Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуэт з польска-беларускага памежжа, які сьпявае на падляскай гаворцы, заняў другое месца ў польскім фінале Эўравізіі


Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук
Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук

Артысты Sw@da x Niczos з Падляшша не змаглі перамагчы ў польскім фінале «Эўравізіі», які прайшоў 14 лютага ў Варшаве. Першае месца заняла сьпявачка Юстына Стэчкоўска. Упершыню яна прымала ўдзел у адборы Эўравізіі ў 1995 годзе.

Гурт у складзе сьпявачкі Нікі Юрчук (Niczos) і прадусара Віктара Шчыгела (Sw@da)змагаўся зь іншымі 10 прэтэндэнтамі, якіх папярэдне вызначыла журы. Пераможцу ў фінале абіралі гледачы галасаваньнем.

Дуэт Sw@da x Niczos паўстаў у 2019 годзе. Але папулярнасьць здабыў каля году таму. Ён адметны моваю сьпеваў, блізкаю да падляскай гаворкі, з рысамі беларускай, а таксама ўкраінскай, польскай, расейскай моваў. Ня раз дуэт выступаў на беларускіх фэстывалях у Польшчы.

Удзел падляскага калектыву ў «Эўравізіі» выклікаў рэзананс у Польшчы. Многія палякі ўпершыню даведаліся пра існаваньне падляскіх гаворак, якія кепска разумеюць жыхары іншых рэгіёнаў Польшчы. У мэдыя пачаліся дыскусіі, на якой мове сьпявае дуэт, ці яна ўвогуле існуе, а таксама ці можа гурт, які сьпявае на дыялекце, прадстаўляць краіну на міжнародным конкурсе.

Салістка гурту Ніка Юрчук мае сувязі зь Беларусьсю. Яна паходзіць з мястэчка Бельск Падляскі, што за 50 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю. Называе сябе «тутэйшай». У школе вучыла беларускую мову. Гаворку вывучыла ў фальклёрным калектыве падляскіх беларусаў «Жэмэрва», дзе сьпявала, грала, танцавала зь дзяцінства. Зь ім шмат разоў езьдзіла ў Беларусь — на Палесьсе, у фальклёрныя экспэдыцыі і на выступы. Ніка грае таксама ў беларуска-польскім традыцыйным калектыве «Гайда Банда».

Ніка Юрчук
Ніка Юрчук

Дзяўчына піша тэксты для дуэту Sw@da x Niczos, дзе зьмешвае розныя падляскія гаворкі і літаратурную беларускую мову. Дуэт супрацоўнічае зь беларускімі артыстамі, здымае разам зь імі кліпы. Многія строі для дуэту, у тым ліку тыя, у якіх яны выступалі ў польскім фінале Эўравізіі, стварыла рамесьніца родам зь Беларусі Вольга Этыка. Сьпявачка ня раз адзначала, што яны адчуваюць вялікую падтрымку фанаў зь Беларусі.

Міжнародны конкурс «Эўравізіі» пройдзе ў швайцарскім Базэлі сёлета 17 траўня.

Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша зноў перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад БССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG