Міжнародны фэстываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова праходзіць 13-ы раз, зь іх чацьвёрты ў Вільні. Фэстываль арганізаваны з удзелам Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭНу, Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў, Саюзу пісьменьнікаў Літвы, Праграмнай рада штотыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва».
Падчас фэствалю паэт Андрэй Хадановіч прачытаў вершы Міхася Стальцова. Удзельнікаў фэсту вітала старшыня Саюзу пісьменьнікаў Літвы Біруце Ёнушкайце-Аўгусьцінене. У выступе яна прыгадала адносна нядаўнія гады, калі была ўдзельніцай фэстывалю імя Міхася Стральцова ў Менску. Ужо тады, па словах літоўскай пісьменьніцы, мы ведалі і адчувалі, як складана і цяжка даводзіцца беларускім пісьменьнікам у іх змаганьні за родную мову. «На жаль, сёньня вы мусіце глядзець на сваю радзіму здалёк. Але пакуль вы, як птушкі, зьлятаецеся, каб пабыць разам, надзея застаецца», — зьвярнулася літоўская пісьменьніца да беларускіх калегаў.
Прагучалі таксама словы з пасланьня ад старшыні Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў Ані Гату. Паводле яе, «сытуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая, рэпрэсіі бязьлітасныя, як ніколі, і мы ведаем, што перамены ня прыйдуць без супрацоўніцтва і салідарнасьці. Швэдзкі саюз пісьменьнікаў цьвёрды ў сваёй падтрымцы беларускіх літаратараў», — зьвярнулася да ўдзельнікаў фэсту старшыня Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў Ані Гату.
Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай падзялілася сваёй запаветнай марай — каб фэст вярнуўся ў Менск і замежныя сябры беларускіх пісьменьнікаў змаглі б прыяжджаць на «гасьцінную зямлю Беларусі».
Дырэктар Беларускага радыё «Рацыя» Яўген Вапа ацаніў як вельмі важную справу тое, што беларусы паўсюль, дзе знаходзяцца, ствараюць гнёзды беларускай культуры, якім можна лічыць і фэст імя Міхася Стральцова.
«Калі будзе жыць беларускае слова, дык выжыве і Беларусь», — перакананы беларускі літаратар з Падляшша Яўген Вапа.
Паводле пісьменьніка Барыса Пятровіча, справа выдавецтва сучаснай беларускай літаратуры ў самой Беларусі цяпер праходзіць вельмі складана, лічаныя выдавецтвы рызыкуюць займацца гэтай працай, іншыя калі і выдаюць кнігі па-беларуску, дык толькі клясычную літаратуру. Таму, на думку Барыса Пятровіча, вельмі важна падтрымліваць такі фэст, як паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова, які «працягвае жыцьцё беларускай паэзіі».
Пасьля вітальных выступаў быў абвешчаны ляўрэат Прэміі Міхася Стральцова 2025 году. Імі стаў пісьменьнік і перакладчык Кастусь Цьвірка, ініцыятар сэрыі «Беларускі кнігазбор». Літаратары, якія выступалі пасьля абвяшчэньня імя ляўрэата, адзначылі ня толькі літаратурны талент Кастуся Цьвіркі, але ягоную неймаверную актыўнасьць як выдаўца і адданасьць беларускай справе.
«Сэрыяй „Беларускі кнігазбор“ ён адкрыў цэлы мацярык беларускай паэзіі, у тым ліку багатай паэзіі XIX стагодзьдзя. Выйшла 111 тамоў, якія ўсе прайшлі празь ягоныя рукі», — з захапленьнем адзначыў паэт і літаратар Міхась Скобла.
«На жаль, выданьне сэрыі спынена, падрыхтаваны том вершаў Алеся Разанава ў друк ня трапіў», – з сумам зазначыў паэт Андрэй Хадановіч.
Кастусю Цьвірку 91 год, паэт жыве ў Менску. На ўручэньне прэміі ён прыехаць ня змог.
Летась ляўрэатам прэміі Міхася Стральцова стаў паэт Усевалад Сьцебурака, які жыве ў Беларусі. На ўручэньне прэміі ён таксама не прыяжджаў.
Фэстываль «Вершы на асфальце» пачаў сваю працу ўвечары 13 лютага з прэзэнтацыі кнігі вершаў «Горад на гары». Гэта анталёгія сучаснай літоўскай паэзіі, перакладзеная на беларускую мову. У прэзэнтацыі бралі ўдзел літоўскія паэты і перакладчыкі Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багданайце, Мантас Балакаўскас, Уладас Бразюнас, Ліна Буйвідавічуце, Марус Бурокас, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Юргіта Яспаніце, Уладзімер Арлоў, Уладзіслаў Гарбацкі і Антанас А. Янінас.
Працягнецца фэстываль да нядзелі, 16 лютага, а субота, але самым насычаным на падзеі днём фэстываля будзе субота 15 лютага. Тады адбудзецца некалькі прэзэнтацыяў і творчых сустрэч аўтараў з чытачамі і наведнікамі фэстываля. У тым ліку заплянавана прэзэнтацыя кнігі «Алесь», прысьвечанай ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцу і палітзьняволенаму Алесю Бяляцкам. Таксама адбудуцца прэзэнтацыі кнігі Тацяны Нядбай «Там, за сцяной», кнігі перакладаў на беларускую мову вершаў славацкага паэта Паўла Орсага Гвездаслава «Крывавыя санеты». У другой палове дня наведнікаў фэстыываля чакае прэзентацыя музычнай праграмы на вершы Надзеі Артымовіч, а пра новыя кнігі выдавецтва Kamunikat.org наведнікам фэстываля раскажуць выдавец Яраслаў Іванюк і пісьменьнік Уладзімір Арлоў.
Таксама 15 лютага на пляцоўцы фэстываля ў клюбе Paviljonas, па адрасе Pylimo g. 21 свае вершы прачытаюць ранейшая ляўрэатка Прэміі Стральцова Антаніна Хатэнка, паэткі Наста Кудасава, Ганна Шакель і Дар’я Бялькевіч. З удзелам сяброў рэдакцыі і аўтараў альманаха «Апостраф» пройдзе абмеркаваньне новага нумару папулярнага літаратурнага выданьня.
Завершыць праграму дня канцэрт гурту «Syndrom Samazvanca».
З 13:00 у суботу і нядзелю ў клюбе будзе працаваць кніжны кірмаш, на якім будуць гандляваць незалежныя беларускія выдавецтвы і распаўсюднікі.
Форум