Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць свайго канкурэнта, экс-прэзыдэнта і лідэра апазыцыі Парашэнкі


Пятро Парашэнка і Ўладзімір Зяленскі паціснулі адзін аднаму рукі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 4 сакавіка 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Пятро Парашэнка і Ўладзімір Зяленскі паціснулі адзін аднаму рукі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 4 сакавіка 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Да вайны супраць Пятра Парашэнкі завялі некалькі крымінальных спраў і праводзілі зь ім сьледчыя дзеяньні.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зацьвердзіў сваім указам рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць пяці грамадзян Украіны.

Як адзначаецца ў апублікаваным указе, пэрсанальныя санкцыі ўводзяцца супраць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, які ачольвае апазыцыйную фракцыю ў парлямэнце, супраць перададзенага ў Расею ў абмен на абаронцаў Марыюпалю Віктара Медзьведчука, а таксама супраць трох алігархаў — Ігара Каламойскага і ягонага колішняга бізнэс-партнэра Генадзя Багалюбава, а таксама Канстанціна Жэвагі.

Ігар Каламойскі, якога ва Ўкраіне называлі адным з спонсараў выбарчай кампаніі Ўладзіміра Зяленскага на выбарах прэзыдэнта ў 2019 годзе, зь верасьня 2023 году знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Яго абвінавачваюць у адмываньні грошай, вывадзе за мяжу каля 12,5 мільярда даляраў у пэрыяд з 2013 па 2020 год, у незаконным завалоданьні 233 мільёнамі даляраў «Прыватбанку» і ў арганізацыі заказнога забойства ў 2003 годзе.

Генадзя Багалюбава і Канстанціна Жэвагу, якія выехалі з Украіны, раней арыштавалі завочна.

Санкцыі ўвялі бестэрмінова. Яны прадугледжваюць пазбаўленьне дзяржаўных узнагарод, блякаваньне актываў, забарона на вывад актываў з Украіны і ўдзел у прыватызацыі, а таксама спыненьне гандлёвых апэрацый і транзыту рэсурсаў па тэрыторыі Ўкраіны.

Фонд, створаны Пятром Парашэнкам, з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня перадаў Узброеным сілам Украіны вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі больш як на 6 мільярдаў грыўняў (прыблізна 150 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). У партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» паведамлялі, што ягоныя прадпрыемствы ў часе вайны пералічылі ў бюджэт больш за 20 мільярдаў падаткаў, уключна з ПДВ, — амаль паўмільярда даляраў у эквіваленце.

Да вайны супраць Пятра Парашэнкі завялі некалькі крымінальных спраў і праводзілі зь ім сьледчыя дзеяньні. У 2021 годзе яму абвясьцілі аб падазрэньнях паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: фінансаваньне тэрарызму, дзяржаўная здрада і садзейнічаньне дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG