Беларуская мова — у Атлясе моваў пад пагрозай зьнікненьня UNESCO. Паводле афіцыйнага перапісу 2019 году, роднай беларускую назвалі 54% грамадзян Беларусі. На перапісе 1999 году такі ж адказ далі 73,7% жыхароў краіны. Па стане на 2019 год беларускую мовай хатняга ўжытку называлі 26%.
Расказваем гісторыю полькі Веранікі Камалі, якая вывучыла беларускую самастойна, хоць ейная прафэсія ніяк не зьвязаная зь філялёгіяй, а ў Беларусі яна ніколі не была.
Уцёкі ад бальшавікоў
26-гадовая Вераніка Камаля жыве ў горадзе Хшанаў на поўдні Польшчы, да Беларусі ад яе дома каля паўтысячы кілямэтраў. Нядаўна скончыла мэдычны ўнівэрсытэт, працуе лекарам-інтэрнам у мясцовым шпіталі. Вераніка кажа, што пасьля інтэрнатуры хацела б атрымаць спэцыялізацыю ў эндакрыналёгіі, тэрапіі або псыхіятрыі. Акрамя мэдыцыны, Вераніку цікавяць замежныя мовы, фальклёр, гісторыя і відэагульні.
Зь Беларусьсю суразмоўцу зьвязвае толькі адзін ланцужок: ейная прабабка разам са сваім бацькам, прапрадзедам Веранікі, прыехала ў Польшчу, калі бальшавікі нападалі на Слуцак. Гэта былі 20-я гады ХХ стагодзьдзя.
«Магчыма, гэта было правільнае рашэньне, бо падчас баёў з бальшавікамі ў Слуцку загінула вельмі шмат людзей», — кажа суразмоўца. Сама ж Вераніка ў Беларусі ні разу не была.
Па словах Веранікі, яе прапрадзед пасьля прыезду ў Польшчу працаваў дырэктарам школы.
«Мая прабабуля была ў Хшанаве гінэколягам. Выйшла замуж за майго прадзеда, які быў хірургам. Абое спрычыніліся да адкрыцьця новага шпіталя ў Хшанаве, дзе я цяпер працую», — расказала Вераніка.
Дзяўчына ня ведае, ці валодала ейная прабабка беларускай мовай.
«Паводле маёй бабулі, дома заўсёды карысталіся польскай. Але варта памятаць, што нават пасьля Першай сусьветнай вайны частка людзей, якія паходзілі зь беларускай шляхты, размаўляла па-польску. Гэта зусім не азначае, што яны ня ведалі беларускай мовы», — падкрэсьлівае Вераніка.
На мяжы зьнікненьня
Вераніка кажа, што на яе цікавасьць да Беларусі і беларускай мовы паўплывалі некалькі фактараў. Яшчэ ў школе і гімназіі яна цікавілася гісторыяй Рэчы Паспалітай і даведалася, што беларусы — гэта нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага, а само слова «літвін» зь цягам часу зьмяняла сваё значэньне.
Другім фактарам стала тое, што Вераніка пачала цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і. Ад бабулі даведалася, што яе маці, прабабка Веранікі, нарадзілася ў Слуцку, а прапрадзед быў дырэктарам школы. Гэтая інфармацыя ўзбудзіла ў ёй жаданьне даведацца больш пра тое, што знаходзіцца на ўсход ад Польшчы.
«Трэцім фактарам, які паўплываў на мяне, стала інфармацыя, што беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Раней мне здавалася, што ўсё проста. Я думала, што беларусы размаўляюць па-беларуску, як, напрыклад, палякі размаўляюць па-польску. Я была шакаваная, калі даведалася, што ў Беларусі большасьць людзей размаўляе па-расейску, а беларуская мова дыскрымінуецца на дзяржаўным узроўні»,— тлумачыць Вераніка.
Суразмоўца дадае, што пачала глыбей разумець становішча беларусаў і тое, з чым ім даводзіцца змагацца штодня. Вырашыла, што мусіць падтрымліваць беларускую мову і культуру.
«Беларусы шмат гадоў былі нашымі хаўрусьнікамі і сябрамі, і мы маем маральны абавязак падтрымаць іх у барацьбе за свабоду. Нашы краіны павінны мець добрыя стасункі на міжнароднай арэне. Гэта выгадна і для вас, і для нас. І гэта таксама натуральны ход рэчаў. Стагодзьдзі беларусы былі ў саюзе з палякамі, а не з расейцамі», — лічыць суразмоўца.
Вераніка дадае, што цікавасьць да Беларусі павялічылася пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
«У той час шмат беларусаў перайшлі на беларускую мову, яны пачалі падкрэсьліваць сваю асобнасьць ад Лукашэнкі, выкарыстоўваць нацыянальныя сымбалі. Вядома, такія людзі існавалі і раней, але пасьля пачатку вайны яны сталі больш прыкметнымі і актыўнымі ў сацыяльных сетках. Я пачала заўважаць шмат пазытыўных камэнтароў беларусаў пра Польшчу, пасябравала зь беларусамі», — кажа Вераніка.
Яна лічыць, што беларусы, якія прыяжджаюць у Польшчу, маюць пераважна апазыцыйныя Лукашэнку погляды. Гэта спэцыялісты, прафэсары, навукоўцы, студэнты, мастакі, актывісты.
«Людзі, якія хочуць працаваць, разьвівацца, вучаць польскую мову, шануюць нас, нашу культуру і гісторыю. Такія людзі — сапраўдны скарб для Польшчы! Яны заўсёды былі для мяне добрыя, ветлівыя, дапамагалі мне, і таму я таксама хацела іх неяк падтрымаць», — зазначыла Вераніка.
«Варта палепшыць доступ да курсаў для іншаземцаў»
Вераніка Камаля кажа, што вучыць беларускую мову па-аматарску. З гэтым ёсьць складанасьці з пункту гледжаньня даступнасьці матэрыялаў для навучаньня і магчымасьці знайсьці людзей, зь якімі можна было б папрактыкавацца. Не існуе бясплатных онлайн-курсаў беларускай мовы, такіх як, напрыклад, Duolingo.
«Вельмі цяжка знайсьці ютубэраў ці блогераў, якія вучылі б гэтай мове іншаземцаў. Мне было трохі прасьцей, бо я ўжо ведала расейскую і польскую мовы — я была знаёмая з кірыліцай, а веданьне польскай часта дазваляла мне зразумець сэнс сказа», — зазначыла суразмоўца.
Вераніка кажа, што карысталася дапамогай старонак у Instagram ці на YouTube, прызначаных для беларусаў, якія хочуць палепшыць сваё валоданьне мовай. Таксама папрасіла дапамогі ў суполцы беларусаў у Варшаве і атрымала шмат парадаў.
«Слухала беларускую музыку, чытала тэксты, допісы блогераў, глядзела відэа. Стараюся праводзіць час у беларускай частцы інтэрнэту, але, на жаль, праз тое, што звычайна толькі чытаю і пішу па-беларуску, маё вымаўленьне вельмі кепскае. Але ўсё ж я мела такі прывілей, што ўжо раней сутыкалася зь беларускай культурай. Мне цяжка ўявіць, каб вывучэньне беларускай мовы атрымалася ў чалавека, які нічога ня ведае пра беларускую культуру, ня ведае ніякай славянскай мовы, ня ўмее чытаць кірыліцы», — разважае Вераніка.
Яна лічыць, што яшчэ адна сфэра, над якой беларусам варта працаваць, гэта паляпшэньне доступу да матэрыялаў і курсаў беларускай мовы для іншаземцаў. Яшчэ адзін мінус — немагчыма проста паехаць у Беларусь, каб пабыць там некаторы час і такім чынам вывучыць мову.
«Бо ў Беларусі часьцей выкарыстоўваецца расейская мова, а беларуская дыскрымінуецца ўладамі», — дадала суразмоўца.
Вераніка зазначыла, што ўжо мае беларускіх сяброў. Яе знаёмыя беларусы — розныя людзі, з адукацыяй у розных галінах. Гэта студэнты, лекары, інфарматыкі, музыкі, мастакі, кіроўцы, спартоўцы.
Творы Міцкевіча, беларускія гурты
Вераніка пакуль не мела магчымасьці, як яна сама кажа, «глыбей занурыцца ў беларускую літаратуру». Больш ведае
тых мастакоў і паэтаў, якія важныя таксама для Польшчы. Такіх, як Адам Міцкевіч, напрыклад.
«Можна сказаць, што я вырасла на творах Адама Міцкевіча — мая мама часта цытавала яго вершы і паэмы. У школе ёй улюбёнай літаратурнай эпохай быў рамантызм, а „Пана Тадэвуша“ я выкарыстала на іспыце па польскай мове. Ведаю імёны найважнейшых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Такіх, як Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімер Караткевіч. Па-беларуску я чытала вершы Янкі Купалы», — расказала суразмоўца.
З музыкі ёй падабаюцца Tor Band, Dymna Lotva, NaviBand, Лявон Вольскі, «Разьбітае сэрца пацана», Iva Sativa, Dzieciuki, Маргарыта Ляўчук, Lity Taler. Вераніка лічыць, што музыка — адзін з найлепшых спосабаў вывучэньня мовы, бо яна яднае прыемнае з карысным.
Суразмоўца дадае, што ня мела магчымасьці глядзець беларускія фільмы, бо ёсьць праблема зь іх даступнасьцю ў Польшчы. Для яе адзін з найцяжэйшых аспэктаў беларускай мовы — націск у словах. У польскай націск звычайна падае на перадапошні склад. А ў беларускай мове ён можа падаць на розныя склады ў слове.
«Ад націску залежыць таксама правапіс, напрыклад, „не“ ператвараецца ў „ня“, таму я часта раблю памылкі ад таго, што не магу дакладна запомніць правільнага націску ў словах. Іншым складаным момантам зьяўляецца правапіс Тарашкевіча. Гэтыя правілы напісаныя па-беларуску і маюць словы, якіх не разумею, бо мае веданьне мовы занадта малое», — расказвае суразмоўца.
Для яе сытуацыю пагаршае тое, што самі беларусы карыстаюцца рознымі артаграфічнымі правіламі, часам нават у адным сказе.
«Таму трэба быць гатовым, што, чытаючы тэксты і камэнтары ў інтэрнэце, можна сустрэць мноства памылак, а ўсё ж такі гэта адзін са спосабаў, якім я вучуся», — заўважыла Вераніка.
Беларусам пажадана ня «рухаць» у Польшчы
Разважаючы пра падобнасьць і адметнасьць польскай і беларускай моваў, суразмоўца зазначае, што найбольш сьмешнае слова для палякаў у беларускай — гэта «рухацца».
«Для нас яно гучыць двухсэнсоўна і нават непрыстойна. Аднойчы з гэтым словам здарылася сьмешная сытуацыя. Мой знаёмы зь Беларусі сказаў кіроўцу па-польску: „Mamy mało czasu, musimy się r*chać“ ((„Маем мала часу, мусім [груба: займацца сэксам]. — РС“). Ёсьць іншыя словы, якія гучаць падобна, але маюць крыху іншае значэньне, напрыклад „дакладна“, „зараз“, „хіба“, „крама“, „склеп“», — пералічыла Вераніка.
Пра беларускія традыцыі яна даведваецца ад знаёмых, а таксама ад блогераў, якія расказваюць пра беларускую культуру ў інтэрнэце. Традыцыя, якая яе найбольш зьдзівіла — Дзяды.
«Гэтае сьвята вельмі добра вядомае ўсім палякам дзякуючы Адаму Міцкевічу. Аднак сёньня сьвята зьвязанае з памерлымі продкамі, называецца Ўсе Сьвятыя і Задушкі. Тым часам у Беларусі ўсё яшчэ выкарыстоўваецца назва Дзяды, а само сьвята моцна зьвязана зь беларускай апазыцыяй», — кажа Вераніка.
Суразмоўца гаворыць, што ў яе разьбіваецца сэрца, калі яна думае пра тое, што ўлады Беларусі спрабуюць зьнішчыць беларускую мову і культуру. Яна лічыць, што беларуская супольнасьць за мяжой павінна арганізоўваць як мага больш імпрэзаў, зьвязаных зь беларускай культурай. Вераніка просіць усіх сваіх беларускіх сяброў расказваць палякам пра сытуацыю ў краіне, пра яе гісторыю і традыцыі. Паводле яе, у польскім грамадзтве ёсьць людзі, якія ня маюць абсалютна ніякага ўяўленьня пра сытуацыю ў Беларусі.
«Для іх любоў да Беларусі раўняецца любові да Лукашэнкі. Таму так важна праводзіць асьветніцкія акцыі, скіраваныя на палякаў. Мне гэтага крыху бракуе. Беларусы рыхтуюць шмат імпрэзаў і мерапрыемстваў, але інфармацыю пра іх можна прачытаць толькі па-беларуску, часам па-ўкраінску, на беларускіх сайтах ці ў беларускіх групах у сацыяльных сетках. Інфармацыя пра гэтыя імпрэзы не даходзіць да палякаў, таму палякі не бяруць у іх удзелу», — патлумачыла суразмоўца.
Яна заўважыла, што на маршах беларусаў у Польшчы людзі звычайна нясуць беларускі нацыянальны сьцяг і сьцяг Украіны, але польскага сьцяга няма. Відаць банэры «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне», але банэру з надпісам «Niech Żyje Polska» няма. Вераніка лічыць гэта вялікай памылкай, бо праз гэта палякі могуць адчуваць сябе не запрошанымі ці выключанымі з гэтага мерапрыемства.
Сутыкненьне з хэйтам
Падпісчыкі Веранікі ў сацыяльных сетках — ейныя польскія знаёмыя, а таксама беларусы і іншыя мігранты з усходу ад польскай мяжы. У сваім блогу яна часта расказвае пра Польшчу, яе гісторыю і традыцыі, але таксама пра Беларусь.
«На жаль, за гэта я сутыкалася з хэйтам. Людзі часта пішуць мне, што я ня полька, а беларуска, якая нарадзілася ў Беларусі і што калі ў мяне была польская бабуля, то гэта ня робіць мяне полькай. Шмат каму цяжка паверыць, што полька можа вывучыць беларускую ці расейскую мову. Мяне таксама атакуюць боты Лукашэнкі і людзі, якія зьдзекуюцца з таго, што ў Беларусі ніхто не размаўляе па-беларуску і што гэтая мова не патрэбна... Але, на шчасьце, беларусы пазытыўна ўспрымаюць тое, што я раблю», — расказала Вераніка.
Палякі, зазначыла яна, ставяцца ці пазытыўна, ці нэўтральна.
«Мне здаецца, што, нягледзячы на тое, што ня кожнага цікавіць гісторыя і культура Беларусі, мне ўсё ж удалося паказаць многім людзям, што Беларусь — гэта ня проста марыянэтка Расеі: гэта старая краіна з шматвяковай гісторыяй і багатым традыцыямі, а беларусы — гэта народ, які ня раз змагаўся таксама за свабоду і веліч Польшчы», — падзялілася суразмоўца.
Яна лічыць, што культурна, гістарычна і мэнтальна палякі і беларусы — гэта два найбліжэйшыя народы, якія маюць агульных герояў, такіх як Касьцюшка, Каліноўскі, Плятэр. Агульных пісьменьнікаў і мастакоў, такіх як Міцкевіч, Марцінкевіч, Чачот, Манюшка, Сыракомля.
«Нашы народы сотні гадоў жылі разам у адной краіне, зьмешваліся паміж сабой, разам змагаліся за свабоду. Нашу ідэнтычнасьць сфармавалі тыя ж або падобныя гістарычныя падзеі. Таму лягічна, што мы маем падобны мэнталітэт і падобную сыстэму каштоўнасьцяў. Бачу ў нас падабенства нават у такіх банальных аспэктах, як нежаданьне пераходзіць пустую дарогу на чырвонае сьвятло. З розьніцы можна назваць тое, што беларусы больш спакойныя па характары, заўсёды ўраўнаважаныя, імкнуцца вырашаць кожную праблему дыпляматычным шляхам. Палякі больш нэрвовыя і нецярплівыя», — лічыць Вераніка.
Зь беларускіх СМІ яна чытае і глядзіць Радыё Свабода, «Белсат» і «Эўрарадыё».
«Аднаго разу пабачыла ролік у інстаграме нейкага беларускага СМІ. Ня памятаю назвы, але вядоўца казаў, што ў Польшчы няма мяса, а палякі галадаюць. Я вельмі доўга з гэтага сьмяялася», — дадала Вераніка.
У будучыні яна вельмі хацела б паехаць у Беларусь. Марыць пабачыць горад прабабулі — Слуцак. Таксама вельмі хацела б наведаць Менск, бо гэта сталіца. І Горадню — «бо там прыгожая архітэктура і можна нават знайсьці сьляды польскай культуры, а яшчэ Наваградак — места Міцкевіча».
Форум