Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Трампа па Ўкраіне: украінцы дакладна будуць за сталом перамоваў, эўрапейцы — наўрад ці


Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне Кіт Келаг
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне Кіт Келаг

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне Кіт Келаг, адказваючы на ​​пытаньні на канфэрэнцыі па бясьпецы, якая праходзіць у Мюнхэне, заявіў, што Ўкраіна, без усялякага сумненьня, будзе за сталом перамоваў аб завяршэньні вайны, распачатай Расеяй супраць гэтай краіны.

Келаг пракамэнтаваў асьцярогі, якія гучаць у апошнія дні ў Кіеве і ў краінах ЭЗ, што Злучаныя Штаты і Расея будуць весьці двухбаковыя перамовы аб міры і паставяць Украіну і эўрапейскіх саюзьнікаў перад фактам.

«Вядома, украінцы будуць за сталом перамоваў», — заявіў Келаг. Наўпроставага ўдзелу ў перамовах прадстаўнікоў ЭЗ, як вынікае зь яго словаў, не прадугледжваецца. Пры гэтым, паводле слоў прадстаўніка прэзыдэнта ЗША, цяпер ён вядзе дыскусіі з эўрапейскімі лідэрамі і зьбірае іх прапановы, каб эўрапейскія інтарэсы таксама былі ўлічаны ў ходзе перагавораў.

Раней як лідэры ЭЗ, так і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўлялі, што прадстаўнікі ЭЗ павінны ўдзельнічаць у перамовах аб міры. Формула такіх перамоваў, аднак, да гэтага часу не вызначана. Келаг заявіў, што ў іх у любым выпадку павінны ўдзельнічаць Расея і Украіна, а таксама ЗША ў якасьці пасярэдніка. Па словах Келага, ён узяў на сябе абавязацельства падрыхтаваць такія перамовы на працягу 180 дзён. Вайна ж, паводле яго слоў, павінна завяршыцца на працягу года. Як зазначыў спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША, сам ён імкнецца працаваць як мага хутчэй, так, каб вынікі яго працы сталі бачныя ўжо праз некалькі тыдняў ці дзён, а не праз паўгоду. Гэта патрабаваньне прэзыдэнта Трампа, падкрэсьліў Келаг.

Келаг пацьвердзіў, што на будучым тыдні наведае Ўкраіну. Яго паездка ў Маскву не мяркуецца — паводле яго слоў, кантакты з Расеяй па даручэньні прэзыдэнта Дональда Трампа будзе падтрымліваць іншы спэцпрадстаўнік, Стывен Уіткоф.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG