Падазраваны грамадзянін Афганістану сказаў пра «матывацыю, якую я б ахарактарызаваў як рэлігійную», – сказала пракурор Габрыеле Тыльман падчас допыту. Яна дадала, што расьсьледаваньне пакуль ня выявіла яго сувязяў зь вядомымі ісламісцкімі экстрэмісцкімі групоўкамі.
Пракурорка падкрэсьліла, што расьсьледаваньне яшчэ на раньняй стадыі, але на гэты момант яна ўпэўненая, што напад адбыўся на ісламісцкім грунце. Паводле яе, папярэдні прагляд тэлефону і акаўнтаў у сацыяльных сетках падазраванага паказаў, што ён быў адкрыта рэлігійным. Тыльман таксама спаслалася на сьведчаньне паліцыі аб тым, што кіроўца крычаў «Алаху акбар!» па-арабску пасьля нападу, як доказ ягоных магчымых ісламісцкіх матываў.
13 лютага ў Мюнхэне кіроўца ўрэзаўся на сваёй машыне ў групу людзей. У выніку нападу пацярпелі 36 чалавек, паведаміў прадстаўнік паліцыі Мюнхэну. Двое пацярпелых у цяжкім стане, у тым ліку 2-гадовая дзяўчынка ў рэанімацыі.
З словаў Тыльман, падазраванаму пагражае 36 абвінавачаньняў у замаху на забойства.
Паводле паліцыі, мужчына прыехаў у Нямеччыну падлеткам у 2016 годзе, знаходзіўся ў краіне на падставе дзейнага дазволу на жыхарства, ня быў суджаны раней.
Форум