Сьцісла:
- Узьнікае цалкам новая рэчаіснасьць, у якой вымушаны будзе існаваць прыватны і замежны бізнэс. У такіх умовах бізнэс звычайна закрываецца і пераяжджае.
- Сілавікам не патрэбна эканамічная адукацыя. Іх цікавяць веды і ўменьні, як адабраць чужую ўласнасьць і падзяліць грошы.
- У Лукашэнкі застаецца падтрымка з боку Расеі — за тое, што Беларусь дапамагае абыходзіць санкцыі і пастаўляе ўсё, што патрэбна для ваеннай машыны.
- Разьлікі на тое, што беларусы, якія выехалі, масава вернуцца на радзіму, беспадстаўныя.
— Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Лукашэнка павінен прызначыць новы ўрад. Ці зьявяцца там новыя асобы? Які курс ад ураду будзе патрабавацца — пры тым, што ніякіх новых эканамічных задач ці ідэяў сам Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі не вылучаў?
— Лукашэнка фактычна абвесьціў элемэнты новай эканамічнай палітыкі. Згодна зь ёй, у краіне прыватны бізнэс павінен падпарадкавацца дзяржаўным чыноўнікам. Мясцовыя ўлады атрымаюць права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, як пра гэта заявіў Лукашэнка.
Па-другое, было заяўлена пра ідэю забараніць вываз прыбытку, які быў атрыманы ў Беларусі, замежнымі інвэстарамі. Гэта цалкам новая рэчаіснасьць, у якой апынецца прыватны і замежны бізнэс. І новаму ўраду давядзецца гэтыя ідэі нейкім спосабам рэалізоўваць.
— Дзеля гэтага спатрэбяцца новыя кадры? Ці старыя здольныя выконваць любыя новыя павароты эканамічнай палітыкі?
— Кадраў у Лукашэнкі хапае. Гэта адстаўныя сілавікі, міліцыянты, кадэбісты. Так званая новая лукашэнкаўская эліта. Гэтых людзей і будуць ставіць на галоўныя эканамічныя пасады, што ўжо актыўна адбываецца. Апроч таго, кожны мясцовы кіраўнік захоча паставіць сваіх людзей на цёплыя месцы. Так што з кіраўнічымі кадрамі праблем ня будзе.
Ці хопіць бізнэсу на ўсіх гэтых людзей — вось у чым пытаньне. Бо ў такіх умовах бізнэс звычайна закрываецца і пераяжджае. Калі ты ня маеш магчымасьці самастойна кіраваць уласным прадпрыемствам, навошта працаваць?
— Усё ж многія людзі сумняваюцца, што гэта ўсур’ёз. Бо ня раз бывала, што Лукашэнка агучвае нейкія свае звычайныя папулісцкія ідэі, а потым да яго прыходзяць дарадцы і тлумачаць, што зрабіць гэта немагчыма.
— Хутчэй за ўсё, ён ня проста так гэта сказаў. Гэта адлюстраваньне жаданьня нейкіх сілавікоў узяць пад кантроль прыватны бізнэс. Магчыма, што да яго прыйшлі і сказалі: «Мы выратавалі тваю ўладу, мы за гэта хочам узнагароду, падзяліся з намі кавалкамі бізнэсу».
— Трэнд апошніх гадоў — мілітарызацыя эканомікі, якая працуе на расейскія ваенныя замовы, удзел былых сілавікоў у кіраваньні рознымі эканамічнымі структурамі.
— Сілавікоў ставяць туды не для таго, каб яны нешта зараблялі, а каб кантралявалі фінансавыя плыні. Таму ім не патрэбна эканамічная адукацыя пра тое, як зарабіць. Ім патрэбныя веды і ўменьні, як адабраць маёмасьць і падзяліць грошы.
— Якія ў цэлым стратэгічныя пэрспэктывы ў беларускай эканомікі? Расейская эканоміка, і гэта ўжо афіцыйна пацьверджана, будзе тармазіцца, сёлета амаль ня будзе росту. Як гэта паўплывае на беларускі экспарт?
— Беларускай эканоміцы будзе цяжка расьці, бо ранейшага эфэкту «нізкай базы» ўжо ня будзе. Эканоміка і так перагрэтая. Для росту патрэбны інвэстыцыі, мадэрнізацыя, павялічэньне прадукцыйнасьці працы. Ніякіх прыкметаў таго, што гэта можа быць зроблена, няма. Эканоміка вычарпала свае рэсурсы экстэнсіўнага росту.
Гэта відаць па ўсіх цяперашніх эканамічных паказчыках, сярод якіх адмоўнае гандлёвае сальда, якое актыўна павялічваецца апошнія месяцы.
Але застаецца падтрымка з боку Расеі — у тым ліку за тое, што Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі і пастаўляе ўсё, што патрэбна для ваеннай машыны Расеі. Павольна будуць нарастаць сацыяльныя праблемы. Моладзь, адукаваныя кадры выяжджаюць, застаюцца пэнсіянэры.
— Як беларускія ўлады будуць вырашаюць праблему недахопу кадраў? Можа, паклічуць назад беларусаў, якія пакінулі краіну за апошнія гады? Ці зробяць стаўку на працоўных мігрантаў?
— Яны ўжо спрабуюць шукаць мігрантаў — індусаў, пакістанцаў. Але я ня думаю, што гэтыя людзі будуць імкнуцца застацца ў Беларусі. Калі яны і прыедуць у Беларусь, то гэта, найхутчэй, будзе для іх перавалачнай базай далей у Эўропу. Навошта ім беларускія заводы зь мізэрнымі заробкамі?
Што тычыцца беларусаў, якія выехалі, то зь іх мала хто вернецца. Прайшло ўжо даволі шмат часу, людзі знайшлі працу, прызвычаіліся. І гэта калі казаць пра тых, якія могуць прыехаць у Беларусь. Большасьць жа ня можа вярнуцца, бо адразу стане ахвярай рэпрэсіяў.
— На фоне магчымых перамоваў пра заканчэньне вайны паміж Украінай і Расеяй узьнікае пытаньне, што атрымае беларуская эканоміка, калі зь яе будуць зьнятыя санкцыі? Нагадаем, што ўведзеныя яны былі пераважна за падтрымку менскім рэжымам агрэсіі Расеі супраць Украіны.
— Я ня думаю, што санкцыі могуць быць скасаваныя вельмі хутка. Звычайна іх здымаюць павольна, гэта даволі доўгая і расьцягнутая ў часе працэдура. Даводзіцца ўзгадняць гэта ў розных ведамствах розных краінаў. Калі прыгадаць, колькі гадоў пасьля распаду СССР здымалі самыя разнастайныя санкцыі — дык на гэта пайшлі дзесяцігодзьдзі.
І зь Беларусьсю таксама не адразу будзе, нават калі гэты працэс пачнецца. Але пакуль у заходніх краінаў няма ніякіх прычынаў здымаць санкцыі з Лукашэнкі.
Форум