Прэзэнтацыя 10 беларускіх кінапраектаў адбылася на Эўрапейскім кінарынку (EFM) Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю — адным з найбуйнейшых кінарынкаў сьвету. Такім чынам беларускія незалежныя кінематаграфісты намагаюцца шукаць фінансаваньне і партнэраў, ня маючы падтрыманьня ад сваёй краіны, піша Ірэна Кацяловіч з Бэрліну.
Сярод тых, хто выкладаў свае задумы, былі рэжысэры Ўлада Сянькова, Юры Сямашка, Андрэй Кашперскі зь Міхаілам Зуем.
«У праектаў добрыя шансы»
Эўрапейскі кінарынак Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю стаў пляцоўкай для такога кшталту падзеі трэці раз: Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) арганізуе тут прэзэнтацыю мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў беларускіх аўтараў, каб тыя шукалі фінансаваньне і патрэбных партнэраў на адным з найбуйнейшых кінарынкаў сьвету.
Пошук магчымасьцяў за мяжой — пакуль адзіны спосаб для незалежных беларускіх кінавытворцаў увайсьці ў кінаіндустрыю. Сёньня яны ня маюць шанцаў на стартавае фінансаваньне з боку беларускай дзяржавы, бо бюджэтныя грошы забірае «Беларусьфільм», а індустрыі кіно ў краіне не існуе. Гэта значыць, у перамовах з патэнцыйнымі партнэрамі ў Эўропе яны могуць прапанаваць ідэі ў фармаце «пітчынгу», але ня могуць прапанаваць зацьверджаны пачатковы бюджэт.
«Усё, што мы пакуль маем, — галовы, рукі, сэрца, — кажа сябра праўленьня BIFA кінаэкспэрт Ігар Сукманаў. — Прэзэнтацыяй мы намагаемся настроіць аўтараў на выключна прафэсійную хвалю, на тое, як гэта павінна выглядаць. У слове „пітчынг“ тут ёсьць пэўная дэкаратыўнасьць, бо выстава нашых талентаў базуецца на выключна аўтарскім „я“, але не на магутным прадусарскім апірышчы».
Сярод удзельнікаў пітчынгу ўжо знаныя беларускай публіцы аўтары Ўлада Сянькова, Нэла Агрэніч, Андрэй Кашперскі разам зь Міхаілам Зуем, Юры Сямашка, які прэзэнтаваў на Berlinale свой фільм «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава». Большасьць рэжысэраў дагэтуль здымалі кіно альбо за мікрабюджэт, альбо безь бюджэту.
«Думаю, у Эўропе, і ня толькі ў Эўропе, вялікая цікавасьць да таго, што робяць гэтыя рэжысэры, бо мы мала ведаем пра Беларусь і ня можам давяраць таму, што кажуць у навінах, — камэнтуе прадусар і кінаэкспэрт з Італіі Стэфана Тэальдзі. Разам з мэнтаркай Леэнай Пасанэн ён рыхтаваў аўтараў да прэзэнтацыі на EFM. — Яны добра ўпісваюцца ў кінарынак і ў іх добрыя шанцы, бо ўсіх цікавяць фільмы з рэальнасьці, якой яны ня ведаюць. Думаю, рынак будзе для гэтых рэжысэраў адкрыты, але знайсьці фінансаваньне няпроста, гэта ніколі не бывае лёгка».
Замужжа зь міліцыянтам і эміграцыя як тэмы беларускіх кінапраектаў
Эўрапейскай кінаіндустрыі беларускія рэжысэры прэзэнтавалі гісторыі з моцнай беларускай прысутнасьцю. Нэла Агрэніч працуе над кінапраектам «Жнівень» пра выклікі, зь якімі сужэнцы Ганна і міліцыянт Цімур сутыкаюцца ў часе масавых пратэстаў 2020 году. Цяжарная жанчына зазнае нянавісьць праз тое, што яе муж удзельнічаў у разгонах дэманстрацыяў, а пасьля сьведчыў супраць невінаватых людзей у судзе. Пасьля таго, як Ганну б’юць сілавікі і яна страчвае дзіця, жанчына далучаецца да пратэстаў, прыцягвае да сябе ўвагу аўтарытарнай сыстэмы і аказваецца несправядліва падсуднай. Сьведчыць супраць яе на судовым паседжаньні павінен Цімур.
Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй падалі праект камэдыйнага жудзіку «Суд мёртвых», дзе галоўную гераіню грае былая актрыса Купалаўскага тэатру Зоя Белахвосьцік. Паводле сюжэту, у Беларусі ўводзяць закон, які дазваляе судзіць мёртвых апанэнтаў рэжыму, каб канфіскаваць іхную маёмасьць, і ў краіне пачынаецца масавы суд над нябожчыкамі. У выніку прывіды асуджаных прыходзяць да судзьдзі Аляксандры, каб скласьці апэляцыю, а ў адказ на яе адмову забіваюць яе. Справу сваёй маці працягвае судзьдзя Дзіяна (яе грае дачка Зоі Белахвосьцік Валянціна Гарцуева). Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй ужо зьнялі кароткамэтражны камэдыйны горар на гэтую тэму і цяпер шукаюць фінансаваньня на «поўны мэтар».
Улада Сянькова працуе над эмігранцкай гісторыяй «Тры гады лістапада». Галоўная гераіня — беларуская рэжысэрка Яна, што ўцякае з краіны ад перасьледу. Перад ад’ездам 37-гадовая жанчына вымушана падпісаць паперу аб супрацы з КДБ, у выніку ў эміграцыі яна ўнікае кантактаў з дыяспарай, перажывае дэпрэсію і намагаецца аднавіць кар’еру ў кіно, працуючы масажысткай. Яна завязвае кантакт з 22-гадовым польскім рэпэрам Дамінікам, што здымае пакой у той жа кватэры, і ў выніку яны дапамагаюць адно аднаму перажыць асабістыя крызісы.
«Я бываю на многіх пітчынгах, яны бываюць такія нудныя, — падзяліўся Стэфана Тэальдзі пасьля падзеі. — А сёньняшнія ўдзельнікі не былі нуднымі ані сэкунды. Яны ўклалі шмат прафэсіяналізму ў спробу паказаць, якія фільмы хочуць зрабіць, і зрабілі гэта на высокім узроўні. Для мяне гэта стала дэманстрацыяй таго, што ім можна даверыць кінапраект. Для прадусараў, вядома, важна, каб гісторыя „зачапіла“, але яшчэ важней давяраць. У гэтым сэнсе нашыя ўдзельнікі зрабілі вельмі добрую працу».
Плян-мінімум і плян-максымум
Вынікі ўдзелу ў Эўрапейскім кінарынку для беларускіх рэжысэраў стануць відавочнымі з часам. Іх можа і ня быць, або ў лепшым выпадку некаторыя аўтары знойдуць партнэраў і змогуць разьвіваць свае кінапраекты далей. Пасьля леташняга пітчынгу на Эўрапейскім кінарынку нехта завязаў кантакты з прадусарамі, нехта знайшоў сабе здымачную каманду, а хтосьці дамовіўся аб супрацы з агентамі продажу.
«Калі я паехаў на свой першы міжнародны пітчынг, калегі папярэдзілі мяне, каб ня меў ілюзіі, што адразу знайду фінансаваньне, — кажа сябра праўленьня BIFA рэжысэр дакумэнтальнага кіно Андрэй Куціла. — Таму я ня быў расчараваны, калі сустрэчы ня скончыліся падпісаньнем кантракту. Такога кшталту імпрэзы дазваляюць прынамсі ўбачыць, чаго бракуе твайму праекту, каб пасьля людзі самі папрасіліся ў партнэры».
З гэтага гледзішча, паводле Андрэя Куцілы, важным вынікам удзелу ў кінарынку для аўтараў будзе выйсьці «не з набітымі грашыма кішэнямі, а з досьведам».
«Плян-максымум — знайсьці бюджэт для свайго фільму, — працягвае Андрэй Куціла. — Праўда, удзельнікі часта яго ўкладаюць бяз пляну-мінімум, без увагі на этапы, часам у два-тры гады, якія мусіш прайсьці, ня маючы ні капейкі. Плян-мінімум — каб людзі зарыентаваліся і, можа быць, паверылі ў сябе, убачыўшы, што такія ж маладыя аўтары ўжо ўдзельнічаюць у Berlinale».
Беларуская незалежная кінаакадэмія, прэзэнтаваная акурат на Эўрапейскім кінарынку Berlinale, ужо трэці раз арганізуе на гэтай пляцоўцы свой стэнд і імпрэзы. Такім чынам BIFA выконвае адну з сваіх задачаў — ствараць магчымасьці для незалежных кінавытворцаў.
Ірэна Кацяловіч для Радыё Свабода
Форум