Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на мюнхэнскай канфэрэнцыі: Вызваленьне палітвязьняў адбываецца праз ціск на рэжым


Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на Мюнхэнскай канфэрэнцыі.
Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на Мюнхэнскай канфэрэнцыі.

Вызваленьне палітзьняволеных Андрэя Кузьнечыка, Алены Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога не называецца, адбылося дзякуючы «скаардынаваным намаганьням амэрыканскага боку і беларускіх дэмакратычных сілаў».

Пра гэта заявіла лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская падчас дыскусіі на тэму рэпрэсій у рамках Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

«Мы сапраўды ўпарта працуем над вызваленьнем людзей. Але трэба разумець: вызваленьні адбываюцца не праз гуманнасьць [Аляксандра] Лукашэнкі. Гэта адбываецца праз ціск, які ўвесь час аказваецца на рэжым», — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Таксама Ціханоўская заявіла, што «скарачэньне фінансаваньня USAID (Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці. — „Позірк“.) моцна паўплывала на многія незалежныя СМІ Беларусі» у выгнаньні: «Гэтыя мэдыя апынуліся на мяжы зьнікненьня. Мы павінны разумець, што СМІ — гэта ня тыя праекты, якія можна прыпыніць на нейкі час. Супрацьстаяньне прапагандзе павінна весьціся штодня. Калі незалежныя галасы замаўчаць, іх месца тут жа зойме расейская і беларуская прапаганда».

Таксама Ціханоўская падкрэсьліла, што «толькі справядлівы мір у перамовах па Ўкраіне дасьць магчымасьць Беларусі і многім іншым краінам зьмяніцца да лепшага»: «Гэта таксама дасьць шанец Малдове, Грузіі, Армэніі».

«Калі Ўкраіна не пераможа ў гэтай вайне — гэта ўзмоцніць Пуціна, і нашыя найбліжэйшыя суседзі — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія — апынуцца пад самай вялікай пагрозай зьнікненьня», — дадала яна.

  • У рамках Мюнхэнскай канфэрэнцыі Ціханоўская бярэ ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў. За чатыры гады ўдзелу ў форуме яна ўпершыню выступіць на асноўнай сцэне.
  • Палітык удзельнічае ў працы форуму з 2022 года. У мінулым годзе экспэртная ініцыятыва iSANS арганізавала ў межах канфэрэнцыі круглы стол па Беларусі.
  • Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы (Münchener Sicherheitskonferenz, Munich Security Conference) — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца ў Мюнхэне (адміністрацыйны цэнтар Баварыі, поўдзень Германіі) з 1963 года.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG