазбаўленьне волі», — адзначае праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.

На гэтай падставе праваабарончая супольнасьць прызнае накіраваных на прымусовае лекаваньне палітычнымі зьняволенымі.

«У турме сядзець лягчэй», — праваабаронцы накіраваньне на прымусовае лекаваньне

Праваабаронца і дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі адзначае, што ўся псыхіятрычная дапамога ў Беларусі мае элемэнты прымусу, што супярэчыць правам чалавека і доказнай мэдыцыне. Пры гэтым, накіраваньне людзей на прымусовае лекаваньне — звычайная справа для беларускіх судоў.

«У псыхіятрычнай клініцы заўсёды асаблівы рэжым. Зладзіць там інкамунікада — звычайная справа. Гэта значыць абмежаваць зносіны чалавека са зьнешнім сьветам, асабліва калі яго лічаць парушальнікам рэжыму, ён адразу трапляе ў інкамунікада: ён мае зносіны максымум з санітарамі, лекарам і ўсё.

Пры гэтым, няма вонкавага назіраньня за гэтымі людзьмі. Таму нельга зразумець, які працэс лекаваньня, якія прэпараты прызначаюцца. Акрамя гэтага, немагчыма зладзіць альтэрнатыўную экспэртызу і паглядзець, ці правільныя прэпараты прызначаюцца. Таму што там усе прэпараты — псыхаактыўныя, яны ўплываюць на чалавечыя паводзіны, часам незваротна», — кажа ён.

Паводле Драздоўскага, атрымаць любую інфармацыю аб стане чалавека, якога накіравалі на прымусовае лекаваньне, практычна немагчыма. Праваабаронца адзначае, што людзі, якіх накіравалі на прымусовае лекаваньне, з прававога пункту гледжаньня, агулам знаходзяцца ў значна больш ушчэмленым стане, чым зьняволеныя.

«Таму што яны ня тое, каб пад амністыю трапіць ня могуць, яны нават ня могуць узяць ліст паперы і напісаць нешта, таму што ім яго могуць проста ня даць. (...) У псыхіятрычных установах значна горш, чым у турмах і калёніях, з пункту гледжаньня правоў. Скардзіцца куды-небудзь немагчыма. Тэрмін у пастанове суда не пазначаны — ён можа быць пажыцьцёвым, таму што дактары будуць казаць, што „мы цябе яшчэ ня вылечылі“. Атрымаць спатканьні, убачыць чалавека, перадаць пасылку — таксама практычна немагчыма», — тлумачыць ён.

Паводле праваабаронцы, людзі лічаць, што ў турме ці калёніі сядзець нашмат лягчэй, чым на псыхіятрычным прымусовым лекаваньні, і вельмі многія спрабуюць гэтага пазьбегнуць, нават на шкоду свайму здароўю. Таксама Драздоўскі падкрэсьлівае, што фармальна чалавеку нібыта дапамагаюць, таму і пра амністыю гаворкі быць ня можа, а «па сутнасьці прымусовае лекаваньне зьяўляецца пакараньнем чалавека, але называецца інакш».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG