Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка засьцярог бізнэс ад вываду грошай за мяжу і прапанаваў скласьці сьпіс «сумленных бізнэсоўцаў»


На сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай сфэры 17 лютага Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў спыніць вывядзеньне бізнэсам грошай за мяжу, і паабяцаў «жорстка падтрымліваць» прыватны бізнэс, які «сумленна працуе».

«Некаторыя, асабліва замежныя кампаніі, тут працуюць, людзі карачацца (ня толькі кіраўнікі), так, па-народнаму кажучы, зарабляюць грошы, а кіраўнікі выводзяць за мяжу. Калі хочаце нешта купіць за мяжой, дзеля Бога, давайце выпрацуем сыстэму, каб да вас ніхто не чапляўся. Але калі вы хаваеце за мяжой грошы, заробленыя тут, маё стаўленьне да вас якое павінна быць?» — заявіў Лукашэнка.

Ён заклікаў прадстаўнікоў бізнэсу «працаваць сумленна» і паабяцаў «жорстка падтрымліваць» прыватны бізнэс, які «сумленна працуе».

«Вы толькі скажыце, хто вам перашкаджае — галава адразу зьляціць зь любога, будзь ён у пагонах, без пагонаў ці дзяржаўны службоўца. Толькі скажыце, але самі вы павінны быць чыстыя і празрыстыя, як шкло. Вось адзінае, што я ад вас прашу. Ніхто ў вас бізнэс не адбярэ, ніхто вас нахіляць ня будзе, дзяліць нешта ня будзе. Гэта я вам гарантую», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Таксама Лукашэнка прапанаваў скласьці сьпіс «прыстойных, добрасумленных бізнэсоўцаў», якіх бы радзей правяралі кантрольныя органы.

«Давайце зробім і апублікуем сьпіс. Зьявіліся яшчэ два чалавекі — дадамо. Але дадзім каманду Камітэту дзяржкантролю і іншым, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, і падаткавікі нават, адзін раз на тры гады, — заявіў Лукашэнка і дадаў: — Але там павінна быць усё жалезабэтонна. Таму што сёньня не парушалі, заўтра — парушылі».

Кажучы на нарадзе аб празьмерных праверках бізнэсу з боку кантрольных органаў, Лукашэнка заклікаў паведамляць пра іх, бо «ніводзін інспэктар, як раней, кубак кавы да прадпрымальніка зайсьці ня можа выпіць; ён павінен атрымаць накіраваньне свайго кіраўніка пісьмова».

На сустрэчы, як адзначае прэс-служба Лукашэнкі, прысутнічалі «амаль два дзясяткі» прадстаўнікоў бізнэсу, сярод якіх кіраўнік сялянскай гаспадаркі «Спартан-Агра» Ігар Абрамчык, дырэктар УП «Тэхналіт» Аляксандар Бадзяка, дырэктар ТАА «ПожСнаб» Алег Дзярабін, заснавальніца маркетплэйсу Wildberries Тацяна Кім, кіраўнік машынабудаўнічага прадпрыемства «КОМПО» Валянцін Пікуль, дырэктар СТАА «АлюмінТэхна» Сяргей Дараднікаў, дырэктар УП «Вітбудтэхмаш» Андрэй Сідараў.

«Прашу зьвярнуць увагу найперш чыноўнікаў: у нас тут няма недзяржаўных прадпрыемстваў. У нас у краіне ёсьць прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасьці прадпрыемства. Недзяржаўных людзей тут няма», — заявіў Лукашэнка на нарадзе.

Паводле Лукашэнкі, прыватны бізнэс «фармуе палову ВУП, забясьпечвае 37% прамысловай вытворчасьці, менавіта на яго прыпадае траціна ўсіх інвэстыцыяў», таму дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя павінны «працаваць у роўных умовах».

  • Словы Лукашэнкі аб падтрымцы бізнэсу разыходзяцца з рэальнасьцю, адзначае «Позірк». Раней у Беларусі нацыяналізавалі некалькі буйных прыватных арганізацый. Так, у 2012 годзе кандытарскія прадпрыемствы «Камунарка» і «Спартак» на патрабаваньне Лукашэнкі вярнулі пад кантроль дзяржавы — на той момант значнай часткай акцыяў валодаў амэрыканскі інвэстар беларускага паходжаньня Марат Новікаў. Былы ўладальнік Менскага мотавелазавода і шклозавода «Ялізава» Аляксандар Мураўёў у 2017 годзе быў асуджаны да 11 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, пасьля яго затрыманьня Мотавелазавод перайшоў пад зьнешняе кіраваньне, а пазьней быў нацыяналізаваны.
  • Лукашэнка ўжо ня першы раз уздымае праблему вываду бізнэсоўцамі грошай за мяжу. У пачатку студзеня ён заявіў, што ўсё заробленае ў Беларусі «павінна заставацца ў краіне», а два тыдні таму на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі абурыўся, што замежныя інвэстары выводзяць дывідэнды за мяжу і паабяцаў «разабрацца» з урадам, які павінен быў блякаваць вывад сродкаў. Пазьней Генпракуратура паведаміла пра дзясяткі аштрафаваных топ-мэнэджараў 38 кампаніяў за выплату дывідэндаў акцыянэрам зь «недружалюбных краінаў».
  • Што да праверак бізнэсу, за студзень — верасень 2024 году падатковыя органы Беларусі па выніках 565 праверак дзейных суб’ектаў гаспадараньня паведамлялі пра выяўленьне 435 фактаў «агрэсіўнага ўхіленьня ад выплаты плацяжоў у бюджэт». 1 лістапада Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што па выніках праверак за 9 месяцаў 2024 году ўстанавіла 629 фактаў нявыплаты падаходнага падатку на агульную суму 74,7 мільёнаў рублёў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG