Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ілюзіяў варта пазбаўляцца, асабліва прыгожых», — Макс Шчур пра свой новы раман


Макс Шчур, архіўнае фота
Макс Шчур, архіўнае фота

Паэт, перакладнік, празаік Макс Шчур выдае новы раман «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе».

Пагаварылі зь ім пра аўтабіяграфічнасьць і інтымную шчырасьць двухтомніка, любоў і расчараваньне сучаснай Эўропай, беларускае замежнае літаратурнае жыцьцё ды самоту на эміграцыі.

Пра аб’ём і аўтабіяграфічнасьць новай кнігі

— Двухтомны раман — такога ў сучаснай беларускай прозе, здаецца, даўно не было. Вы сьвядома замахнуліся на такое аб’ёмнае, так бы мовіць, першынство?

— Не, так выйшла. На першынство не замахваюся. Гэта адна кніга, але з тэхнічных прычын яе немагчыма было выдаць адным томам. Таму мы з выдаўцом пагадзіліся, што падзелім на два. Паводле Блэйка: «Нявіннасьць» і «Досьвед» (каб не казаць «дасьведчанасьць»).

Двухтомнік Макса Шчура
Двухтомнік Макса Шчура

Кніга задумвалася як экспэрымэнт пад кодавай назвай «успомніць усё». Калі «Там, дзе нас няма» — татальны раман, дзеяньне якога адбываецца цягам двух дзён і які я пісаў пяць гадоў, то гэтая кніга — «тотал (п)рыкол». Яна ахоплівае 29 гадоў майго жыцьця і пісалася тры гады.

Так выйшла, што ў мяне даволі добрая памяць. Таму кніга і не магла мець меншы аб’ём. Зрэшты, так звычайна бывае ў выпадку ўспамінаў.

— Цяперашнія чытачы, за рэдкім выключэньнем, любяць кароткія тэксты. Чым зьбіраецеся трымаць іх увагу ня вечар-другі, а мо тыдзень ці нават месяц?

— Як сказаў мой цёзка Штырнэр, «я збудаваў свой твор на нічым». Значыць, не зьбіраюся трымаць нічым. Апрача максымальнай шчырасьці, на якую толькі здольны.

Паводле водгукаў ад маіх першых чытачоў і чытачак, кніга чытаецца надзвычай добра, часта на адным дыханьні. Я думаю, што іхную ўвагу найперш трымала тое, што яны знаходзілі ў маім аповедзе сябе. (Некаторыя нават літаральна, бо выступаюць там у якасьці пэрсанажаў.) То бок кожны чытач (-ка) «трымае» ў гэтай кнізе сябе сам (-а). Або не трымае.

Пра інтымную шчырасьць

— Выдаўцы пішуць, што аўтар ня ўтойвае ў рамане ніякіх біяграфічных падрабязнасьцяў, нават інтымных. Можаце нечым такім у выглядзе цытатаў заінтрыгаваць нашых чытачоў?

— Магу, але не хачу. Я не гандляр тканінай ці гароднінай, каб выхваляць свой тавар. Ніхто не абавязаны мне верыць. Калі нехта думае, што маёй мэтай ва ўспамінах было хлусіць або недагаворваць, няхай думае.

Зрэшты, цытат з кнігі ў сеціве ўжо хапае, у тым ліку на вашым сайце. Будзем лічыць, што ўсе цытаты, якія не пераходзяць межаў прыстойнасьці, я ўжо вычарпаў.

Гэтая кніга для тых, каго цікавіць эпоха 1980–2000-х. Для тых, хто тады жыў, і тых, хто не пасьпеў пажыць. Калі яны ўсур’ёз гэтым цікавяцца, кніга іх так ці іначай знойдзе.

Пра эпахальнасьць кнігі

— Першыя чытачы вашага раману кажуць, што ў ім за прыватным антуражам хаваецца партрэт эпохі. Якая яна, гэтая сучасная эпоха, у беларускім і глябальным маштабах?

— Сур’ёзнае пытаньне. Найперш, дзеяньне маёй кнігі заканчваецца амаль 20 гадоў таму, у 2006-м. То бок яна мае да сучаснасьці вельмі ўмоўнае дачыненьне. Хаця я і апісваю там пазьнейшыя абставіны, якія прывялі да яе напісаньня (гэта нечаканае атрыманьне прэміі Гедройця і беларускія падзеі 2020 году), але і іх ужо, мабыць, наўрад ці можна лічыць сучаснасьцю.

Макс Шчур
Макс Шчур

Па-другое, калі разумець сучаснасьць у больш шырокім і глябальным сэнсе, то я чалавек, у прынцыпе, несучасны, у пэўным сэнсе нават антысучасны. Пад сучаснасьцю ў гэтым выпадку я маю на ўвазе эпоху тэхнічнага пералому, у якую мы жывём. Менавіта гэты пералом я ўскосна і адлюстраваў у кнізе. Але найбольш мяне ўсё-ткі цікавіла датэхнічная, дасучасная эпоха, мінулае тысячагодзьдзе, тое, што я называю сваёй Belle Époque.

Пра любоў і расчараваньне Эўропай

— У адным з інтэрвію пару гадоў таму вы прызналіся, што расчараваліся ў Эўропе. Як паўплывала гэтае пачуцьцё на ваш новы раман?

— Мая кніга, зноў жа, не пра сучаснасьць, а найперш пра мінулае, калі я, наадварот, быў фанатычным вернікам Эўропы й Захаду. Таму я стараўся, каб пазьнейшае пачуцьцё расчараваньня (якое ёсьць заканамерным наступствам любога фанатызму) ня вельмі на мяне ўплывала.

Макс Шчур
Макс Шчур

З другога боку, у кнізе хапае адсылак да будызму, яна, можна сказаць, на іх пабудаваная, даруйце за калямбур. Але нейкай праграмнай крытыкі эўрапейскасьці (як у «Завяршыць гештальт») там няма. Хіба толькі крышку ў дачыненьні краіны, якую я называю Кафканія, грамадзянінам якой зьяўляюся і ў якой жыву большасьць жыцьця.

Не магу сказаць, што я сёньня расчараваны Эўропай ці зачараваны чымсьці іншым. Ілюзіяў варта пазбаўляцца, асабліва прыгожых.

Пра самапіяр і няздольнасьць да яго

— Беларускае літаратурнае жыцьцё ў Эўропе пасьля 2020-га рэзка актывізавалася. Новыя кнігі, выдавецтвы, літаратурныя фэсты, аўтарскія сустрэчы. Такое ўражаньне, што беларускія пісьменьнікі, засумаваўшы дома, як тыя коні ля карчмы, вырваўшыся ў вялікі сьвет, рэзка ўзялі ў галёп. Як гэта бачыцца і што з гэтай нагоды думаецца літаратару з эмігранцкім стажам больш як у чвэрць стагодзьдзя?

— Мяне гэта ўсё амаль ня тычыцца, як ня тычылася і да 2020 году. Калі ўжо іначай нельга, то я хацеў бы, каб мая творчасьць была часткай літаратуры, а ня нейкага «літаратурнага жыцьця». Камусьці ў ім камфортна, мне — не. На жаль, сучасны імпэратыў няспыннага самапіяру і мая аб’ектыўная няздольнасьць гуляць у гульню «літаратурнага жыцьця» (з прычыны маіх даўніх псыхічных праблем, пра якія я таксама адкрыта пішу ў кнізе) адбіваюцца на рэцэпцыі маіх твораў. Што ж, абы не на якасьці.

Пра стасункі з выдаўцамі і збор сродкаў на новы раман

— А ці паўплывала (а калі паўплывала, то якім чынам) масавая эміграцыя літаратараў і кнігавыдаўцоў зь Беларусі на ваша асабістае творчае жыцьцё?

— Не паўплывала. Хіба толькі ў тым, што я часьцей стаў бачыць некаторых сваіх сяброў і сябровак, якія выехалі за мяжу. У тым ліку з шэрагу літаратараў. Зь некаторымі сябрамі й сяброўкамі пабачыліся літаральна праз 20 гадоў. А вось тых, хто застаецца ў Беларусі, наадварот, даўно ня бачыў.

Выдаўцоў за мяжой сапраўды пабольшала, ад некаторых зь іх я нават маю прапановы, напрыклад перавыдаць «Завяршыць гештальт» (прэмія Гедройця 2016 году) або запісаць «Там, дзе нас няма» як аўдыёкнігу.

Але збольшага і далей спадзяюся на сябе. Як бачыце, для выданьня ўспамінаў давялося заснаваць ініцыятыву SayBeat. Не наракаю: калі ў выдаўцоў іншыя прыярытэты, гэта іхнае права.

Макс Шчур і Івонка Сурвіла, архіўнае фота
Макс Шчур і Івонка Сурвіла, архіўнае фота

Вельмі ўдзячны ўсім тым, хто падтрымаў збор сродкаў на выданьне ўспамінаў на плятформе «Гронка» — фінансава або інфармацыйна. (Калі вы не ў Беларусі, то можаце яшчэ далучыцца: да канца збору застаецца некалькі дзён.) Гэта мой першы досьвед беларускага краўдфандынгу. Лічу, што кампанія дасягнула посьпеху, за што і дзякую камандзе «Гронкі», сваім сябрам-інфлюэнсэрам (Максіму Жбанкову, Алесю Плотку, Аляксандру Чарнуху, Зьмітру Лукашуку, Насьце Кудасавай, Дзянісу Дудзінскаму й іншым), а таксама ўсім спонсарам.

— Калі і дзе будуць прэзэнтацыі вашага новага раману?

— Прэзэнтацыі (раз ужо мы гуляем у «літаратурнае жыцьцё») будуць найперш у Празе, дзе я жыву. Будуць, спадзяюся, і іншыя. Але канкрэтна пакуль нічога не заплянавана — цяпер толькі працуем над вёрсткай другога тома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG